Мнения других авторов
- 30.03 // 12:45 Игорь Драко. СТРАСТИ. Бабий бунт, или Подиум для кандидаток // Статья
- 29.03 // 12:54 Владимир Подгол. МЕЖДУ СТРОК. Брюсу Бакнеллу — мы помним Будапештский меморандум. А вы? // Статья
- 28.03 // 12:46 Рыгор Кастусёў. ЛІНІЯ ФРОНТУ. Як інвестыцыі закапваюцца ў зямлю // Статья
- 27.03 // 12:38 Анна Красулина. ТАЛАКА. Как реформировать энергетику Беларуси и избежать войны // Статья
- 26.03 // 15:22 Андрей Дмитриев. ПРАВДА. Мечты Лукашенко и реальность // Статья
Другие Мнения этого автора
- 04.09 // 10:48 Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Антыблогер // Статья
- 27.08 // 10:52 Сяргей Дубавец. СВАБОДА. 50 // Статья
- 19.08 // 11:11 Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Нацыя двухногіх зэдлікаў // Статья
- 12.08 // 11:48 Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Зямля пад крыламі хімеры // Статья
- 05.08 // 11:27 Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Краіна хакераў // Статья
Мнение
Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Падзея году
|
Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама». |
Пра што яшчэ гаварыць за сьвяточным сталом, як не пра галоўныя падзеі мінулага году. Радаснага мала. Столькі цікавых людзей папамірала! Затое ў Амэрыцы выбралі Абаму! Вецер перамен. Але яшчэ Ванга прарочыла, што калі ў Штатах прыйдзе да ўлады чорны чалавек, вялікая Амэрыка разваліцца на часткі…
Спакваля размова пераходзіць да нашых палестын. На маю думку, кажу я, галоўная падзея ў Беларусі — афіцыйнае ўнармаваньне правапісу. Так многа было пратэстаў! Маўляў, гэта робіцца, каб дадушыць апазыцыйныя выданьні, што выходзяць клясычным правапісам. Маўляў, не чапайце мову, бо ня час яе чапаць. Ну, а калі «ня ўсё толькі дрэннае» бачыць у дзеяньнях цяперашняга «крывавага рэжыму», тады — для чаго яму спатрэбілася тая нармалізацыя? Адказ адзін. Калі б заўтра была абвешчана беларусізацыя, гэта значыць, перавод працы ўсяго дзяржапарату на родную мову, дык без адзінае моўнае нормы зрабіць гэта было б немагчыма. Ня будзе вам кожны натарыюс ці дырэктар кожнага лядовага палацу разьбірацца ў тым разнабоі, што існуе сёньня па-беларуску, альбо займацца лінгвістычнай самадзейнасьцю.
Ці ўлада насамрэч пойдзе на такі перавод усяго і ўся, няхай сабе частковы, няхай сабе паралельны (ну, каб хоць на звароты па-беларуску ўсе дзяржаўныя службы ўмелі адказаць па-беларуску) — пытаньне рытарычнае. Ніхто ня ведае, што там насьпявае ў галаве ўлады. Нам застаецца толькі «чытаць знакі» й быць крыху Вангамі. Але ніякае іншае пазытыўнае лёгікі ў нармалізацыі няма. Можна дапусьціць, што робіцца гэта «ў запас», а таксама — што ніколі мы ніякае беларусізацыі не пабачым, бо «крываваму рэжыму» ня будзе на тое патрэбы й ахвоты. Аднак тое, што нармалізацыя робіцца для беларусізацыі, сумневаў не выклікае.
Што сям-там начальнікі ўжо адказваюць па-беларуску, выглядае пакуль іх уласнай ініцыятывай і тлумачыцца добрым выхаваньнем і адукацыяй. Зь іншага боку, у афіцыйных СМІ стала болей якасных гістарычных і краязнаўчых матэрыялаў і пішуць яны ужо ня толькі пра сэрвільную культуру. Раней на такія рэчы трымала манаполію апазыцыя, і цяпер якасьць такіх публікацыяў у афіцыёзе тлумачыцца якраз прыходам туды «апазыцыйных» па сваёй учорашняй сутнасьці аўтараў. Наўрад ці дзяржаўныя СМІ ідуць на такія крокі без каманды з самага верху. І калі аб’яўленая лібэралізацыя робіцца першым чынам для заходніх назіральнікаў, дык беларусізацыя — для сябе, бо нікому ані на Захадзе, ані на Ўсходзе яна непатрэбная. Толькі нам.
Яшчэ гадоў дзесяць таму колькасьць матэрыялаў клясычным правапісам у інтэрнэце перавышала колькасьць таго, што пісалася афіцыйнай мовай. Сёньня афіцыёз шматкроць перавышае «тарашкевіцу» менавіта таму, што ў працэс уключылася дзяржава. Можна шмат разважаць на тэму, добра гэта ці кепска. Але з пэрспэктывы далёкай стратэгіі захаваньня самабытнае нацыі гэта, безумоўна, станоўчы працэс.
Тут, між іншым, хаваецца й падказка для апазыцыі, якая да апошняга часу аб’ядноўвала найлепшыя кадры спэцыялістаў-гуманітарыяў, а сёньня знаходзіцца ў разгубленасьці, бо растраціла большасьць сваіх актываў, якія спакваля пераходзяць дзяржаве. Тое, што робяць некалькі дзясяткаў саматужнікаў, ператвараецца ў магутны працэс, варта падключыць да гэтага дзяржаўную машыну. Прыведзены мною прыклад супрацьстаяньня тарашкевіцы-наркамаўкі ў інтэрнэце пацьвярджае гэта.
Ужо відавочна, што палітыка непрымірымасьці пацярпела крах. А нянавісьць да «крывавага рэжыму» — абсалютнае нішто ў параўнаньні з той карысьцю, якую ты можаш прынесьці сваёй краіне, не губляючы пры тым сваіх прынцыпаў (калі, вядома, самым галоўным тваім прынцыпам ня ёсьць гэтая самая нянавісьць).
Хто ведае, можа быць, працэс беларусізацыі ў новым годзе атрымае працяг, да яго далучацца найлепшыя галовы Бецькаўшчыны й тады, магчыма, ужо праз год мы будзем жыць у больш беларускай Беларусі, ня менш беларускай, чым польская Польшча ці француская Францыя ці расейская Расея.
З Новым годам!
Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. |
Последние Комментарии