Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Рыгор Кастусёў. ЛІНІЯ ФРОНТУ. Яшчэ адна рэформа пад пагрозай

 

Рыгор Кастусёў. Намеснік старшыні Партыі БНФ, экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010. Нарадзіўся ў 1957 годзе ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна. У 1982 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спэцыяльнасці інжынер-механік. Служыў у Савецкай арміі, працаваў галоўным інжынерам, дырэктарам саўгаса, дырэктарам Шклоўскага раённага аб'яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У 2001 годзе вымушаны быў сысці з пасады пад ціскам уладаў з-за працы ў камандах кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў. Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства. Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых саветаў. Аўтар праграмы развіцця і рэфармавання жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь на 2010-2015 гады, прапанаванай Партыяй БНФ.

20 лістапада 2012 года А.Лукашэнка, прымаючы з дакладам прэм’ер-міністра М.Мясніковіча, заявіў: “Хорошо, что средства массовой информации поднимают тему, как людей загоняют в частные компании по обслуживанию зданий и помещений. Это, кстати, не только в частных компаниях. Там некие появились товарищества застройщиков, или как они называются. И когда я лично поинтересовался у некоторых людей, они говорят: мы об этом не знаем, нам вот сказали и мы платим дополнительно за это и за то". А пасля падкрэсліў, што ў такім выпадку людзі павінны абслугоўвацца дзяржавай.

Падобныя распараджэнні кіраўніка беларускія чыноўнікі ўспрымаюць як абавязковыя для выканання. А гэта значыць, што тым маленькім парасткам лібералізацыі і рэформаў у сферы ЖКГ Беларусі, якія змаглі прабіцца за апошнія дзесяцігодддзі, так і не суджана даць дабротнага насення для памнажэння досведу па ўсёй краіне.

Нягледзечы на існаванне ў Беларусі “Канцэпцыі развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь да 2015 года”, прынятай пастановай Савета міністраў № 943 ад 14 ліпеня 2003 году, рэформы ў сферы ЖКГ практычна не былі распачаты. А там жа ставіліся задачы давесці долю жыллёвага фонду, абслугоўваемага на конкурснай аснове, за 2006-2010 гады да 60%, а за перыяд 2011-2015 гадоў — да 100% шляхам стварэння прыватных арганізацый у большасці з формай упраўлення шматкватэрнымі жылымі дамамі — таварыствамі ўласнікаў (ТУ).

Канкурэнцыя, па задуме чыноўнікаў, павінна была прымусіць таго ж сантэхніка прыйсці ў патрэбны для заказчыка час, усміхнуцца з парога і ліквідаваць паломку сумленна. Тарыфы на адпаведныя паслугі, па ідэі, павінны былі пайсці ўніз.

Абслугоўванне жыллёвага фонду на конкурснай аснове, увогуле, — еўрапейская практыка. Значная колькасць жыллёвага фонду аб’яднана ў таварыствы ўласнікаў. Вось толькі канкурэнцыя ў сферы камунальных паслуг на парадак вышэйшая. У кожным сегменце дзейнічаюць дзясяткі арганізацый, і жыхарам толькі прыходзіцца выбіраць найбольш выгадныя тарыфы. І нават так званы хаўс-майстар у пошуках кліента здольны не толькі адрамантаваць кран або разетку, але нават павесіць люстру і выканаць фактычна любую работу дома.

Аднак форма ўпраўлення нерухомасцю праз стварэнне таварыстваў уласнікаў адпаведнай падтрымкі ў насельніцтва Беларусі не атрымала, хоць знешне выглядае, што бар’ераў для яе развіцця з прававога пункту гледжання няма, тым больш, што болей 80% жыллёвага фонду краіны знаходзіцца ў прыватнай уласнасці.

Напачатку 2006 году ў краіне існавала толькі 337 таварыстваў уласнікаў. У асноўным яны былі створаны ў новабудоўлях. На балансе дзяржаўных ЖЭУ знайходзіцца 97% жылых дамоў, астатнія 3% займаюць іншыя формы кіравання — ТУ, КІЗы, ЖБК і інш. Прыватных жа кіруючых кампаній на Беларусі крыху больш дзвюх дзесяткаў (і палова з іх — у Магілёве).

Па якасці абслугоўвання і ўтрымання, як і па знешнему выгляду фасадаў, прылягаючых тэрыторый, унутранаму выгляду пад’ездаў, гэтыя дамы значна выдзяляюцца ў лепшы бок ад суседніх, абслугоўваемых дзяржаўнымі ЖЭСамі. І гэта пры тым, што ТУ не атрымоўваюць дзяржаўныя датацыі па памерах ў той колькасці, колькі выдзяляецца сродкаў на раўназначныя жылыя дамы, абслугоўваемыя ЖЭСамі. У Магілёве ёсць нават прыклады, дзе ТУ ўтрымліваюць свае дамы цалкам за кошт жыхароў, без дзяржаўных датацый. Але дзякуючы эфектыўнаму выкарыстаню абсталявання, ашчаднасці жыхароў, памеры плат за камунальныя паслугі ў такіх дамах не перавышаюць памераў для жыхароў дамоў, эксплуатуемых арганізацыямі з атрыманнем дзяржаўных датацый, а ў некаторых выпадках — нават і ніжэй.

Дык чаму ж пры, здаецца, наяўнасці рэальных магчымасцяў па рэфармаванню ЖКГ зрухаў да лепшага так і не адбылося? Чаму праблемы, якія існавалі ў сферы ЖКГ на момант прыняцця закона “Аб мясцовым домаўладанні”, нягледзячы на зацверджаную урадам Канцэпцыю, на распрацаваныя шматлікія праграмы ў сферы ЖКГ, на рэалізацыю якіх з дзяржбюджэта і іншых крыніц фінансавання выдзелены аграмадныя сродкі, не зменшыліся, а, наадварот, па некаторых накірунках яшчэ больш абвастрыліся?

Аб вастрыні праблемаў у першую чаргу сведчыць тое, што, згодна са статыстычнымі справаздачамі Міністэрства ЖКГ, узровень пакрыцця плацяжамі насельніцтвам страт на прадастаўленне камунальных паслугаў знізіўся з 42,4% у 2005-м да 25% у 2011-м. Пры гэтым кошты камунальных паслуг для насельніцтва за гэтыя гады ўзраслі ў дзесяткі разоў.

Як паказвае практыка, нягледзечы на тое, што больш 80% жылля з’яўляецца ўласнасцю жыхароў, грамадзяне краіны так і не сталі сапраўднымі гаспадарамі свайго жылля. Адной з прычын гэтага з’яўляецца адсутнасць грамадска-прававых нормаў па кантролю грамадства за якасцю і колькасцю камунальных паслуг, а таксама — адсутнасць эканамічнай матывацыі для жыхароў ва ўпраўленні сваім жыллём.

Першыя парасткі актывізацыі грамадзян па месцы жыхарства з пачатку 90-х гадоў згодна закона “Аб мясцовым самакіраванні”, праз стварэнне дамавых і вулічных камітэтаў, іншыя формы самаарганізацыі, намаганнямі чыноўнікаў былі зведзеныя на “не”. Бо ва ўзрастаючай актывізацыі насельніцтва існуючая ўлада пабачыла для сябе пагрозу.

А 14 кастрычніка 2010 года, з мэтай кантролю за дзейнасцю кампаній-забудоўшчыкаў і таварыстваў уласнікаў, А.Лукашэнка падпісаў адпаведны ўказ № 538 “Аб некаторых пытаннях дзейнасці таварыстваў уласнікаў і арганізацый забудоўшчыкаў”.

Згодна з дакументам, толькі пасля ўзгаднення з мясцовай ўладай могуць быць прызначаны кандыдатуры на пасаду старшыняў праўленняў ТУ і арганізацый забудоўшчыкаў.

Уладам таксама надаецца права выносіць на разгляд агульных сходаў пытанне аб спыненні паўнамоцтваў кіраўнікоў. Мясцовыя чыноўнікі зараз маюць магчымасць прызначаць упаўнаважаных па кіраванню нерухомасцю, калі, па іх меркаваннях, забудоўшчык не забяспечвае захаванасць, утрыманне і эксплуатацыю жылых дамоў.

Як бачым, улады розных узроўняў пры наяўнасці разумення неабходнасці рэфармавання сферы ЖКГ усялякімі спосабамі імкнуцца прытармазіць гэтыя працэсы.

У чым жа справа?

Па-першае, пры пераводзе ЖКГ на новыя формы ўпраўлення і эксплуатацыі жыллёвага фонду па прыкладу заходнееўрапейскіх краін знікне неабходнасць у шматлікіх чыноўніцкіх структурах — ад камунальных аддзелаў пры рай- і гарвыканкамах да чыноўнікаў Міністэрства ЖКГ. А гэта тысячы чалавек, якія проста баяцца згубіць наседжаныя месцы працы.

Па-другое, захаванне формы ўпраўлення і эксплуатацыі жыллёвага фонду праз дзяржаўныя эксплуатацыйныя ўстановы дазваляе шматлікаму чынавенству ўмела хаваць свае недапрацоўкі і некампетэнтнасць, а часта проста і непрафесіяналізм у пытаннях эксплуатацыі аб’ектаў ЖКГ.

А нярэдка бывае, што захаванне старых формаў эксплуатацыі застаецца выгодным для чыноўнікаў, каб схаваць факты карупцыі.

У звязку з Канцэпцыяй развіцця і рэфармавання ЖКГ на 2006-2010 гады быў прыняты шэраг праграмаў, выканнане якіх павінна было станоўча паўплываць на паляпшэнне якасці прадастаўляемых паслуг насельніцтву.

Так, на рэалізацыю Дзяржаўнай праграмы па водазабяспячэнню і водаадвядзенню “Чыстая вада” на 2006-2010 гады было выдзелена 625,8 млрд. рублёў. Выкананне праграмы прадугледжвала развіццё сістэм водазабяспячэння і водаадвядзення, значнае паляпшэнне якасці пітной вады і сцёкавых вод ва ўсіх населеных пунктах краіны. Акрамя таго, для будаўніцтва 9 ачыстных збудаванняў на тэрыторыі краіны ў 2008-2010 гадах Сусветным банкам было выдзелена ўраду Беларусі 60 млн. долараў. Але на працягу 2006-2010 гадоў якасць пітной вады ў бальшыні населеных пунктаў пагоршылася. Нават былы старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Зянон Ломаць у сваім выступе на паседжанні прэзідыума Савету міністраў, якое адбылось 10 лістапада 2009 года, адзначыў факты пагаршэння якасці пітной вады ў некаторых рэгіёнах краіны.

З мэтай выканання мерапрыемстваў па павышэнню энэргаэфектыўнасці і энергабяспекі краіны Рэспубліканскай праграмай мадэрнізацыі сістэмы энэргазабяспячэння было прадугледжана на 2006-2010 гады фінансаванне ў памеры больш за 5 млрд. долараў. Але і гэтая праграма была праваленая.

Нават пастанова Савета міністраў па выкарыстанню мясцовых відаў паліўна-энэргетычных рэсурсаў не была паспяхова выканана. У выніку на шматлікіх прадпрыемствах сістэмы ЖКГ сабекошт адной Гкал. цяпла на мясцовых відах паліва аказаўся даражэй, чым ад выкарыстання прыроднага газу.

Да гэтай пары застаецца не вырашанай і праблема так званых “хрушчовак”. Для некаторых “хрушчовак” першых серый 50-гадовы тэрмін эксплуатацыі ўжо скончыўся, а ўлады на дадзены момант нават не маюць варыянта вырашэння гэтай праблемы. Прапановы ж грамадскасці, магчымых замежных інвестараў уладамі ўсяляк адмятаюцца...

Беларускія ўлады павінны нарэшце зразумець, што грамадзяне краіны здольныя самі вырашаць свае жыллёвыя патрэбы. Задача ўлады — не перашкаджаць, а ствараць спрыяльныя ўмовы грамадзянам для вырашэння гэтых патрэбаў, як тое робіцца ў цывілізаваных краінах свету.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Средний балл - 4.38 (всего оценок: 13)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева