«Прэзідэнт» і «Бог» — абодва з вялікай літары
З вялікай літары абавязкова будзе пісацца слова «Прэзідэнт». Што будзе з тымі, хто не згодзіцца? За парушэнне правілаў юрыдычнымі і фізічнымі асобамі закон...
З увядзеннем закона «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» 1 верасня 2010 года ніякіх значных змен у беларускім правапісе не адбудзецца, сцвярджаюць чыноўнікі. Пры гэтым з’явіцца каля двух дзесяткаў арфаграфічных зменаў. Такім чынам, тым, хто прафесійна карыстаецца пісьмовай мовай, прыйдзецца спадзявацца толькі на пераходны перыяд.
Дырэктар Інстытута мовы і літаратуры імя Я.Коласа і Я.Купалы НАН Беларусі Аляксандр Лукашанец на прэс-канферэнцыі 15 верасня падкрэсліў — мы дасюль карыстаемся правіламі арфаграфіі, што ўведзены ў 1959 годзе. Змяненні ў правілах не з’яўляюцца рэформай. Апошняя была ў 1933 годзе: «Тады ў параўнанні з граматыкай Тарашкевіча былі прыняты кардынальныя змены, якія і былі рэформай. Зараз жа адбываюцца толькі ўдакладненні, якія з’яўляюцца натуральнай з’явай. Новыя правілы — усяго толькі новая рэдакцыя дзеючых правіл, і кардынальна асноўных прынцыпаў беларускаго правапісу не змяняюць».
І ўсё ж такі, што гэта за ўдакладненні? Закон спрашчае правілы пераносу слоў, а таксама пашырае прынцып «акання». Напрыклад, правільна пісаць «камп’ютар», «шніцаль», «літар». На канцы слова ў адпаведнасці з вымаўленнем будзем пісаць «э» (рэзюмэ).
Як растлумачыў саветнік міністра адукацыі па сувязях са СМІ і грамадскасцю, загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі БДУ Віктар Іўчанкаў, гэта звязана з новым падыходам да іншамоўных слоў: «Не можа так быць, каб слова, трапляючы ў мову з іншай, падпарадкоўвала яе сабе. Наадварот, яно павінна падлягаць законам мовы, дзе апынулася. У нас жа было інакш, таму і пісалі «ва універсітэце», хоць і вымаўлялі ў гэтым слове «ў». Гэта выключэнне цяпер скасавалі». Такім чынам, распаўсюджанне «ў» пашыраецца. Мы павінны будзем пісаць пасля галосных «ўніверсітэт», «ўнісон».
Старшыня ГА «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» Алег Трусаў заўважыў на гэты конт у інтэрв’ю «Белорусским новостям», што мове на карысць пашырэнне акання. Слушнай зменай, кажа А.Трусаў, з’явіцца і большая прысутнасць у мове «ў». «Гэта станоўчыя змены. Чым менш выключэнняў, тым лепшая мова», — сказаў старшыня ТБМ.
З’явіўся пералік слоў, якія пішуцца з вялікай літары. У прыватнасці, згодна з новымі правіламі, з вялікай літары трэба пісаць назвы органаў улады, арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў, пасад, званняў і тытулаў.
З вялікай літары абавязкова будзе пісацца слова «Прэзідэнт». На думку Аляксандра Лукашанца, у выпадку з гэтым словам няма ніякай навізны і інтрыгі. Раней, маўляў, пісалі ж з вялікай літары Генеральны Сакратар ЦК, цяпер будзем пісаць «Прэзідэнт». «І гэта зразумела — не было ў краіне свайго прэзідэнта, вось і не было такога слова ў слоўніку з вялікай літары. Зараз жа з верасня 2010 года ўсе будуць павінны пісаць гэтае слова правільна».
Што будзе з тымі, хто не згодзіцца? За парушэнне правілаў юрыдычнымі і фізічнымі асобамі закон не ўстанаўлівае меру адказнасці. Што да навукоўцаў, яны могуць, як заўважыў Аляксандр Лукашанец, толькі вынесці вердыкт — напісана правільна ці не. Што будзе пасля гэтага, ніхто насамрэч не ведае.
З вялікай літары будуць пісацца па новых правілах і словы «Бог», «Гасподзь». Алег Трусаў заўважыў, што вельмі ўсцешаны такой зменай: «Рэлігійныя назвы будуць пісацца з вялікай літары, як прынята ва ўсім свеце. Я цалкам падтрымліваю тое, што мы адыдзем у напісанні гэтых слоў ад савецкай антырэлігійнай спадчыны».
Што да напісання яшчэ шмат якіх казённых слоў з вялікай літары, ён заўважыў: як бы там нi раздражняла неабходнасць пісаць пэўныя словы з вялікай літары, добра, што назва дзяржавы Вялікае Княства Літоўскае будзе пісацца таксама з вялікай.
Недастатковае выкарыстанне беларускай мовы як дзяржаўнай Алег Трусаў, дарэчы, і лічыць тым фактарам, які павінен быў прыпыніць змены ў арфаграфіі. «Змены сапраўды не вельмі істотныя, а складанасцяў выклічуць шмат. На мой погляд, зараз лепш было б не чапаць нічога. Спачатку трэба было б пашырыць ужытак мовы, а потым рабіць рэформы. Баюся, мы пачнем блытаць тых людзей, якія мовай як раз карыстаюцца».
Ягоная пазiцыя тлумачыцца перш-наперш тым, што беларуская мова не займае таго месца у грамадстве, якога яна вартая. Таму і кажа Алег Трусаў, што найперш трэба было б пачаць сапраўдную беларусізацыю грамадства, а потым заняцца тонкімі пытаннямі мовы. Калі ўжо пачалі змяняць, трэба было б вярнуць мяккі знак, кажа ён. Маецца на ўвазе яго выкарыстанне ў такіх словах, як «с(ь)нег», «сумлен(ь)не»: «Мова наша адметная сваёй мяккасцю. Трэба таксама шырэй ужываць часціцу «ня». Думаю, гэта будзе зроблена, калі вырашыцца палітычнае пытанне стаўлення да мовы».
І ўсё ж такі Алег Трусаў выказаў неразуменне, што за неабходнасць такая — прымаць у Беларусі закон аб арфаграфіі: «Звычайна такім пытаннем займаюцца навукоўцы і ўсё. Ці не ёсць гэта крок да поўнай забароны тарашкевіцы на палітычным узроўні? Мне здаецца, што тут наогул больш палітыкі, чым філалогіі».
Аляксандр Лукашанец на гэты конт выказаўся так: «Тарашкевіца — гэта наша культурная і гістарычная спадчына, якую мы павінны шанаваць. Будзе абсалютна нармальна, калі нейкія факсімільныя выданні, выданні беларускіх пісьменнікаў, навуковыя творы будуць напісаны гэтым правапісам. Да гэтага трэба правільна адносіцца».
Пры гэтым ён падкрэсліў, што тарашкевіца ў перыядычных выданнях, у сферы навучання — зусім іншае пытанне. Там павінны быць адзіныя арфаграфічныя нормы. «Не справа школьніка, чытача думаць, правільна ці не напісана нешта ў падручніку ці газеце, — сказаў ён. — Чалавек павінен верыць надрукаванаму тэксту. Улічваючы нашу моўную сітуацыю, неабходнасць падтрымаць, пашыраць выкарыстанне пісьмовай беларускай мовы ў розных сферах, нам неабходныя адзіныя стабільныя абавязковыя для ўсіх правілы правапісу. Без гэтага беларуская мова не можа прэтэндаваць на дастойнае месца ва ўсіх сферах ужытку, дзе яна павінна выкарыстоўвацца як дзяржаўная».
Обсудим?