У Магілёве беларуская мова загучала ў прыгарадных цягніках

У магілёўскіх цягніках рэгіянальных ліній эканом-класа абвесткі пачалі перадаваць на беларускай мове. Цяпер у дызелях вітаюць, развітваюцца і абвяшчаюць прыпынкі толькі па-беларуску. Супрацоўнікі чыгункі кажуць, што кіраўніцтва выдала адпаведны ўказ. Пасажырам падабаецца.

 

У Магілёўскім аддзяленні Беларускай чыгункі давялі: існуе «ўказ начальніка дарогі, каб абвесткі агучвалі на беларускай мове».

«Цяпер мы паволі пераходзім на беларускую мову. Пакуль ня ўсе аддзяленні чыгункі перапісалі лакаматыўную інфармацыю на беларускую мову, таму ў розных месцах абвесткі перадаюць яшчэ на рускай мове. Пасажыры раяць прыйсці да нейкай адной мовы. Згодна з указам у цягніках мусіць гучаць беларуская мова. Зваротаў з пратэстамі супраць беларусізацыі не паступала», — зазначыў супрацоўнік пасажырскага аддзелу Магілёўскага аддзялення чыгункі.

На чыгуначным вакзале Магілёва абвесткі дублююць па-беларуску і па-руску. Іншую інфармацыю для пасажыраў агучваюць на рускай мове. На табло расклад руху цягнікоў рускамоўны, толькі назвы раздзелаў пададзеныя па-беларуску. Таксама па-беларуску — некаторыя абвесткі, напрыклад, пра дазволеныя месцы курэння. 

Табло з беларускай і рускімі мовамі

Магілёўскі вакзал

«Так, мы разумеем, што існуюць неадпаведнасці, але розныя групы з дакументамі разбіраюцца. Паволі будзем ісці да адной мовы — беларускай. Адпаведная праца вядзецца. Будзе ў нас усё на беларускай мове», — запэўніў супрацоўнік пасажырскага аддзелу.




Оставьте комментарий (0)