Фэрмэр Мікалай Чубянок: “Я столькі ўклаў сродкаў у гэтую фэрму. А тут такое”

Фэрмэр з Хойніцкага раёну адмовіўся даць тры літры малака, каб яго паўторна праверылі ў менскай лябараторыі.

Нашумелая гісторыя аб тым, што карэспандэнты агенцтва Аssociated Press знайшлі на ўскраіне чарнобыльскай зоны адчужэньня ў Беларусі фэрму, якая вырабляе і прадае радыеактыўнае малако,  абляцела інтэрнэт ці адно ня так, як чарнобыльскае воблака абагнула зямны шар.

Такая фэрма сапраўды ёсьць побач зь вёскай Губарэвічы Хойніцкага раёну — апошнім жывым паселішчам перад Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалягічным запаведнікам. І належыць яна фэрмэру Мікалаю Чубянку.


Мікалай Чубянок на сваёй фэрме ў Губарэвічах

Зрэшты, яшчэ ня так даўно гэта была дзейная фэрма КСУП “Стралічава”. Узімку 2012 году тут здарыўся пажар, і ад таго часу яна як саўгасная вытворца малака перастала існаваць. Бо на адлегласьці нейкіх васьміста мэтраў існуе яшчэ адна, нашмат большая саўгасная фэрма. Цяпер тут вядзецца рэканструкцыя. Зь іншага боку стралічаўскае сельгаспрадпрыемства дабудоўвае на уезьдзе ў вёску яшчэ адну фэрму.

Мікалай Чубянок на словах пераконвае, што ў яго малако чыстае, адпавядае беларускім нарматывам, бо сыравіну рэгулярна правярае Хойніцкі вытворчы ўчастак ААТ “Мілкавіта”, куды фэрмэр малако прадае.

Нейкіх канкрэтных дакумэнтаў праверкі якасьці малака фэрмэр паказаць ня можа:

“Усе паперы дома, імі займаецца жонка, а яна сёньня ў камандзіроўцы ў Менску. У нас праблемаў з малаком ніколі не было. Працуе малакаправод — малако з паветрам нідзе не кантактуе. Калі б былі праблемы з якасьцю, нам малако вярнулі б назад і фэрму паставілі б на каранцін. Учора прыязджалі з вэтлябараторыі й раённага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі — узялі яшчэ дзьве пробы нашага малака. Акты склалі, я падпісаўся”.

Высокі ўзровень утрыманьня радыёнуклідаў стронцыю-90 ў малацэ з фэрмы (37,5 Бк/кг), выяўлены лябараторыяй Менскага гарадзкога цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі, Чубянок схільны лічыць ледзь не правакацыяй карэспандэнтаў Аssociated Press:

“У любой канаве вазьміце вады і наліце ў тое малако — і яно пакажа. Яны ж мне расказвалі, што езьдзілі ў запаведнік, кудысьці туды ў Масаны. У маіх працаўнікоў яны папрасілі папіць малака, а павезьлі на аналіз. Чаго яны не ўзялі малака з саўгаснай фэрмы — вунь яна побач? Дый мала таго малака для аналізу — патрэбна тры літры”.

Прапаную фэрмэру даць мне тры літры свайго малака, каб завесьці на аналіз у тую ж менскую лябараторую для паўторнай праверкі. Бо паверыць у нейкія маніпуляцыі журналістаў з малаком — верх абсурду, звычайны агавор, да таго ж усякія “далівы” адбіваюцца на паказьніку шчыльнасьці малака, наяўнасьці мэханічных прымесяў. Так можна дагаварыцца і да іншай крайнасьці: калі канаваў са стронцыевай вадою ўсюды поўна, то зь іх і каровы маглі напіцца, ходзячы на выпасе.

“Не, без прадстаўнікоў цэнтру гігіены ды “Мілкавіты” я малака на аналіз ня дам, — кажа Чубянок. — Зь мяне й так ужо пасьмяяліся. Я столькі ўклаў сродкаў у гэтую фэрму, стварыў дзесяць працоўных месцаў. У маёй даяркі пяцёра дзяцей, у жывёлавода — шасьцёра. Яны працуюць, ім сем’і карміць трэба. А тут такое”.


Будучы фэрмэр каля кармушак з маладняком

Пагаджаюся на прапанову ўзяць пробы малака ў прысутнасьці прадстаўнікоў згаданых фэрмэрам службаў. Мікалай Чубянок тэлефануе ў Хойнікі й паведамляе, што хутка яны прыедуць на фэрму.

Пакуль чакаем, пытаюся пра кармы, якія спажываюць каровы, бо менавіта праз кармленьне радыенукліды ўключаюцца ў біялягічны лянцужок — мігруюць з зямлі ў расьліны, ад іх — жывёле і ўрэшце трапляюць праз харчы ў арганізм чалавека.

У залежнасьці ад аб’ёму таго ці іншага прадукту, які спажывае чалавек, Міністэрства аховы здароўя і вызначае дапушчальныя ўзроўні ўтрыманьня радыянуклідаў у прадуктах харчаваньня. На малако й малочныя харчы дапушчальны ўзровень: цэзій — да 100 Бк/кг , стронцый — да 3,7 Бк/кг.

Чубянок распавёў, што летась яму не ўдалося нарыхтаваць уласных кармоў, таму быў вымушаны купляць іх нават у Вілейскім раёне Менскай вобласьці. Цяпер статак ганяюць на выпас — паднялася сьвежая трава. Уладзімер мае вакол фэрмы семдзесят гэктраў зямлі.

“У мяне ў Хойніках свая фірма па продажу запчастак для тэхнікі. Я дапамагаў мясцовым сельгаспрадпрыемствам, і ў Хойніцкім райвыканкаме два гады таму мне й прапанавалі ўзяць у арэнду на 25 гадоў былую саўгасную фэрму ў Губарэвічах, каб яна была нашай даччынай структураю. Да 2017 году ў нас тут мусіць быць пятнаццаць працоўных месцаў. І статак больш як на трыста кароў. Сілаў і сродкаў фэрма вымагае шмат, але ж, калі ўзяўся, то буду дарабляць. Ёсць указ прэзыдэнта пра фінансавую падтрымку будаўніцтва й рэканструкцыі малочнатаварных фэрмаў”.

Уладзімер нарадзіўся ў Хойніках. Тут і жыў з бацькамі першыя дванаццаць гадоў. Праз колькі часу пасьля Чарнобылю бацькі пераехалі ў Смалявічы, што пад Менскам. Уладзімер пасьля школы набыў прафэсію кіроўцы, тым і зарабляў на хлеб. У 2010 годзе вярнуўся ў Хойнікі і заняўся прадпрымальніцтвам, якое й вывела яго на фэрмэрства.

Гадзіны паўтары чакаем прыезду прадстаўнікоў цэнтру гігіены і “Мілкавіты”. Фэрмэр яшчэ раз тэлефануе ў Хойнікі і нечакана паведамляе: “Сказалі, што не паедуць — учора бралі аналізы”.

Уладзімер не мяняе свайго рашэньня, без прадстаўнікоў санслужбы і пакупніка малако на староньнюю праверку не дае, хаця, як падавалася, паўторная праверка ў той жа лябараторыі, якая й выдала скандальныя “37,5 бекэрэляў стронцыю” — самы аптымальны і найбольш правільны варыянт абвяржэньня.

Так, дасьледаваньне ў менскай лябараторыі не аформлена пратаколам, але каму з беларускіх грамадзянаў, якія прыносяць на праверку прадукцыю, такія пратаколы дасьледаваньняў лябараторыі выдаюць? У лепшым выпадку — цэтлік. Дый не правяраюць у грамадзянаў прадукцыю на стронцый, хоць ізатопы яго рэгулярна “вылазяць” у пробах, і асабліва на Гомельшчыне.

У суседнім з Губарэвічамі Стралічаве вяскоўцы, што яшчэ трымаюць кароў і здаюць малако праз зборшчыка на той жа хойніцкі вытворчы участак ААТ “Мілкавіта”, дзе вырабляюцца палескія сыры, ня маюць у сябе нават цэтлікаў. Ніхто зь іх і ня ведае, колькі і якіх радыянуклідаў утрымліваецца ў іхнім хатнім малацэ. Адназваюць звычайна так: “Там жа яны правяраюць — кажуць, што нармальнае”.


Вытворчы ўчастак ААТ “Мілкавіта” ў Хойніках — “Палескія сыры

Інфармацыю ў СМІ агенцтва Аssociated Press пра дзесяціразовую звышузроўневую забруджанасьць малака стронцыем на фэрме ў Губарэвічах начальнік хойніцкага вытворчага ўчастка Альбэрт Дравіла пракамэнтаваў карэспандэнту БелаПАН гэтак: “Поўная лухта”. Аднак паказьнікі ўтрыманьня радыянуклідаў у малацэ з фэрмерскай гаспадаркі назваць адмовіўся. У той жа самы час “Сельская газэта” ў сваёй інтэрнэт-вэрсіі за 27 красавіка іх назвала — 2,85 бекэрэля на кіляграм.

Як высьветлілася, Палескі ўчастак “Мілкавіты” за ўвесь час існаваньня фэрмэрскай гаспадаркі толькі тройчы рабіў аналіз малака на выяўленьне стронцыю — у ліпені і лістападзе 2015 году, а таксама сёлета ў лютым. Леташні сярэдні паказьнік радыеактыўнага стронцыю-90 у малацэ склаў 2,85, сёлетні — 3,09 Бк/кг. На добры лад, праверку на стронцый варта было б рабіць на самым пачатку пашавага пэрыяду, але пакуль яе не рабілі.

“У нас няма праблемаў са стронцыем для пастаўкі малочнай прадукцыі ў бліжняе замежжа, у тым ліку і ў Расею”, — кажуць у Хойніках, маючы на ўвазе той факт, што Тэхнічны рэглямэнт краін ЭАЭС дапускае наяўнасьць да 25 бекэрэляў радыеактыўнага стронцыю ў кіляграме такой прадукцыі. Сыры ды іншыя малочныя тавары “Мілкавіта” пастаўляе на расейскі рынак ужо дзесяць гадоў і ня мае выпадкаў перавышэньня ў іх радыенуклідаў, у тым ліку і да зацьверджэньня згаданага тэхрэглямэнту.

Калі аналізаваць даступныя зьвесткі, якія падае Хойніцкі раённы цэнтар гігіены й эпідэміялёгіі (а ён займаецца найперш дасьледаваньнем малака ў прыватным сэктары, дзе выкарыстоўваюцца і праблемныя выпасы), то анамальна высокіх узроўняў цэнтар не зафіксаваў. Зрэшты, сам раённы цэнтар і не займаецца дасьледаваньнямі прадукцыі на ўтрыманьне стронцыю, ён толькі адбірае пробы, якія дастаўляе на аналіз у сваю вышэйшую структуру — абласны цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі.

Спэцыялісты Хойніцкага раённага цэнту гігіены й эпідэміялёгіі зьдзіўляюцца паказьніку няўнасьці радыеактыўнага стронцыю ў малацэ і схільныя лічыць гэта тэхнічнай памылкаю. Бо ў раёне ў малацэ за апошніх паўтара дзесятка гадоў дзесяціразовага перавышэньня ўзроўню РДУ-99 па стронцыю не зафіксавана.

Пры нарматыве 3,7 Бк/кг перавышэньні ў розныя гады выяўляліся ў прыватных гаспадароў у Барысаўшчыне — 4,3, Хойніках — 4,5, Глінішчах — 5,6, Судкове — 5,7 бекэрэля. І найбольшы паказьнік быў выяўлены ў 2000 годзе ў вёсцы Тульгавічы, дзе жывуць самасёлы — 6,8 бэкэрэля на літр малака.

Выглядае, што інцыдэнт з радыеактыўным малаком у Губарэвічах трэба адносіць ня толькі на маглівую тэхнічную памылку, але й на адсутнасьць належнай галоснасьці і грамадзкага кантролю ў такой важнай справе, як радыяцыйная бясьпека прадуктаў харчаваньня.


  • Василия Старовойтова в гроб вгоняли аналогичной методой. Ты частник. Ты изгой. Ты слишком самостоятелен - потому враг Системы. Собственно, я помню вариации на эту тему 90-х годов с Никитой Джигурдой, "Любить по-русски", - так этот небольшой сериальчик назывался. Но там у фермера ещё был карт-бланш, были те же не ещё не постаревшие друзья-афганцы, было незаконное оружие, вплоть до гранатомётов. 90-е, что вы хотите... А сейчас - принудительная "стерилизация" всего и вся... Благо - есть кому... Но башенных кранов для "безбашенных" с целью встречи с журналистами ОНТ пока хватает, как бензина на автозаправках для излюбленных мест на Октябрьской площади и других площадках для самосожжения. И я ничуть не прикалываюсь. Мы куда-то приехали. Или докатились. Интересно, что сказал бы на этот счёт Джордано Бруно, окажись он, еретик, в нашем 21-м веке в РБ...
  • Не пытайтесь узнать статистику смертности в местной больнице. Она засекречена. Как и повсюду в републике в последние 14 лет. Загляните на местное кладбище - вы увидите множество свежих могил. Это единственное, что постоянно обновляется в нашей сельской местности. Большая смертность от рака и других болезней, что возникают от малых доз радиации, уже обычное дело. Ложь и секретность в этой сфере - тоже.