Замежныя дыпламаты зноў пісалі беларускую дыктоўку

 

24 чэрвеня ў пасольстве Венгрыі адбыўся ўрачысты прыём з нагоды завяршэння старшынства краіны ў Еўрасаюзе, перадае БелаПАН.

У межах гэтай падзеі прайшоў другі этап дыктоўкі па беларускай мове ў знак салідарнасці з палітычнымі зняволенымі і ўзнагароджанне ўдзельнікаў першага этапу.

У гэты раз эстафетная дыктоўка па "Лістах з-пад шыбеніцы" нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага пісалі тыя, хто не прысутнічаў 16 мая ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча мінскага касцёла Святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл). Гэта пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Розмары Томас, новы пасол Польшчы Лешак Шарэпка, в.а. часовага паверанага ў справах ЗША Крыстафер Паніка, часовы павераных ў справах Румыніі Канстанцін Ерамія, дарадчык-пасланнік пасольства ФРГ Петэр Дэтмар, намеснік галоўнага рэдактара газеты "Народная воля" Святлана Калінкіна, лідар кампаніі "Гавары праўду!" Уладзімір Някляеў, намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, шэф-рэдактар газеты "Наша ніва" Андрэй Дынько, маці зніклага тэлеаператара Дзмітрыя Завадскага Вольга.

Прысутныя на сустрэчы родныя асуджаных і палітэмігрантаў Галіна Сіўчык, Таццяна Севярынец, Людміла Мірзаянава, Ала Саннікава, Клаўдзія Буланава, Надзея Макарэвіч, Софія Курач-Афнагель і Юзэфа Чантарыцкая-Адамовіч выканалі песню пад акампанемент Юліі Фраловай "Малітва за Беларусь".

У мерапрыемстве таксама ўдзельнічалі кіраўнік прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Беларусі Жан-Эрык Хольцапфель, паслы Францыі, Чэхіі і Эстоніі Мішэль Рэнеры, Іржы Карас і Яак Ленсмент, а таксама былы кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін.

Нагадаем, правядзенне агульнанацыянальнай дыктоўкі было ініцыявана кандыдатам філасофскіх навук Уладзімірам Падголам і інфармацыйнай кампаніяй БелаПАН.

На здымках:
1 — Галіна Сіўчык уручае кнігу ў падарунак паслу Венгрыі Ферэнцу Контру;
2 — (на першым плане) Святлана Калінкіна і Крыстафер Паніка;
3 — Ала Саннікава;
4 — (злева направа) Галіна Сіўчык і Розмары Томас;
5 — Андрэй Дынько піша пад дыктоўку Лешака Шарэпкі;
6 — Уладзімір Някляеў;
7 — Петэр Дэтмар асвойвае беларускую мову з дапамогай Рыгора Кастусёва;
8 — Розмары Томас дэманструе падараную майку;
9 — (злева направа) Мішэль Рэнеры і Уладзімір Падгол.