Павел Севярынец. ФЕНАМЕНАЛОГІЯ БЕЛАРУСІ. Мова, дар Божы
Павел СЕВЯРЫНЕЦ
Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.
Мова — плоць і кроў нацыянальнай ідэі. Феномен слова найбольш поўна выяўляе ў нас вобраз і падабенства Божае: «Напачатку было Слова, і Слова было ў Бога...» (Яна, 1:1)
Народжаная ў вялікім міжмоўі, беларуская мова стагоддзямі ўзбагачала суседзяў і прымала запазычанні — але так і засталася найбліжэйшай да індаеўрапейскага санскрыту й самай чыстай са славянскіх.
Скрышталізаваная хрысціянскім Сярэднявеччам, яна стала мовай першадрукара Бібліі ва Ўсходняй Эўропе, мовай евангельскіх місіянераў у Расіі, Прыбалтыцы, Польшчы, Украіне, афіцыйнай мовай ВКЛ і сродкам дыпламатычных дачыненняў у Балта-Чарнаморскім міжмор'і, ад Лівоніі да Валахіі. Статус дзяржаўнай беларуская мова атрымала ўжо ў ХІV ст. — у той жа час, што і ангельская — і, між іншым, раней за французскую ды расійскую.
Выціснутая польскай у тоўшчу вуніяцкага сялянства ў Рэчы Паспалітай, забароненая імпэратарам Мікалаем І разам з назвай «Беларусь», яна стагоддзямі вучыла акаць окаянную Россию. Урэшце рэшт, яна вымкнула з самых глыбіняў у вершах Багушэвіча, п'есах Дуніна-Марцінкевіча й паэмах Купалы, каб Беларусь загучала зноў. І нягледзячы на бальшавіцкі гвалт 1933 г., «зліццё» й 70-гадовую русіфікацыю, паводле апошняга перапісу больш 30% беларусаў пазначылі, што гутараць па-беларуску дома й 53,2% назвалі мову роднай. Таму і ТБМ для Беларусі — не культурніцкая арганізацыя, а брэнд нацыянальнага Адраджэння.
Ізьвесная трасянка, на каторай січас гаварыт бальшынство беларусаў, у цэлым захавала найбольш глыбінныя пласты — фанэтыку, граматыку й лад жывое беларускае мовы, саступіўшы расійскай адно ў лексіцы. Таму поўнае аднаўленне беларускасці магчымае на працягу аднаго-двух пакаленняў.
Беларуская мова ўнікальна паўнагалосная, з гаворкаю нараспеў. Паводле філалогіі, гэта ёсць адным з ключавых адрозненняў беларускай ад расійскай: «Рускі націск сілавы, ён моцна рэдуцыруе ўсе галосныя, апрача націскнога, літаральна сцягваючы слова ў адзін вымаўляльны такт; беларускі ж націск характарызуецца даўжынёй (квантытатыўнасьцю), ды яшчэ з моцным тэмбравым абэртонавым раскочваннем па ўсім складовым прасцягу слова. Гэта — другое паўнагалоссе, што адбылося ў перыяд узнікнення старабеларускай мовы, і якое не назіралася ў рускай.» (А. Яскевіч, «Сумежжа»)
Як ні стараліся захопнікі — мову ў нас не адняло.
Беларускамоўнасць яшчэ не азначае беларускасці. Бо, як напісана да Карынцянаў, 3:1: «Калі я гавару мовамі чалавечымі й анёльскімі, а любові ня маю, дык я — медзь звонкая або кімвал гулкі».
Але мілагучная, вытанчаная, звонкая, паводле спеўнасьці другая ў Еўропе пасля італійскай, з той празрыстай мяккасцю, якой так бракуе цвёрдай расійскай і якая ўжо невыпраўна шыпіць у польскай, напоўненая усім сумоўем Міжмор'я, прасякнутая еўрапейскай далікатнасцю й налітая ўсёй славянскай сілаю — беларуская мова Самім Госпадам Богам створаная для словаў любові. Для слёзаў пакаяньня, малітвы і евангельскай прамовы. Для палкай, пранізлівай й узнёслай пропаведзі Хрыста.
Мова веры, праўды, святасці, пяючая, захапляючая сваёй простасцю, лёгкасцю й мелодыкай — у беларускай ёсць штосці незямное, як у выдуманай эльфійскай ці нябёснай анёльскай.
Сучасная беларускамоўнасць — безумоўная прыкмета эліты. Гаворыш па-беларуску — значыць, пісьменнік, настаўнік або палітык. Беларуская мова — гэта інтэлігентнасць. Нават больш — гэта сама культурнасць.
У аканні і яканні, зацвярдзенні «ч» і «р», дзеканні й цеканні, фрыкатыўным «г» і «падаўжэнні зычных у інтэрвакальным становішчы» пераліваецца ўсё бруенне водаў, смак солі й маміна малако, усе шумы беларускага лесу, спевы птушак, стогны болю й воклічы перамогаў усяе беларускае гісторыі. У абаротах беларускай мовы спрацоўваюць твае гены, заводзяцца гармоны, з яе іскрамі ўспыхвае ментальнасць. У яе хвалях і рытмах пульсуе жывое Сэрца.
Размаўляць па-беларуску, перакладаць на беларускую, думаць на беларускай і слухаць беларускае — невымоўнае шчасце для кожнага, хто нарадзіўся на гэтай зямлі.
З кнігі «Люблю Беларусь»
Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. |
Обсудим?