Пачаўся Пяты фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі АD.NAK
22 красавіка стартаваў Пяты, юбілейны, Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK!. Фестываль традыцыйна будзе прадстаўлены ў новай канцэпцыі, а менавіта: Думай глабальна – дзейнічай лакальна!
Карыстаючыся гэтым трэндавым лозунгам, Фестываль AD.NAK! сёлета абвяшчае:»Трэба так! Дбай пра сваё – не прагадаеш!», паведамляе аргкамітэт. Генеральным партнёрам Фестывалю ў гэтым годзе выступіла кампанія velcom.
Аргкамітэт Фестывалю AD.NAK! робіць акцэнт на прыцягненні да ўдзелу перш за ўсё маладых талентаў, для якіх у пачатку прафесійнага шляху вельмі важная практычная рэалізаванасць сваіх працаў. Таму ўдзельнікам прапанаваная багатая і разнастайная конкурсная праграма, дзе канкурсанты змогуць паказаць свае прафесійныя здольнасці ў стварэнні рэкламы розных фарматаў – білборды і постары, інфаграфіка, аўдыёрэклама, сувенірная прадукцыя, а таксама стварэнне айдэнтыкі брэндаў і гандлёвых марак.
Прыём працаў да ўдзелу ў намінацыях і конкурсах пятага Фестывалю AD.NAK! распачынаецца 22 красавіка. Дэдлайн прыёму работ прызначаны на 9 чэрвеня. А фінальная частка Фестывалю – урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў з папярэдняй адметнай адукацыйнай праграмай – пройдзе 27 чэрвеня ў Мінску.
«Мы вырашылі першымі з усіх статусных рэкламных фестываляў увесці ў актыўны ўжытак такі конкурсны фармат, як воркшоп. Аднак удзельнікі гэтага фармату адначасова з’яўляюцца ўдзельнікамі адпаведнага конкурсу, і аўтары найлепшых праектаў атрымаюць прызы і магчымасці практычнай рэалізацыі сваіх ідэй», – адзначыў Сяргей Скараход, кіраўнік праекта Marketing.by.
«Штогод Фестываль AD.NAK! адзначае ўсё большую колькасць якасных і амбітных рэкламных праектаў. У той жа час і колькасць цікавых культурніцкіх праектаў расце. Аднак далёка не ўсе культурніцкія праекты могуць дайсці да свайго спажыўца, ім не хапае камунікацыі. І Фестываль – гэта тая пляцоўка, якая дае магчымасць адбудаваць гэтую камунікацыю, “пасябраваць” культуру і бізнес, культуру і маркетынг, узбагачаючы адно аднаго. Мы мяркуем, што дбаць пра сябе, сваю зямлю, сваю культуру – гэта найлепшы спосаб быць цікавым для іншых у сучасным глабалізаваным свеце», – кажа Ніна Шыдлоўская, каардынатарка грамадскай культурніцкай кампаніі «Будьма беларусамі!».
Обсудим?