Мнения других авторов
- 30.03 // 12:45 Игорь Драко. СТРАСТИ. Бабий бунт, или Подиум для кандидаток // Статья
- 29.03 // 12:54 Владимир Подгол. МЕЖДУ СТРОК. Брюсу Бакнеллу — мы помним Будапештский меморандум. А вы? // Статья
- 28.03 // 12:46 Рыгор Кастусёў. ЛІНІЯ ФРОНТУ. Як інвестыцыі закапваюцца ў зямлю // Статья
- 27.03 // 12:38 Анна Красулина. ТАЛАКА. Как реформировать энергетику Беларуси и избежать войны // Статья
- 26.03 // 15:22 Андрей Дмитриев. ПРАВДА. Мечты Лукашенко и реальность // Статья
Другие Мнения этого автора
- 27.05 // 12:14 Зьміцер Дашкевіч. ВЫБАР. Змагайся за веру // Статья
- 17.12 // 20:56 Зьміцер Дашкевіч. ВЫБАРЫ. Гасподзь дае шанец // Статья
- 10.12 // 12:06 Зьміцер Дашкевіч. ВЫБАР. "Славы Сваёй не аддам другому" // Статья
- 23.11 // 13:19 Зьміцер Дашкевіч. ВЫБАРЫ. О, заходняя дэмакратычная тупасьць! // Статья
- 17.11 // 11:46 Зьміцер Дашкевіч. ВЫБАР. Што век наступны нам рыхтуе? // Статья
Мнение
Зьміцер Дашкевіч. ВЫБАР. Мы гатовыя заплаціць кошт
Зьміцер Дашкевіч. Нарадзіўся ў 1981 годзе на беларускім Палесьсі, да 1986 пражываў з бацькамі ў Магаданскім краі, з 1986 года - ў невялікім гарадку Старыя Дарогі Менскай вобласьці, з 2000-га — ў Менску. У 2001 годзе далучыўся да дзейнасьці моладзевага руху “Малады Фронт”, кіраўніком якога зьяўляецца з 2004 года. Арганізатар і ўдзельнік шматлікіх вулічных акцыяў, за ўдзел у якіх мае больш за паўгода адміністратыўных арыштаў. За дзейнасьць “МФ” у верасьні 2006 быў арыштаваны і пазьней асуджаны на паўтары гады зьняволеньня. У студзені 2008 году Вярхоўным судом вызвалены на паўтары месяцы раней тэрміну. У 2006 годзе штотыднёвікам “Наша Ніва” прызнаны “Героем года”, у 2008-м “За мужнасьць і пасьлядоўнасьць у змаганьні за свабоду” ўзнагароджаны ордэнам Кастуся Каліноўскага. |
Журналіст “СН+” Віталь Цыганкоў называе Мілінкевіча “стратэгам” і “стаерам”, мусіць, у адрозьненьне ад іншых палітыкаў – бегуноў на кароткія дыстанцыі. Але, як аказваецца, Мілінкевіч яшчэ і вернік: “Перш за ўсё – я цьвёрды прыхільнік мірных акцыяў. І тады, і сёньня я лічу, што калі па віне палітыкаў праліваецца кроў і гінуць людзі – гэта велізарная трагедыя. Я вернік і для мяне жыцьцё чалавека ня мае цаны”. Вось як проста можна прыкрывацца!
Не зразумела толькі, ці ведае што-небудзь аб хрысьціянскай веры і хрысьціянскай самаахвярнасьці спадар Мілінкевіч, аб тым, колькі жыцьцяў і крыві, пачынаючы ад крыві Ісуса Хрыста, было аддадзена за перамогу хрысьціянства? Хутчэй за ўсё, не, таму нагадаем адзін з галоўных прынцыпаў хрысьціянскае веры: “Ніхто ня мае большай любові за тую, калі хто аддае жыцьцё сваё за сваіх сяброў.” (Яна, 15:13). Кіруючыся гэтым прынцыпам, Ісус Хрыстос і Ягоныя апосталы перамаглі сьвет. Яны разумелі тое, што вельмі важна зразумець нарэшце і нам: калі ты нешта прапаведуеш, ты павінен быць гатовы ў імя гэтых ідэяў нечым і ахвяраваць. Гэта ня толькі закон Біблійны, гэта закон і жыцьця: калі адзін чалавек верыць у нешта, за што гатовы аддаць жыцьцё, а дзесяць іншых вераць у іншае, за што гатовыя галасаваць, – адзін будзе пісаць законы для дзесяці.
Больш правільным для Мілінкевіча было б калі і не папрасіць прабачэньне за 19 сакавіка 2006 году, дык хаця б сказаць: “Можа, і памыляўся. Гісторыя рассудзіць”. Але ён ня толькі палітычнае прыкрыцьцё сабе прыдумаў: “Давайце задумаемся, што мы маглі дамагчыся штурмам? Мы выдатна ведалі, што не набралі 50%, нават разам з Казуліным”, - але нават і вераю надумаў прыкрывацца. Атрымоўваецца, што астатнія, хто з гэтым нязгодны і хто ахвяраваў сабою ў імя пераменаў у сваёй радзіме, – людзі “няверуючыя”? Тыя мільёны жыхароў Усходняга Бэрліну, якія ў 1989 годзе пад прыцэламі аўтаматаў і парушаючы дзяржаўную мяжу пераходзілі Бярлінскую сьцяну (а яны таксама не набралі 50% на выбарах – ніякіх выбараў не было!) – людзі “няверуючыя”? Тыя сотні тысяч жыхароў Чэхаславакіі, якія выйшлі ў 1989 годзе пад прыцэламі аўтаматаў на масавыя мітынгі, патрабуючы зьмены камуністычнага рэжыму (50% на выбарах прыхільнікі пераменаў таксама не набралі – ніякіх выбараў не было!) – людзі “няверуючыя”? І Вацлаў Гавэл, каторы заклікаў іх на вуліцы, - чалавек таксама “няверуючы”? Тыя сотні тысячаў палякаў, якія выйшлі на вуліцы сваіх гарадоў у 1981 годзе, патрабуючы зьмены камуністычнага рэжыму (як вы можаце здагадацца, 50% на выбарах таксама не набралі – выбараў не было!) – людзі “няверуючыя”? Як і Лех Валенса, каторы заклікаў іх на мітынгі выходзіць, пры падаўленьні якіх некалькі дзясяткаў чалавек загінула? Тыя тысячы літоўцаў, каторыя ў 1991 годзе выйшлі бараніць адміністратыўныя будынкі і Незалежнасьць сваёй краіны (50% на выбарах яны таксама не ўзялі – выбараў не было!) – людзі “няверуючыя”? Як і Вітаўт Ландзбергіс, на заклікі каторага грамадзяне Літвы выходзілі на абарону сваёй дзяржавы, што абышлося ў 15 чалавечых жыцьцяў?
Пералік гэтых “няверуючых” можна было б працягваць і працягваць, але і так ужо відавочна: “веруючы” ў нас толькі адзін – Аляксандр Мілінкевіч. І задача ў яго - зрабіць так, каб, - о барані Божа! - Плошча не была радыкальнаю! Скажу вам, аднак, што такая функцыя - нават не “адбельвальніка”, а “паслужніка”.
Безумоўна, нельга вініць у паразе 2006 году толькі Мілінкевіча, як і ў паразе 2001 году толькі Ганчарыка. Гэткага кшталту палітыкі становяцца раз ад разу нашымі “правадырамі” дзякуючы таму, што маюць пэўную падтрымку сваіх поглядаў у дэмакратычным асяродзьдзі. Вось ужо і адзін з ідэйных нашчадкаў Мілінкевіча ня толькі заявіў, што ставіць простую задачу: патрэніравацца ды некалькі там адсоткаў набраць, але нават і супраць чырвона-зялёнага сцягу ён нічога ня мае. No comment, што называецца.
Але, канешне, і такія маюць права рэалізоўваць сваю “чуда-дзейнасьць”. Адно толькі хацелася б іх заклікаць не крывадушнічаць перад грамадзянамі Беларусі, а, зьбіраючы подпісы, так і гаварыць: “Пастаўце подпіс за нашага кандыдата – дапамажыце яму сагрэцца і ўмацаваць партыю!”, “Падпішыцеся за нашага кандыдата – дапамажыце яму раскруціцца й падрыхтавацца да наступных выбараў!”. Мажліва, тысяч 100 “эвалюцыяністаў” на дваіх і загітюць. Асабліва калі па паліклініках паходзяць добра.
Аднак асабіста я пакідаю за сабою права супрацьстаяць іхняму кар’ерызму і палітыканству. Я рашуча абвяшчаю сябе ў апазыцыі да гэткага кшталту “апазыцыянэраў”, да прагматыкаў, да “эвалюцыяністаў”, да ціпа “стаераў” і падобных ім. Бог гаворыць: “Я зьнішчу мудрасьць мудрацоў і розум разумных адкіну. /…/ Бо мудрасьць гэтага сьвету ёсьць глупства перад Богам, як напісана: ловіць мудрых у хітрасьці іхняй.” (1 Кар. 1:19, 3:19) І я таксама абвяшчаю “стратэгам”, “прагматыкам” і “мудрацам”: вы будзеце злоўлены ў вашай хітрасьці і пасаромлены!
Ня маюць ніякага значэньня ўсе нашыя лёзунгі і ідэалы, калі мы не гатовыя дзеля іх рэалізацыі ахвяраваць. І, канешне, тут павінны кожны адказваць сам за сябе. Я, ідучы на Плошчу, іду з усьведамленьнем таго, што гатовы ў імя пераменаў ахвяраваць сваёю свабодаю, а калі спатрэбіцца - і сваім жыцьцём. Ня думаю, што я самотны ў гэтым памкненьні. Няхай нас, можа, не мільёны, але тысячы - дакладна. Перакананы: дастаткова і гэтага. Галоўнае - каб усе мы бясстрашна выйшлі бараніць незалежнасьць і свабоду сваёй краіны, дамагацца справядлівых выбараў.
Можа быць, 19 сьнежня Стваральнік неба ды зямлі і палічыць, што наш народ ужо дастаткова прынёс ахвяраў, каб стацца нарэшце вольным і незалежным. А можа быць, цану гэтую нам трэба яшчэ заплаціць. Ніхто ня ведае, але відавочна адно: дзеля таго, каб адбыліся перамены, мы павінны быць гатовымі заплаціць за іх кошт.
Мнения колумнистов могут не совпадать с мнением редакции. Приглашаем читателей обсуждать статьи на форуме, предлагать для участия в проекте новых авторов или собственные «Мнения». |
Последние Комментарии