Другие материалы рубрики «Культура»

  1. “Нельга забыць” выклалі свайго Mertvets’а ў Сеціва
    Сярод 10 трэкаў — кампазіцыя на адзін з самых вядомых вершаў Максіма Багдановіча “Пагоня”…
  2. Фестивальный Витебск: белорусский легпром и российская попса
    Корреспондент Naviny.by побывала в эти дни в Витебске и делится впечатлениями о царящей в нем атмосфере...


Культура

Каляды ў Пагосце. Мароз-мароз, прыхадзі да мяне куццю есці

 

Сёлета каляды — папулярная забава. Нават у горадзе можна па сацыяльнай сетцы запрасіць да сябе казу, мядзведзя і астатніх калядоўчшыкаў, што і песні паспяваюць ды імпрэзкі пакажуць. Але як ёсць нагода святкаваць Раство не ў горадзе, то лепей ёю скарыстацца.


Назад да каранёў

Зараз аматары аўтэнтычнасці лічаць сваёй Меккай вёску Пагост Жыткавіцкага раёну. Калі едзеш туды, нават крыху хвалюешся — столькі размоваў пра яе, а насамрэч раптам усе дарэмныя.

Вось мы і на месцы, звычайная вёска, а як надвор’е ў гэтым годзе не каляднае, то зусім самотна. Але ўсё зменіцца ў адно імгненне, толькі станеце на ганак самай вядомай жыхаркі Пагосту Кацярыны Панчэні. Гэтай бабулі хапае на ўсё: яна паспявае сустрэць гасцей (а гэтым разам нас было багата), прыгатаваць у печы найсмачнейшыя стравы ды шчэ і паказаць свой скарб.

У куфарах ды шафах цэлае багацце: вышыванкі, посцілкі, даматканыя дыванкі. А колькі ў бабы Каці цярпення… Кожнаму распавядзе, які ўзор што значыць ды якія рэчы дзеля чаго служаць. Але трэба накрываць на вячэру, таму расповеды пераносяцца за стол.

Гаворка ў палешукоў цікавая. Нават не столькі мова адрозніваецца, колькі характар маўлення, такі жывы, з націскамі. Пытаю Кацярыну Аляксееўну, як тая маецца, яна кажа: “Во, думала паміраць учoра. А патом успомніла, вы ж прыедзіце — нада гатовіцца. То і няма када памерці!”.

Ночылі ў розных хатах, жыхаркі Пагосту гасцінна запрашалі да сябе, а тым, хто какетнічаў ды адмаўляўся, казалі, каб хутчэй ішлі за імі ды не дурылі старым галавы. Кожная хата — як музей побыту з фіранкамі, посцілкамі ды вышыванкамі.


Канун Раства

Шостага студзеня самыя цікавыя традыцыі пачынаюцца ўвечары. Дзень можна прысвяціць наведванню Турава, да яго 8 кіламетраў. Адзіны недахоп — музей з раскапаным гарадзішчам і рэшткамі царквы 12-га стагоддзя закрыты, ды не на абед, а на зіму. Бывае.

На замчышчы стаіць сяміметровы помнік Кірылу Тураўскаму на фоне крыжа. А крыжы тут — гэта ўсё. Самыя вядомыя растуць на могілках. Як хто ідзе да пахаваных, спыняецца ля адного з крыжоў, моліцца. Нядаўна з’явілася звычка загадваць жаданне ды прывязваць стужку. Так даўніна і прарастае, пераплятаецца з сучаснасцю.

Паводле падання, крыжы прыплылі ў Тураў па Прыпяці супраць плыні з Кіева. Калі людзі сталі даставаць крыжы з вады, рака пачырванела, стала колеру крыві. Гэта было знакам, які папярэднічаў хрышчэнню тураўцаў-язычнікаў. Яшчэ адзін крыж знаходзіцца ля Кафедральнага сабору свяціцеляў Кірыла ды Лаўрэнція Тураўскіх.

Шчыра параім будучым турыстам браць экскурсавода. Горад невялікі, але там амаль пра кожны метр ёсць свае паданні ды гісторыі.

Дарэчы, ёсць каменны крыж і ў Пагосце. Нават калі патрапіць туды так, што не будзе святара, то побач з царквой жывуць людзі, у якіх можна папрасіць адчыніць дзверы ў царкву.

А ў бабы Каці пад вечар збіраюцца і суседзі, і госці з замежжа. У гэты раз паглядзець на абрады прыехалі амерыканцы ды фатограф з Нарвегіі. Пачынаецца вячэра з традыцыйнай куцці. Такая асаблівасць — верхняе зерне здымаюць і аддаюць хатняй жывёле, каб не хварэла.

Фота Сяргея Лескеца

Па лыжцы кашы бярэ кожны. Куцця посная, нішчымная, таму і смак у яе на аматара. Доўга на куцце ўвагу не засяроджваюць, бо прымаюць гасцей тут так, што на стале ад розных пачастункаў амаль месца няма.

Пасля вячэры пагашчанкі згадзіліся нам паспяваць. Заводзіць песні часцей сама Кацярына Аляксееўна. Тым больш было цікава паслухаць спевы праз тое, што бабулі ўжо амаль трыццаць год як стварылі свой калектыў “Міжрэчча”. У іх рэпертуары каля 200 народных песень. Спеўныя і абрадавыя традыцыі перайшлі па спадчыне, гэтак жа, як і любоў да песні. А поспех прыйшоў сам.

“Куды мы нi ездзiлi, усюды першыя месцы займалi”, — з гонарам гаворыць Кацярына Панчэня. “Міжрэчча” ў Пагосце арганізуе такія святы, як “Гу, вясна”, “На саракi”, “Жанiцьба комiна” ды сусветнавядомы “Карагод” на Юр’еў дзень, які ў 2004 годзе першым у Беларусі быў уганараваны статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці і ўзяты пад ахову дзяржавы.

Пераапранаюцца і ходзяць па хатах тут на Шчадрэц, але мы ўгаварылі пагашчан паказаць урывак абраду. Хто хацеў, мог не толькі паназіраць, але і паўдзельнічаць. То бок узровень паглыблення ў традыцыйную культуру залежыць ад уласнага жадання і рыхтаванасці да эксперыментаў.


Бабулі тлумачаць, што на Раство ходзяць з зоркай, спяваюць адны песні. На Каляды — іншыя. Калядоўшчыкі водзяць з сабой казу, мядзведзя, бусла, сароку, носяць усё тую ж зорку. Тых, у каго калядавалі, адорваюць трыма каласкамі, каб багата жылося.


Каляды ад хаты да хаты

Пачынаць хадзіць па вёсцы вырашылы ў абед. Але і да гэтага часу сабрацца ў адной хаце было складана. Бабулі, у якіх мы ночылі, частавалі сняданкам ды распавядалі розныя цікавосткі. А хто з дзяўчат без строя прыехаў, той і прыбрацца дапамаглі. І такія яны шчырыя ды цёплыя, што нават на некалькі гадзін развітацца з імі было цяжка.


Калядная працэсія пачыналася ад хаты Кацярын Панчэні. Бабулі прыбраныя, у строях, з лёгкім пахам валакардзіна і з добрым настроем крочаць у адзін двор, там спяваюць песні пра Раство, пасля рушаць да другога. Жыхары да прыходу калядоўшчыкаў рыхтуюцца загадзя, шмат да каго прыязджаюць на свята сваякі. Тады сустракаюць працэсію цэлай сям’ёй.


Неверагоднае захапленне было ў дзяцей, якія, магчыма, у сваім свядомым жыцці такі абрад бачаць упершыню. Шчыра кажучы, прыезджыя і беларусы, і замежнікі падзялялі гэтыя святочныя эмоцыі.

Сярод калядоўшчыкаў ёсць адмысловы чалавек — механоша. Ён, у нашым выпадку яна, збірае пачастункі ад тых, да каго прыйшлі калядаваць. Даюць калядоўшчыкам розныя прысмакі, але калі выносілі свежы духмяны хлеб з уласнай печкі, пачынала здавацца, што знаходзішся ў нейкім зусім іншым сусвеце.

Па дарозе ад вуліцы да вуліцы пад баян ад пагашчанак можна пачуці песні і на іншыя, не святочныя тэмы. А як вярталіся пасля абходу вёскі, бабулі пачалі спяваць прыпеўкі, ды такія, што нас здзівілі ды самі насмяяліся.

Пасля калядаў сядаюць вячэраць, на стол ставяць не толькі хатнія стравы, але і тое, што паклалі людзі ў мех. Тут ужо гоман стаіць на ўсю хату.

Як прыйшоў час ехаць, то нават слёзы ў вачах стаялі і ў нас, і ў бабуль. Развітваліся доўга, абдымаліся, як родныя. Мы далі слова прыехаць да іх самае позняе на Юр’я, а яны паабяцалі нас дачакацца.

Оценить материал:
Средний балл - 4.72 (всего оценок: 14)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева

Интересные Факты

Загрузка ...