Мнения других авторов
- 30.03 // 12:45 Игорь Драко. СТРАСТИ. Бабий бунт, или Подиум для кандидаток // Статья
- 29.03 // 12:54 Владимир Подгол. МЕЖДУ СТРОК. Брюсу Бакнеллу — мы помним Будапештский меморандум. А вы? // Статья
- 28.03 // 12:46 Рыгор Кастусёў. ЛІНІЯ ФРОНТУ. Як інвестыцыі закапваюцца ў зямлю // Статья
- 27.03 // 12:38 Анна Красулина. ТАЛАКА. Как реформировать энергетику Беларуси и избежать войны // Статья
- 26.03 // 15:22 Андрей Дмитриев. ПРАВДА. Мечты Лукашенко и реальность // Статья
Другие Мнения этого автора
- 04.09 // 10:48 Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Антыблогер // Статья
- 27.08 // 10:52 Сяргей Дубавец. СВАБОДА. 50 // Статья
- 19.08 // 11:11 Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Нацыя двухногіх зэдлікаў // Статья
- 12.08 // 11:48 Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Зямля пад крыламі хімеры // Статья
- 05.08 // 11:27 Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Краіна хакераў // Статья
Мнение
Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Што такое ТБМ?
Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама». |
Прызнаюся, ніколі да канца не разумеў, што такое ТБМ – Таварыства беларускай мовы – і для чаго яно створана. Грамадзкі характар гэтага аб’яднаньня быццам прадвызначае клюбны статус самой роднай мовы і дае адказ на пытаньне: “Ці загавораць беларусы па-беларуску?” Натуральна, не.
Па ідэі, таварыства беларускай мовы – гэта сама беларуская дзяржава, а яго сябры – усе грамадзяне Беларусі. Як у Літве, Польшчы, Расеі ды іншых краінах, дзе няма такіх грамадзкіх аб’яднаньняў, а ёсьць дзяржаўныя структуры – моўныя камісіі, установы, інстытуты, якія на прафэсійнай аснове служаць таму таварыству, якім ёсьць увесь народ.
Наяўнасьць ТБМ быццам пераконвае нас, што родная мова для беларусаў – гэта хобі, а не галоўная рыса іх самабытнасьці й адрознасьці ад іншых нацыяў.
Вы скажаце: лёс мовы баліць тым людзям, якія ўступілі ў ТБМ? А ўсім астатнім, якія ўступілі ў грамадзянства Беларусі, не баліць? Пытаньне, прынамсі, спрэчнае.
Вы скажаце: сябры ТБМ дамагаюцца ад уладаў пашырэньня мовы там і там? Дзякуй ім за клопат, толькі ўсё менш робіцца мовы ў школах і ў візуальным абліччы краіны, нават там, дзе раней яна была абавязковай (напрыклад, на стандартных дарожных паказальніках, у назвах установаў і да т.п.).
Сябры ТБМ пішуць лісты ў дзяржаўныя ворганы, а ў нас у такіх выпадках астатнія ня ўмешваюцца (у тым ліку, і дзяржава), бо “ёсьць каму займацца”, і дзякуй Богу. Нават наша нацыянальна арыентаваная апазыцыя, што грыміць у пустыя рандэлі, ні разу не правяла ані шэсьця, ані кангрэсу за пашырэньне роднае мовы. Затое дзякуючы апазыцыі многія ўспрымаюць моўнае пытаньне як палітычнае, а саму мову – як небясьпечна апазыцыйную.
Тым часам улады праводзяць штогод Сьвята беларускага пісьменства, дзе сэрвільнымі сьпевамі пра чарку-скварку й дэкаратыўнымі лялькамі з саломкі падкрэсьліваюць месца роднае мовы – у рэзэрвацыі. А старшыня ТБМ шаноўны Алег Трусаў патрабуе стварыць адзін беларускамоўны тэлеканал. Ідэя, на першы погляд, выдатная, але па сутнасьці таксама — рэзэрвацыя. Бо калі з усіх сёньняшніх каналаў сабраць усе перадачы па-беларуску, вось вам і будзе беларускамоўны канал. А калі ўлічыць, што праз пару гадоў кожны глядач зможа сам праграмаваць сваю тэлепраграму зь перадачаў розных каналаў, дык нічога такога й ствараць ня трэба.
Між іншым, якраз тэлевізія – адно зь нямногіх месцаў, дзе беларуская мова сёньня пашыраецца. І вось, толькі тэлеканалы ўвайшлі ў смак ды сталі фінансаваць перадачы па-беларуску, як зараз гучыць заклік – у рэзэрвацыю!
Уявім, што заўтра А.Зімоўскі прыме прапанову А.Трусава. А што на гэта скажуць ня тыя, хто ўступіў у ТБМ, а тыя, што ўступілі ў беларускае грамадзянства? Ці зь імі хто-небудзь раіўся? Ці ў іх спыталі? Ці проста да аднаго “галоўнага гледача” грамадзкага тэлебачаньня дадасца яшчэ адзін галоўны?
Дапускаю, што шаноўны Алег Трусаў зьняверыўся ў пэрспэктыве беларускае мовы, бо столькі гадоў спрабаваў зрабіць дзяржаўную справу сяброўскаю талакой. У адным з інтэрвію ён так і сказаў: “Беларусь будзе краінай некалькіх моў”. А што такое некалькіх? Школьніку ясна, што асноўнае месца, як і сёньня, адводзіцца расейскай мове. Бо як у нас сёньня нібыта дзьве дзяржаўныя, дык усім зразумела, якая — насамрэч. Пры “некалькіх мовах” у Беларусі, як ты ні круці, а ўсё адно, што ў тым анэкдоце, атрымаеш “аўтамат Калашнікава” – вялікі й магучы. Беларускай жа мове прадвызначаецца рэзэрвацыя.
Я думаю: ну, вы так думаеце (я ня так), але нашто сьпяшацца? Ці не ранавата прыпячатваць нашаму народу “ірляндзкі лёс”? Можа быць, спачатку трэба дамагчыся шасьці пісьменьнікаў-набэліятаў ад Беларусі, якія б пісалі па-расейску (як ірляндзкія па-ангельску), і адвучыць 90 адсоткаў насельніцтва дзекаць і цекаць?
Дык што ж такое ТБМ? Нешта накшталт мікраўраду для беларускамоўных? Як габрэйская адміністрацыя ў габрэйскіх гета часоў мінулай вайны? У тых, хто ствараў такія адміністрацыі, таксама хапала клопатаў, рэзонаў і пэўнага энтузіязму. Толькі ўсе гета чакае адзін лёс і адзін канец.
Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. |
Последние Комментарии