Хто вызначыць лёс пераможцаў: журы сёмага фестывалю aDNaK! сфармаванае

Сёлета склад журы, як і ў мінулым годзе, абнавіўся амаль напалову.

Урачысты дзень сёмага фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі aDNaK! ужо хутка — 30 чэрвеня на тэрыторыі крэатыўнай прасторы "Корпус8". А падаць работы ўдзельнікі яшчэ могуць паспець да 10 чэрвеня. Пасля чаго абноўлены склад журы ў гарачых абмеркаваннях, дыскусіях, а часам і спрэчках вызначыць пераможцаў. І заўсёды цікава, хто ж тыя людзі, ад меркавання якіх залежыць твая перамога.

Хто будзе журыць?

Сёлета склад журы, як і ў мінулым годзе, абнавіўся амаль напалову, бо aDNaK! і ў гэтым прытрымліваецца стандартнай практыкі ўсіх прафесійных фестываляў рэкламы. Арганізатары фестывалю aDNaK! упэўненыя, што такая ратацыя сябраў журы, як і мінулыя гады, забяспечыць высокі ўзровень аб'ектыўнасці ацэнкі конкурсных работ. Журы склалі прадстаўнікі найбуйнейшых рэкламных агенцтваў Беларусі, вядомыя асобы з бізнесу і культуры, шоу-бізнесу і сродкаў масавай інфармацыі, а таксама аўтарытэтныя персоны з іншых сфераў.

Гэта кіраўнікі, крэатыўныя і арт-дырэктары найбуйнейшых рэкламных агенцтваў Беларусі: AIDA Pioneer Branding & Creative Company, Cuba Production, TDI Group, Leo Burnett Kryn, AVC (Agensy of visual of communications), Vondel, PRKVADRAT, Fabula Branding, прадакшн-студыі PLAY, NEFTBWA, Forte Grey Belarus, getbob digital agency, Salmon Graphics, студыя дызайнаў "Адліга", PRACTICA, EZERIN’COM і іншыя прафесіяналы рэкламна-камунікацыйнага рынку Беларусі.

У журы намінацый “Сацыяльная рэклама”, ”Грамадсказначныя праекты”, “Беларусаарыентаваны рэкламны і камунікацыйны праект” і “Каша сувораўская” ўвайшлі такія вядомыя асобы, як амбасадар МЗС Швецыі Стэфан Эрыксан, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, галоўны рэдактар газеты "Наша ніва" Андрэй Скурко, заснавальнік выдавецтва "Рыфтур" Сяргей Плыткевіч, культуролаг Юлія Чарняўская, мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі, трэнер мужчынскай прафесійнай баскетбольнай каманды "Цмокі-Мінск" Аляксандр Куль.

Менавіта яны і будуць, абапіраючыся на крытэры фестывалю, ацэньваць работы, пададзеныя ў кожную з намінацый.

Як будуць журыць?

Сурова, але справядліва. Бо досвед кожнага з сябраў журы дазваляе ацэньваць працу ў адпаведнасці з усімі фестывальнымі крытэрамі, і гэтаму якраз спрыяе сумесная праца прафесіяналаў рэкламнай і грамадскай сфераў.

Дарэчы, у адпаведнасці з правіламі фестывалю, кожны сябар журы мае права ўдзельнічаць у працы па некалькіх намінацыях.

Як стаць удзельнікам aDNaK!?

Стаць удзельнікам сёмага фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі aDNaK! яшчэ не позна. І ёсць некалькі варыянтаў трапіць у кола крэатыўных, прафесійных, камунікабельных людзей, якія ствара-юць адметны культурніцкі фон праз рэкламу.

Па-першае, ёсць яшчэ некалькі дзён, каб паспець падаць свае работы ў розныя намінацыі. І гэта могуць зрабіць не толькі тыя, хто займаецца бізнес-рэкламай, але і аўтары культурніцкіх і камунікацыйных праектаў.

Па-другое, любы неабыякавы і назіральны можа трапіць у фестывальнае кола, угледзеўшы і даслаўшы фота з прыкладамі непрафесійнай рэкламы ў спецыяльную антыпрэмію “Каша сувораўская”.

Дэдлайн падачы прац — 10 чэрвеня ўключна. І, што важна, удзел у Фестывалі, як заўсёды, бясплатны.

Усё, што неабходна зрабіць для ўдзелу ў фестывалі — зарэгістравацца на сайце, абраць неабходную намінацыю і паднамінацыю і запампаваць работу. У большасці намінацый прапануецца некалькі варыянтаў падачы работ. Каб лягчэй і хутчэй аформіць работу, у некаторых варыянтах удзельнікам прапануюцца гатовыя ўзоры, па якіх трэба іх афармляць.

У фестывальны дзень, 30 чэрвеня, у фармаце нон-стоп будзе праходзіць адметная адукацыйная праграма з удзелам беларускіх і замежных спецыялістаў. У ёй можна ўдзельнічаць безадносна падачы работ у намінацыі. Трэба толькі папярэдне зарэгістравацца праз сайт adnak.by. Адукацыйная праграма будзе апублікаваная неўзабаве на сайце фестывалю. А прыемным бонусам да новых ведаў стане магчымасць прысутнічаць на ўрачыстай цырымоніі.

Дапамагаючы aDNaK!, дапамагаем беларускай культуры

Фестываль aDNaK! — дастаткова буйное мерапрыемства, да ўсяго, удзел у ім для тых, хто падае працы і ўдзельнічае ў адукацыйнай праграме, бясплатны, і толькі партнёрскай дапамогі недастаткова, каб вырашыць усе арганізацыйныя пытанні!

Таму аргкамітэт фестывалю прапануе ўсім разам дапамагчы гэтай яскравай культурніцкай падзеі, каб фестываль і надалей заставаўся стымулам для павелічэння колькасці якасных рэкламных і камунікацыйных праектаў у беларусаарыентаваным рэчышчы, робячы культурніцкую атмасферы нашай краіны, кожнага нашага горада і мястэчка адметна-роднымі.

Для гэтага кожны неабыякавы можа зайсці на пляцоўку ulej.by і зрабіць свой унёсак для “aDNaK!”. І атрымаць заслужанае публічнае прызнанне як суарганізатара фестывалю.

А больш пра фестываль, намінацыі, умовы падачы работ і ўдзелу ў аду-кацыйнай праграме, а таксама пра атмасферу, у якой ён звычайна праходзіць — на сайце adnak.by.