Галіна Каржанеўская. ПРАБЛЕМА. Будаўнічыя “каралі” могуць усё?

Салідную вядомую кампанію жыхары шуганулі з двара, дзе яна збіралася будаваць краму і куды завезла бытоўкі і будматэрыялы.

 

Галіна Каржанеўская

Галіна Каржанеўская. Нарадзілася на Случчыне ў сям’і аграномаў. З бацькамі пераехала ў Лагойскі раён, дзе некаторы час настаўнічала пасля заканчэння БДУ (філфак). З 1981 г. жыве ў Мінску. Працавала на рэспубліканскім тэлебачанні і ў газеце “Літаратура і мастацтва”. Паэт, крытык, драматург. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Салідную вядомую кампанію жыхары шуганулі з двара, дзе яна збіралася будаваць краму і куды завезла бытоўкі і будматэрыялы. У маштабах краіны гэта дробязь, у маштабах горада — таксама не падзея. Ну, не заладзілася. Не так пайшло. З кім не бывае… Гэта калі не ведаць, хто раскрыў рот на зялёны куточак двара па вуліцы Лынькова: ТАА “Парфюм Трэйд”, што мае сетку крам “Міла” па ўсёй рэспубліцы! Пастаўшчык і вытворца касметыкі і бытавой хіміі. “Каралі”, як сказаў пра іх прадстаўнік адной дзяржаўнай установы, бездапаможна разводзячы рукамі…

Установа, між іншым, кантралюючая. Надзеленая паўнамоцтвамі.

На абарону куточка, дзе раслі каштаны і ўзімку каталіся дзеці, падняўся 7-ы дом. Нават не ўвесь дом — бліжэйшыя пад’езды. Інтэлігентныя пенсіянеркі з ціхімі галасамі сабралі подпісы і напісалі ў шэсць інстанцый.

Нішто не прадвяшчала поспеху. Санітарная служба горада перакінула скаргу архітэктарам, Адміністрацыя прэзідэнта — у гарвыканкам. (Цяпер арганізацыям дазволена адказваць праз месяц, што яны і робяць роўна на трыццаты дзень. Дзеля валакіты, само сабой.) Тым часам інфармацыя трапіла ў незалежную прэсу, пайшоў розгалас. Пералом у сітуацыі адбыўся, калі дэлегацыя з дома завітала на прыём у Дзяржбуднагляд. Начальніка ўстановы яны так і не пабачылі (хаця вельмі хацелі), затое для гасцей там паклікалі міліцыянера. На ўсялякі выпадак. На што яны, цікава, спадзяваліся?

Усё абышлося добра. Гэта падобна на цуд: жыхары дома дамагліся справядлівасці, не паспеўшы атрымаць ніводнай афіцыйнай адмовы! Першы адказ з’явіўся на дзвярах пад’езда, я прачытала яго тады, калі будаўнікі грузілі сваё цяжкое абсталяванне. Збіралі, што называецца, манаткі. У адказе на зварот, падпісаным намеснікам Фрунзенскай адміністрацыі К.А.Алёхіным, гаворыцца, нібыта “Парфюм Трэйд” сам папрасіў адклікаць рэгістрацыю ўласнага аб’екта. Тыпу перадумаў.

Няпраўда! Рашэнне аб пазбаўленні рэгістрацыі днём раней прыняла інспекцыя Дзяржбуднагляду, і на тое ў яе былі сур’ёзныя падставы. На руках у грамадзян ужо знаходзілася копія рашэння, калі ўсіх зацікаўленых і канфліктуючых паклікалі ў раён на “вытворчы сход”. Малады чыноўнік выступіў у ролі міратворца: і жыхарам спадабаўся, і паківаў пальцам прадстаўніку “Трэйда”; маўляў, трэба, хлопец, выконваць законы.

Ды не дае спакою пытанне: каму і навошта спатрэбілася выгароджваць заказчыка, скажаць факты? У якіх высокіх кабінетах сядзяць яго зацікаўленыя пакравіцелі?

Звярніце ўвагу яшчэ на дзве даты: 22 верасня “Парфюм Трэйд” абгарадзіў пляцоўку і вывесіў ліпавы тэхпашпарт (без прозвішчаў і тэлефонаў) — і толькі 29 верасня атрымаў дазвол на падрыхтоўку будпляцоўкі.

За ўсёй гэтай блытанай гісторыяй, як цень бацькі Гамлета, маячыць н е х т а з гарадскіх службаў, хто ў 2012 годзе паставіў на аўкцыён кавалачак зямлі, дзе любая новабудоўля не ўпішацца ў санітарныя нормы і дзе немагчыма нават развярнуцца цяжкай тэхніцы.

Робім высновы. Па ўсім відаць, што расійскія інвестары адчыняюць нагамі дзверы ўладных кабінетаў. Яны будуюць у Беларусі што хочуць і дзе хочуць. Яскравы прыклад — знішчаная дзеля прыхамаці “Газпрама” аўтастанцыя. Яны прыходзяць са сваімі грувасткімі, чужымі нашай ментальнасці праектамі, навязваюць свае тапонімы, ловяць рыбку ў мутнай вадзе бескантрольнасці. Як сказала адна жанчына, “рускі мір прыйшоў і камандуе”.

Цяпер абмяркоўваецца новы Генеральны план забудовы Мінска. Не ўсё, аказваецца, “ушчыльнілі”, не на кожную стаянку, дзіцячую пляцоўку, зялёную зону паставілі па высотцы. Спытаемся, каму выгадна? Толькі будаўнічаму бізнесу, якому спадабалася эканоміць на камунікацыях. Мала радуе перспектыва пакінуць нашчадкам не горад, а бетонна-шкляныя джунглі, дзе не ўбачыш травіны і дзе няма дрэва адпачыць птушцы.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

  • Молча поставил "пять". Я живу (пока) в относительно просторных зелёных зонах, в пятиэтажке. И мне жутко смотреть на территории нынешней тотальной застройки. Там индивидуальность личности (если она и наклёвывалась) нивелируется громадьём зданий, потоками личных авто и чувством общей бессмысленности всей этой жизни. Ну, прожили мы 21 год под "мудрым управлением" - к чему пришли? Так дайте хоть где-то пройтись, где-то присесть, да посмотреть на линию горизонта, не заставленную железобетонными громадинами... Хотят и это право отнять. У городского обывателя должен быть "пригород", "загород", просторный сквер, чтоб отвлечься от суеты... А это планомерно и пошагово ликвидируется. И такая данность необратимо калечит психику...