Рыгор Кастусёў. ЛІНІЯ ФРОНТУ. Чаму танны газ для Беларусі дарагі для беларусаў

Усе рычагі кіравання беларускай эканомікай зараз пераходзяць у рукі Крамля, што і ёсць экспансія ўсходняй суседкі...

 

Рыгор Кастусёў. Намеснік старшыні Партыі БНФ, экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010. Нарадзіўся ў 1957 годзе ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна. У 1982 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спэцыяльнасці інжынер-механік. Служыў у Савецкай арміі, працаваў галоўным інжынерам, дырэктарам саўгаса, дырэктарам Шклоўскага раённага аб'яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У 2001 годзе вымушаны быў сысці з пасады пад ціскам уладаў з-за працы ў камандах кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў. Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства. Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых саветаў. Аўтар праграмы развіцця і рэфармавання жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь на 2010-2015 гады, прапанаванай Партыяй БНФ.

У час выступлення Аляксандра Лукашэнкі 8 мая 2012 года з пасланнем беларускаму народу і парламенту з боку так званых дэпутатаў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь прагучаў шэраг трывожных, для іх усведамлення, пытанняў. Пытанні тычыліся адносінаў нашай краіны з усходняй суседкай.

Калі нават паслухмяныя дэпутаты пачалі задаваць падобныя пытанні, то можна рабіць высновы, што ў вышэйшых беларускіх колах нарэшце прыходзіць разуменне аб поўным правале эканамічнага курсу краіны.

«Расіяне не прыйдуць і не забяруць нашыя прадпрыемствы. Я ініцыяваў стварэнне адзінай эканамічнай прасторы, але трэба, каб гэтае аб’яднанне адпавядала супольным крытэрам. Цяпер няма мясных, малочных войнаў. Пакуль няма нават дробных фактаў, што ёсць нейкая экспансія… Няма ў Расіі і Пуціна рэсурсаў, каб задушыць Беларусь. І ён ніколі на гэта не пойдзе», — прыйшлося апраўдвацца Лукашэнку.

А ці патрэбны Расіі зараз мясныя, малочныя войны з Беларуссю? Адназначна — не. Усе рычагі кіравання беларускай эканомікай зараз пераходзяць у рукі Крамля, што і ёсць экспансія ўсходняй суседкі.

Працэс перадачы гэтых рычагоў распачаўся неяк ціха, будзённа і незаўважна для беларускага грамадства — простым галасаваннем беларускіх парламентарыяў у час ратыфікацыі міжурадавага беларуска-расійскага пагаднення аб парадку фармавання коштаў (тарыфаў) пры пастаўцы прыроднага газу ў Беларусь. У выніку дадзенага кроку з’явілася пастанова Міністэрства эканомікі РБ №31 ад 11 красавіка 2012 года, згодна з якой фармаванне коштаў на газ для спажыўцоў — юрыдычных асоб (прадпрыемстваў) на тэрыторыі нашай краіны перадаецца ў рукі расійскага манапаліста «Газпрама».

Галасаванне парламентарыяў за ратыфікацыю дадзенага пагаднення нагадвае падзеі ў Вярхоўным Савеце БССР часоў сярэдзіны 20-га стагоддзя, калі тагачасныя дэпутаты падобным чынам галасавалі за перадачу беларускіх земляў суседняй краіне.

Канчатковае рашэнне аб перадачы рычагоў кіравання эканомікай нашай краіны Крамлю беларускім бокам было прынята яшчэ на этапе продажу акцый «Белтрансгаза» расійскаму «Газпраму». Узамен Беларусь, быццам бы, атрымала неблагія прэферэнцыі ў выглядзе таннага газу. Сярэднегадавы кошт якога ў 2012 годзе, паводле новага кантракта, складзе 165,6 долараў ЗША за тысячу кубаметраў.

Дадзены факт шматлікімі гарачымі галовамі; некаторымі «недалёкімі палітыкамі» і «вялікімі эканамістамі» быў успрыняты як аграмаднае дасягненне правячага беларускага рэжыму па продажу «іржавай трубы». Па-за ўвагай гэтых людзей застаўся той факт, што ад здзелкі па продажу «Белтрансгазу» беларускае грамадства не атрымала нічога…

Згодна з пастановай Міністэрства эканомікі Беларусі ад 28 снежня 2011 года №207 кошты на прыродны газ для юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў з аб’ёмам спажывання да 500 млн.куб.м. з 1 студзеня 2012 года захаваліся на ўзроўні мінулага года ў памеры 275,87 дол. ЗША за 1 тыс.куб.м., і 245 дол.ЗША — для спажыўцоў з аб’ёмам спажывання больш 500 млн.куб.м. Дык дзе ж тая выгода краіне, прадпрыемствам, для якіх кошты на газ не зменшаны, тым больш, што на тэрыторыі Беларусі замест «Белтрансгазу» ужо зараз распараджаецца «Газпрам»?

Малазаўважным для беларускага грамадства застаўся і той факт, што паводле міжурадавага пагаднення па продажу «Белтрансгаза» расійскі бок бярэ пад кантроль выпрацоўку і продаж элетраэнэргіі, у тым ліку і за межы краіны, вырабленай з выкарыстаннем расійскага газу ў якасці паліва. Доля прыроднага газу пры выпрацоўцы электраэнэргіі ў нашай краіне складае болей за 90%.

Узнікае пытанне, чаму расійскі бок так зацікаўлены ў фармаванні коштаў на газ для беларускіх спажыўцоў, а таксама — аб’ёмаў электраэнэргіі, выпрацоўваемай на беларускіх прадпрыемствах?

А адказ вельмі просты. Такім чынам Крэмль спрабуе вярнуць сабе, як быццам бы, страты ад патаненне газу, пастаўляемага ў Беларусь, ды яшчэ і атрымаць неблагія прыбыткі за-за вялікай розніцы паміж сабекоштам выпрацоўваемай электраэнэргіі і яе рынкавым коштам. Бо кошты на электраэнэргію з кожным годам узрастаюць, а складнік паліва ў яе сабекошце дасягае 60%.

Акрамя таго, маючы такія «казырныя карты» (фармаванне коштаў на газ і кантроль за выпрацоўкай электраэнэргіі) на руках, Крэмль атрымаў рычагі ўплыву на працэс прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў, ужо ўнесеных кіраўніцтвам Беларусі ў прыватызацыйны спіс.

На наступным этапе, які хутчэй за ўсё пачнецца з надыходам бліжэйшай зімы, крамлёўскае кіраўніцтва яўна пачне праяўляць зацікаўленасць у «прыхватызацыі» буйнейшых аб’ектаў энэргасістэмы Беларусі, якія выкарыстоўваюць прыродны газ у якасці паліва.

Далей надыдзе чарга і заводаў, спажываючых значную колькасць як газу, так і электраэнергіі. Гэта прадпрыемствы нафтахімічнай прамысловасці, Беларускі металургічны камбінат,Салігорскі калійны камбінат…

Ну, а за беларускімі ўладамі хутка застануцца толькі функцыі кіравання сістэмамі абслугоўвання, прадпрыемствамі па прыборцы смецця і т.п.

Відаць, іншага рабіць яны і не ўмеюць.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.