Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Уладзіслаў Завальнюк. РАСТВО. Каб кожны дзень было Божае Нараджэнне


Уладзіслаў Завальнюк
Уладзіслаў Завальнюк, ксёндз-магістр і настаяцель Чырвонага касцёла Сымона і Алены ў Мінску, магістр тэалогіі, кандыдат гістарычных навук, пісьменнік.
Нарадзіўся ў 1949 годзе. Але сам пра свае нараджэнне гаворыць так: “Як святар я нарадзіўся у 1974 годзе ў Рызе, калі атрымаў святарскае прысвячэнне пасля 6 год навучання ў мясцовай семінарыі”.
Пачаў несці слова Божае ў Малдавіі, працягнуў ва ўкраінскіх гарадах Ізмаіл і Болград. Там быў арыштаваны "за рэлігійную прапаганду" і высланы ў Казахстан. Служыў у Цэлінаградзе (цяпер Астана). Мясцовыя ўлады адмовілі яму ў прапісцы, стварылі невыносныя ўмовы жыцця, і яму прыйшлося з'ехаць у Краснаярск. Пазней служыў у Смаленску, Латвіі, Эстоніі, Літве і, нарэшце, у Беларусі (у Глыбокім, Мосары, Полацку, Віцебску).
Стаў настаяцелем Чырвонага касцёлу па запрашэнню абшчыны. Аўтар больш за 50 кніг, у 2000 годзе атрымаў званне “Чалавек года”.

Хвала Ісусу Хрысту, шаноўныя суайчыннікі, браты і сёстры! Сардэчна віншую ўсіх вас ад імя нашых біскупаў на чале з мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам са святам Божага нараджэння і надыходзячым Новым годам! Таксама віншую з надыходзячым святам вас, браты і сёстры праваслаўныя, якія чакаюць на гэтую веліч Хрыстовага нараджэння!

Каб дайсці да Ісуса Хрыста, мы павінны крочыць не толькі шляхам фізічнага руху. Бо проста прыйсці ў Дом Божы — касцёл ці царкву — альбо наведаць Віфлеем — гэта яшчэ не значыць прыйсці да Ісуса Хрыста. Шлях да Ісуса Хрыста — шлях духоўны.

Тое, што папярэджвае нараджэнне Хрыстова — перадкалядны пост — чатырохтыднёвы Адвент, які мы праводзім у штодзённых разважаннях, чытаем Святое пісанне, узгадваем прыклады Святых, каб асвяціць свае душы і сэрцы праз гэты пост, малітвы і добрыя ўчынкі.

Калі ў ноч з 24 на 25 снежня надыходзіць ужо сама Вігілія Божага Нараджэння, мы маем Святую вячэру з 12 постных страваў — у пашану 12 апосталаў, якія спадарожнічалі Ісусу Хрысту да канца яго зямнога жыцця

Таксама на Святую вячэру ёсць вельмі прыгожая традыцыя — ламанне аплаткі. Гэта дзяленне сярод сям’і белага асвечанага хлебу. Тады ўсе родныя збіраюцца і, жадаючы адзін адному Божай ласкі, поспехаў у вучобе і працы, поспехаў ва ўсіх справах, адломваюць кавалачак гэтага белага хлебу. Пасля гэтага, памаліўшыся, родзічы садзяцца за святочны стол.

А потым мы ідзем у касцёл ці царкву на пастырскае набажэнства — Святую літургію пастараў. Бо менавіта пастухі першымі прыбеглі да яселькаў з Ісусам Хрыстом у Віфлееме, калі іх абудзілі анёлы, сказаўшы, каб яны паглядзелі на Збавіцеля, які нарадзіўся для ўсяго чалавецтва.

Гэта адбылося ноччу, таму і ў большасці храмаў усяго свету гэтае набажэнства служыцца апоўначы. Гэта сапраўды цудоўная святая ноч са снегам, калі зіхацяць зоркі і вокны, і веліч кліча нас. Але сёння, паколькі пасля 24.00 гадзін у гарадах не заўсёды добра ходзіць транспарт, ёсць храмы, дзе набажэнствы праходзяць і у 20.00, і у 22.00.

Звычайна Свята Божага нараджэння святкуецца 25 снежня альбо ў праваслаўных — з 6 на 7 студзеня. Але гэта першы дзень свята, калі ўсе знаходзяцца ў сям’і. А ўжо на другі дзень, 26 снежня, мы наведваем сваякоў, моладзь калядуе, дзеці прыходзяць да сваіх хросных. І не толькі яны віншуюць хросных, але і хросныя павінны ім штосьці падарыць. Так пашыраецца сям’я. Слава Богу, у гэтым годзе мы маем у Свята два выходныя, але вельмі важна, каб незалежна ад таго, на якія дні выпадае свята, людзі мелі вольны ад працы і другі дзень. Бо 25-га мы святкуем само Божае Нараджэнне, а 26-га — дзень, калі людзі могуць адчуць сямейнасць, аўру адзінства, любові і адкрытасці. Гэта вялікая справа, якая аб’ядноўвае людзей і надае ім моц, каб у наступныя працоўныя дні мець больш добрага настрою.

Вось такі шлях вядзе нас да Свята Нараджэння Хрыстова, да самога Ісуса Хрыста.

Але таксама гэта шлях міласэрнасці, добрых учынкаў, прабачэнняў і яднанняў. Божае нараджэнне — гэта свята радасці, надзеі. Бо мы можам проста прыйсці да Збавіцеля ў ясельках, згадваючы яго нараджэнне, як да гэтага заклікаюць анёлы, спяваючы “Хвала на вышынях Богу, а на зямлі — спакой людзям добрай волі”.

І вось няхай гэтая добрая воля прысутнічае ў кожным чалавеку!

Нагадаю, што Свята Божага нараджэння — свята сям’і. Бо мы бачым Святога Іосіфа, Святую Дзеву Марыю і дзіцятка Ісуса. І мы ўсе менавіта з сем’ямі набліжаемся да Божага нараджэння праз споведзь, паяданне з роднымі, яднанне на працы, каб ніколі не было сварак і гневу. Няхай паміж нас будзе аўра дабрыні, чысціні і чалавечнасці.

Таксама Божае Нараджэнне заклікае ўсіх да міру. Традыцыі мінулых стагоддзяў паказваюць нам гэта — калі ў два дні свята Божага Нараджэння, незалежна ад сварак і войнаў, усе ядналіся, утыкалі штыкі ў зямлю, перапынялі стрэльбы, выходзілі з акопаў — і ў радасці святкавалі нараджэнне Ісуса Хрыста. Дай Божа каб у метафарычным сэнсе Божае нараджэнне было ўсе 365 дзён у годзе — каб ні гадзіны не было ніякіх войнаў, стрэльбаў і тэрарызму.

Ад шчырага сэрца жадаю ўсім вам, паважаныя суайчыннікі, Божай ласкі, міру ў вашы сем’і ад Божага дзіця, каб Бог падтрымліваў вас! Прымайце Божую ласку і яна сапраўды будзе падтрымліваць вас кожны дзень.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Средний балл - 3.70 (всего оценок: 16)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева