Уладзімір Падгол. ДЫКТОЎКУ “Лісты з-пад шыбеніцы” пісалі душа і сэрца Каліноўскага

Няма ж, браткі, большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек у галаве мае розум і навуку. …

 

Уладзімер Падгол. Кандыдат філасофскіх навук. Апошні запіс у працоўнай кніжцы: з лютага 1997 года — кіраўнік інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Прэзідыюма Вярхоўнага Савета 13-га склікання. Аўтар «Падручніка па апазыцыйнай барацьбе», кнігі «Асновы палітычнай псіхалогіі», раманаў «Куля для прэзідэнта», «Валадар Кулі», «Чортавы жорны», а таксама канцэпцыі амерыканскага «Акта аб дэмакратыі ў Беларусі». Кіраўнік ГА «Інфармацыйныя і сацыяльныя іннавацыі». Стваральнік Музея жорнаў.

Таварыства беларускай мовы (ТБМ) ладзіць чацвёртую Ўсебеларускую дыктоўку. Першы этап яе пройдзе ў дзень родных моваў, які, паводле ААН, адзначаецца 21 лютага, другі — 15 сакавіка, у дзень прыняцця Канстытуцыі, паводле якой беларускай мове быў нададзены статус дзяржаўнай, і трэці — 25 сакавіка, на чарговыя ўгодкі БНР. ТБМ прапанавала пісаць дыктоўку па тэкстах класіка нашай літаратуры Максіма Багдановіча.

Я як колішні ініцыятар правядзення усебеларускіх дыктовак падтрымліваю ідэю ТБМ і маю намер прыняць удзел ва ўсіх трох этапах акцыі.

Папярэднія дыктоўкі прайшлі так, што пакінулі адно галоўнае уражанне: мы робім святую і духоўную справу. Гэта тое, што патрэбна зараз нашай мове, — увага грамадскасці. Акрамя таго, нашыя дыктоўкі — гэта сімвалы, грамадзянскія акцыі. Яны праходзяць не толькі ў Менску ці рэгіёнах, але і па-за межамі — усюды, дзе жывуць беларусы. Не толькі ў памяшканнях, але і на вуліцах — там, дзе і павінна панаваць наша мова. Нагадаю, як пад час першай дыктоўкі ў 2008 годзе віцебскі актывіст Барыс Хамайда пісаў дыктоўку ў самым людным месцы Віцебска, ў атачэнні міліцыянтаў з аўтаматамі. І не толькі дапісаў да апошняй кропкі, але і разгаварыў міліцэйскага начальніка, і той прызнаўся, што любіць беларускую мову. І потым прапанаваў: “Калі нехта вам тут будзе перашкаджаць, званіце! Мы абаронім”.

Яшчэ ўразіла дыктоўка, напісаная славутым Міронам: ён пісаў, укленчыўшы на самым высокім будынку Віцебска, — пасля гэтага над горадам зноў узнёсся нацыянальны сцяг.

Важным момантам дыктовак і добрай традыцыяй стаў ужо ўдзел у іх амбасадараў замежных краін. Разам з інфармацыйнай агенцыяй БелаПАН нам удалося выклікаць цікавасць да дыктовак з боку замежнікаў. Пад час першай дыктоўкі фактычна адбыўся паэтычны фестываль, гучалі вершы на мовах розных краінаў Еўразвяза і пераклады іх на беларускую мову, выкананыя Васілём Сёмухам ды Валерам Стралко.

Летась да акцыі далучылася Прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза. Дыктоўка пісалася ў Нацыянальным гістарычным музеі у залі, дзе была выстаўлена экспазіцыя, прысвечаная Грунвальдскай бітве. Удалося далучыць да яе афіцыйныя структуры, супрацоўнікаў беларускага МЗС, дзяржаўных СМІ. Паводле маёй ідэі, дыктоўка праходзіла ў форме “эстафетнага перапісу Бібліі”.

У мінулым годзе я прапанаваў такую форму дыктоўкі, як перапіс Бібліі, і ў будынку музея яна пісалася менавіта такім чынам. Прыемна, што нешта падобнае адбываецца і зараз: сябры БХД ад рукі перапісваюць фрагмэнты Бібліі і дасылаюць лісты палітзняволеным. Вельмі добрая ідэя! Калі б была такая мажлівасць, я б асабіста даслаў па Бібліі ў перакладзе Сёмухі кожнаму палітычнаму зьняволенаму.

Увогуле, адметнасцю сёлетняй дыктоўкі павінна стаць салідарнасць з палітзняволенымі. На ўгодкі БНР агульнанацыянальная дыктоўка можа быць напісаная палітычнымі актывістамі, паплечнікамі зняволеных палітыкаў, кандыдатамі ў прэзідэнты, якія застаюцца на волі, на базе “Лістоў з-пад шыбеніцы” Кастуся Каліноўскага. Зрэшты, раптам удасца арганізаваць напісанне дыктоўкі нават у засценках КДБ? Тэкст дыктоўкі трэба накіраваць зняволеным поштай. А калі, дай Бог, іх вызваляць да нацыянальнага свята, то яны змогуць пісаць яе разам з намі.

Было б цудоўна, каб усе кандыдаты ў прэзідэнты ды лідэры партый, якія знаходзяцца на волі, пісалі дыктоўку разам у адзін час і адным месцы — і тым самым зрабілі крок да яднання апазіцыі. Яднання вакол нацыянальных каштоўнасцяў, дзе агульнанацыянальным лідэрам ёсць не нейкі ідал, а Мова.

Пісаць такую дыктоўку пажада публічна, напрыклад, ля помнікаў класікам беларускай літаратуры. Тэксты і месцы напісання такім чынам маглі б утварыць супольную Плошчу Свабоды. І не сумняваюся, што да яе далучацца беларусы па ўсім свеце.

Адмысловы тэкст для такой дыктоўкі на падставе “Лістоў з-пад шыбеніцы” Кастуся Каліноўскага зараз рыхтуе паэт Сяргей Законнікаў. Чаму менавіта ён? Я прапаноўваў узяцца за такую працу некалькім літараратам, але ўсе адмовіліся. І тут я ўзгадаў верш спадара Законнікава, напісаны ім у васемнаццацігадовым узросце:

Каліноўскі.

З агаркам свечкі ў лабірынце лесвіц
Не быў ён схоплены, а сышоў уніз,
Дзе хмары на крыжы касцёлаў лезлі,
Дзе Вільні разбягаліся агні.
Як факелы, яго гарэлі вочы,
Якім не тухнуць доўгія вякі,
І толькі вецер выдзімаў праз вокны
“Мужыцкай праўды” белыя лісткі.

І падумаў: гэты чалавек — у тэме. Пазваніў яму і прапанаваў. І Законнікаў адразу пагадзіўся. Дарэчы, першую ўсебеларускую дыктоўку Законнікаў пісаў разам з жонкай, дзецьмі, зяцем і унукамі!

…Ніколі не ведаеш, чым скончыцца жыццё народжанай табой ідэі. Чатыры гады таму ініцыятыву першай дыктоўкі некаторыя палітычныя лідэры БНФ, што для мяне было зусім нечакана, сустрэлі ў штыкі. Але вось цяперашнюю ідэю — пісаць на падставе тэкстаў Каліноўскага — палітычныя лідэры, з якімі я ёю падзяліўся, прынялі станоўча. Таму ў мяне моцнае спадзяванне, што яна будзе ажыццёўленая, і не толькі кожны з удзельнікаў дыктоўкі, але і ўсё наша грамадства адчуе, што такое беларуская салідарнасць.

Тэкст, які неўзабаве прапануе Сяргей Законнікаў, зразумела, не ёсць абавязковы. Больш таго, прыхільнікі дыктоўкі салідарнасці з палітвязнямі самі могуць ствараць тэксты, грунтуючыся на “Лістах з-пад шыбеніцы”. І па прыкладу сябраў БХД, хай дасылаюць гэтыя тэксты зняволеным. Такія лісты стануць яшчэ адной крыніцай мацавання духу.

Дарэчы Анатоль Белы — кіраўнік грамадзкага аб’яднання Спадчына — ужо працуе над тэкстамі “Лістоў з-пад шыбеніцы”, і сябры его клуба маюць намер пісаць дыктоўку, складзеную сваім кіраўніком на аснове лістоў Каліноўскага, 21 лютага ў бібліятэцы Чырвонага касцёла.

А можа, палітвязні складуць свае тэксты і дашлюць іх нам на волю.

Даю і свой прыклад з Кастуся Каліноўскага, які мог бы быць пакладзены ў аснову тэкста для агульнанацыянальнай дыктоўкі.

Ліст з-пад шыбеніцы

Браты мае, мужыкі родныя.

З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці, і, можа, раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, — но не жаль згінуць за тваю праўду.

Прымі, народзе, па-шчырасці маё слова прадсмертнае, бо яно як з таго свету толькі для дабра твайго напісана.

Няма ж, браткі, большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек у галаве мае розум і навуку. Тагды ён толька магчыме жыці ў багацтве, па праўдзе, тагды ён толька, памаліўшысь Богу, заслужыць неба, калі збагаціць навукай розум, разаўе сэрца і радню цэлу сэрцам палюбіць.

Но як дзень з ноччу не ходзіць разам, так не ідзе разам навука праўдзіва з няволяй маскоўскай. Ды пакуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе, не будзе праўды, багацтва і ніякай наукі, - адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, но на пагібель нашу.

Для таго, Народзе, як толька калі пачуеш, што браты твае з-пад Варшавы б’юцца за праўду й свабоду, тагды і ты не аставайся ззаду, но ўхапіўшы за што зможаш, — за касу, сякеру, — цэлай грамадой ідзі ваяваці за сваё чалавечае і народнае права, за сваю зямлю родную.

Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжэ не будзе.

Твой слуга

Яська-гаспадар з-пад Вільні

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.



  • Кастусь Каліноўскі? К примеру, в Википедии о нем пишется: «… нарадзіўся ў вёсцы Мастаўляны Гарадзенскага павету (зараз у Падляскім ваяводстве ваяводстве Польшчы) у сям"і беззямельнага шляхціца… Неўзабаве пасля атрымання ўніверсітэцкага дыплому са ступенню кандыдата права, на пачатку вясны 1861 года Каліноўскі вярнуўся на Радзіму і распачаў стварэнне на Гародзеншчыне рэвалюцыйнай арганізацыі… Улетку 1862 года Каліноўскі разам з паплечнікамі з Гарадзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі Феліксам Ражанскім, Станіславам Сангінам і Валерам Урублеўскім распачаў выпуск «Мужыцкай праўды» — першай у гісторыі газеты на беларускай мове… У 1862 годзе Каліноўскі ўжо ўваходзіў у склад Літоўскага правінцыйнага камітэту (ЛПК) - цэнтральнага органа падрыхтоўкі паўстання на тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю (зараз - тэрыторыя паўночнай Літвы і Заходняй Беларусі. А ўвосень таго ж году стаў яго старшынёй. Кастусь стаяў на чале часткі рэвалюцыянераў, якіх адрозна ад лібералаў ("белых") звалі "чырвонымі". Гэты напрамак вызвольнага руху прадугледжваў дэмакратычную рэспубліку, перадачу зямлі сялянам, самавызначэнне народаў былой Рэчы Паспалітай. "Белыя" ж бачылі галоўнай мэтай паўстання толькі аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 году… Пад час следства і суду Кастусь Каліноўскі цверда стаяў на сваёй пазіцыі і адмаўляўся супрацоўнічаць са следствам. ... Царскі ваенна-палявы суд вынес пастанову: пакараць Каліноўскага смерцю на шыбеніцы. Кастусь Каліноўскі быў публічна павешаны на гандлёвым пляцы Лукішкі ў Вільні… З турмы Каліноўскі перадаў на волю «Лісты з-пад шыбеніцы»: