Фестываль AD.NAK! — у рэчышчы сусветных трэндаў
Чацвёрты Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! падвёў вынікі развіцця беларускамоўнага рэкламнага рынку...
Чацвёрты Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! падвёў вынікі развіцця беларускамоўнага рэкламнага рынку і вызначыў лепшых. Цырымонія ўзнагароджання аўтараў найлепшых работаў, пададзеных сёлета на фестываль AD.NAK!, адбылася 27 чэрвеня ў Мінску ў Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Рау (IBB).
Урачыстай цырымоніі ўзнагароджання папярэднічала шырокая адукацыйная праграма, дзе ў якасці спікераў былі майстры рэкламы не толькі з Беларусі, але і з далёкай Японіі. Адметнасцю сёлетняга фестывалю стала двухгадзінная лекцыя творчага дырэктара японскага агенцтва PARTY, уладальніка канскага Залатога льва Канта Сімідзу (Qanta Shimizu). Прафесіянал японскай рэкламнай індустрыі распавёў удзельнікам Фестывалю пра тое, як захаваць нацыянальнасць рэкламы ў глабальным свеце на прыкладзе Японіі.
Сёлета на Фестываль AD.NAK! было пададзена 314 работ ад 105 удзельнікаў. Да прыкладу, у 2012 годзе было пададзена 330 работ ад 110 удзельнікаў, у 2011 годзе — 272 работы ад 100 удзельнікаў, а ў 2010 годзе — 105 работ ад 59 удзельнікаў. Прычым сёлета геаграфія ўдзельнікаў пашырылася. Акрамя беларускіх рэкламных агенцтваў свае работы на Фестываль даслалі таксама літоўскія рэкламісты.
"З радасцю адзначаю, што якасць конкурсных работ удзельнікаў фестывалю штогод паляпшаецца. Больш за тое, калі раней у фестывалі бралі ўдзел у большасці невялікія рэкламныя агенцтвы, то сёлета можна сказаць пра ўстойлівы інтарэс да фестывалю з боку буйных удзельнікаў рэкламнага рынку. Адметнасцю нашага фестывалю штогод з’яўляецца арыентацыя на сацыяльную і грамадскую значнасць праектаў, цікава, што ў гэтым годзе на “Канскіх львах” золата атрымалі ў асноўным сацыяльныя праекты, таму сёння мы можам казаць пра адпаведнасць нашага фестывалю сусветным трэндам", — адзначыў Сяргей Скараход, кіраўнік рэсурсу Marketing.by, што з’яўляецца суарганізатарам фестывалю.
Сёлета журы Фестывалю AD.NAK! прысудзіла ажно два Гран-пры. Першае месца занялі 6 работ, другое — 23, трэцяе — 35 работ; у конкурснай праграме перамаглі 3 работы, адзін з самых паспяховых удзельнікаў фестывалю атрымаў спецыяльную ўзнагароду ад Кіеўскага міжнароднага фестывалю рэкламы. Пераможца вызначаны і ў антыпрэміі “Каша сувораўская”.
Поўны спіс пераможцаў Чацвёртага фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі будзе апублікаваны на сайце Фестывалю http://www.adnak.by/.
"Сёлетні — ужо чацвёрты — фестываль AD.NAK! дэманструе аксіёму: калі ты беларусаарыентаваны, ты ў трэндзе. Застаецца гэта ўсвядоміць і ўключыць асабістую выключнасць. Колькасць работ, пададзеных на фестываль, ажыятаж вакол адукацыйнай праграмы, прадуктыўная супольная праца з партнёрамі — сведчанне актуальнасці фестывалю. Мы спадзяемся, што, у тым ліку, і дзякуючы Фестывалю AD.NAK!, якаснай рэкламы па-беларуску становіцца болей, а культурніцкія праекты не толькі ствараюцца, але і даносяцца да спажыўца пры дапамозе найбольш эфектыўных сродкаў", — адзначыла Ніна Шыдлоўская, каардынатарка грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, што з’яўляецца ініцыятарам Фестывалю AD.NAK!
Аргкамітэт Чацвёртага фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! фіксуе ўстойлівы попыт на беларускамоўную рэкламу сярод спажыўцоў. У 2009 годзе 37% рэспандэнтаў, апытаных грамадскай культурніцкай кампаніяй "Будзьма беларусамі!", лічылі, што рэклама павінна быць па-беларуску. Ужо ў 2012 годзе за беларускамоўную рэкламу выступалі 55,6% рэспандэнтаў. Застаеццца спадзявацца, што меркаванне спажыўцоў будзе пачута ўдзельнікамі рэкламнага рынку, і якаснай беларускамоўнай рэкламы будзе з’яўляцца больш. У сваю чаргу вынікі Чацвёртага фествалю AD.NAK! сведчаць пра ўстойлівыя пазітыўныя тэндэнцыі ў развіцці гэтага сектара.
Фота Аляксандра Ждановіча
Обсудим?