Гаспадарку пад Светлагорскам забярэ МУС, каб уладкоўваць былых зэкаў

У жыхароў вёскі Хутар ніхто і не пытаўся, ці патрэбна ім такое суседства.

Пад Светлагорскам камунальнае сельгаспрадпрыемства «Хутар-агра» выбрана ў якасці пляцоўкі для эксперымента Міністэрства ўнутраных спраў па сацыяльнай рэабілітацыі былых нявольнікаў беларускіх турмаў. Ужо з 1 студзеня 2018 года гаспадарка мае быць уведзеная ў структуру крымінальна-выканаўчай сістэмы МУС дзеля вытворчасці сельгаспрадукцыі для ўласных патрэбаў і працаўладкавання спецкантынгенту.

 

МУС заменіць «Беларуснафту»

Пра перадачу «Хутара-агра» з новага году ў сістэму МУС як пра вырашанае пытанне паведаміў мэдыям на мінулым тыдні начальнік Дэпартаменту выраканання пакаранняў генерал-маёр міліцыі Сяргей Дарошка. Дадаў нават, што ў бліжэйшы час у крымінальна-выканаўчай сістэме міністэрства будзе створана рэспубліканскае ўнітарнае сельскагаспадарчае прадпрыемства, дзе «людзі змогуць працаўладкавацца і весьці нармалёвы лад жыцця».

Да лета 2016 года сельгаспрадпрыемства ў аграгарадку Хутар належала рэспубліканскаму вытворчаму аб’яднанню «Беларуснафта». Перадавалася яно ў арэнду на паўстагоддзя, а гаспадарылі тут нафтавікі ўсяго два дзесяцігоддзі — з сакавіка 1996 года.

Свінакомплекс на ўскрайку Хутара

На датацыі нафтавага прадпрыемства, па сутнасці, і створана вытворчая база «Хутар-агра»: свінакомплекс, малочна-таварныя фермы, участак перапрацоўкі мясной прадукцыі, каўбасны цэх, збожжасушыльны комплекс, мехдвор. Летась новаствораную гаспадарку ўключылі ў раённую камунальную ўласнасць, а цяпер перакідваюць у МУС. Вырашалася ўсё гэта на самым высокім узроўні, а ў саміх жыхароў вёскі Хутар ніхто і не пытаўся.

 

Пярэбары

Акурат на хрысціянскае свята Пакравы ў вёсцы перавозілі мясцовую бібліятэку з адасобленай будыніны ў былы комлексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання. Пункт той закрылі, аддаўшы невялікую плошчу пад кніжны фонд сельскай бібліятэкі.

Шчыравалі тут найперш васьмі- ды дзевяцікляснікі. Для перавозкі кніг выкарыстоўвалі тачку ды самаробныя металёвыя вазкі, прызвычаеныя ў вяскоўцаў для перавозкі мяшкоў з бульбай, збожжам, але найперш газавых балёнаў.

«Заробім хоць на цукеркі», — адгукаюцца хлопцы, носячы абярэмкамі кнігі ў свежапафарбаваную будыніну.

У працэс перавозкі ўключыліся і двое дарослых мужыкоў. На фурманку нагрузілі не толькі кнігі, але і драўляныя паліцы для іх.

«Дык у бібліятэцы нібыта жаночая калонія будзе, а бібліятэка сюды пераяжджае, у былы КБА», — тлумачаць мужчына, які на левую паўсагнутую руку накладвае кніжак, бы дроў, да самага падбародка.

Бібліятэка рыхтуецца сустрэць новых наведвальнікаў

Вяскоўка Таццяна тлумачыць, што ў бібліятэцы яны ладзілі розныя сустрэчы, чытальніцкія канферэнцыі. Тут месціўся і «Пакой роднай вёскі» з экспанатамі побыту хутаранскіх жыхароў — куфэркам, кроснамі, калаўротам, драўляным ложкам ды іншымі знакавымі рэчамі. А яшчэ былі фотаздымкі і спіс землякоў — яны ў Другую сусветную вайну здабывалі перамогу і для сваёй вёскі — Хутару, якому ў 1942 годзе выпаў гэткі ж лёс, як і вядомай Хатыні.

Адна невялікая загана была ў старой бібліятэцы: недзе праз дах прасочваўся дождж, пакінуўшы ў куце на столі свой абстрактны ўзор.

Прыкмета часу: дзіцячы садок пяройдзе да зэкаў.

Другі адрас, дзе маюць пасяліць тых, хто выйдзе з-за кратаў — былы дзіцячы садок на вуліцы Кірава, побач з шматкватэрным домам з аднаго боку, сельскай амбулаторыяй і школаю — з іншага. Двухпавярховы дзіцячы садок тыповай пабудовы закрылі, перадаўшы яго функцыі мясцовай школе. А будынак садка адаптуюць пад жытло для тых, што адбыў пакаранне ў калоніі альбо атрымаў умоўна-датэрміновае вызваленнне ці так званую «хімію».

Уздоўж па Кірава

Па шляху да «зэкаўскага садка» цікавімся ў маладых хутаранцаў, як ставяцца яны да такога нечаканага суседства?

Ліцэіст Міхаіл з сябрукамі апасаецца за крымінагэнную сытуацыю ў вёсцы: «Галоўнае, каб красці гэтыя «зэкі» не пачалі. Нам ужо бацькі казалі, што такое можа быць, і каб мы нікуды не ўлезлі».

 

«Ня хочацца, каб з Хутара зрабілі «зону»

Зрэшты, некаторыя вяскоўцы ўсё яшчэ маюць спадзеў, што МУС не возьме пад сваё крыло КСУП «Хутар-агра».

«Не чуў, каб нешта вырашылася. Прыяжджаў яшчэ ў жніўні міністр Шуневіч, аглядаў нашую гаспадарку, але ж пакуль не было афіцыйнага паведамлення, што дакументы падпісаныя. Дык чаго загадзя гадаць?» — разважае сталага веку вясковец.

Іншыя пенсіянэры наагул лічаць за лепшае не выказвацца на гэтую тэму, трымаючыся звыклага прынцыпу: «Ат, мы пэнсіянеры, нам ужо ўсё адно, што тут будзе, а чаго не будзе».

Занепакоены новымі насельнікамі, якія з’явяцца ў Хутары ўжо праз два з паловай месяцы, большасць маладых і сталых вяскоўцаў, з кім давялося размаўляць.

«Гэта ненармальна, што сюды стануць звозіць усякага роду крымінальнікаў», — лічыць маладая маці, кіруючыся на ровары ў бок шматкватэрнага дому.

Вясковец у гадах, які назваўся Аляксандарам, дужа занепакоены перспектывай засялення Хутара «спецкантынгентам»: «Гэта для вёскі згубна, я так лічу. Хутар быў спакойны. А то ж пачнуць па дварах ды гародах шастаць. Жэрці захочуць — і палезуць. Ерунду спаролі: знайшлі для сельскай гаспадаркі міністра, каб ён сюды «зэкаў» напрыганяў. Народ у страху пачне жыць, людзі будуць баяцца».

Суразмоўца кажа, што над вёскай і без таго нямала было эксперыментаў — і раней, і ў апошнія гады: «Да нас багата прыяжджала працаваць з гораду, а свае вяскоўцы бадзяліся. Цяпер крыху і сваіх набралі. Але ж не ўсе занятыя. Спецыялісты патрэбныя, а не «спецкантынгент».

У спадарыні Людмілы да будучых насельнікаў вёскі стаўленне таксама насцярожанае:

«Гэта ж людзі непрадказальныя. У нас жа тут нават сталоўкі для іх няма. Лазня не працуе. Зробяць для іх нешта ці не, хто ж ведае? Лепш бы вёску даглядалі. На вуліцы Савецкай вадзяную калонку на замок зачынілі — ужо і вядра вады не заслужылі. Казалі старшыні нашага Баравікоўскага сельскага савету, дык ён адмахваецца: «Указанне такое».

Працуючыя вяскоўцы не даюць веры таму, што «зэкі» падымуць КСУП на нейкі новы ўзровень.

«Не, гаспадарку яны не падымуць, хутчэй наадварот, — кажа мясцовы механізатар, які ўжо два дзесяцігодзьдзі запар не парывае з стырном айчыннага трактара. — Нас не пытаюць — ні сходу ніякага не было, анічога. Нам не хочацца, каб з Хутара зрабілі «зону». Ужо ўвечары жанкам хоць на вуліцу не выходзь — за сям’і боязна».

Трактарыст цалкам слушна заўважае, што ў рэгіёне нямала паўвымерлых вёсак:

«Засяляйце іх і падымайце, стаўце там экспэрымэнты. Сюды ж нармальныя не прыедуць — нармальныя вернуцца да сваіх сем’яў. Прывязуць тых, каго называюць перакаці-поле».

Сярэдніх гадоў хутаранец Руслан, які прыехаў да маці ў адпачынак, лічыць, што ад задуманага эксперыменту моцна патыхае лагернай сістэмай, якая існавала ў незабыўныя сталінскія часы. Імя ёй — ГУЛАГ.

«Нашаму ціхаму й спакойнаму Хутару гэта дакладна не патрэбна», — перакананы Руслан.

 

Ветракі круцяцца ўхаластую

Вёска Хутар па беларускіх мерках мае сярэдні памер — каля трохсот сядзібаў і звыш 600 жыхароў. Пры ўездзе ў вёску, па левую руку, паветра шугае сваімі лопасцямі-ветразямі аэрадынамічнае збудаваньне, якое знешне нагадвае ветраны млын. Такі ж вятрак, але меншых памераў, усталяваны і на другім канцы вёскі, дзе месціцца свінакомплекс.

Вятрак і бетонная агароджа  з калючым дротам

«Гэта ж толькі макеты, — сцвярджаюць мясцовыя жыхары. — Калісьці вёска мела тры сапраўдныя ветраныя млыны. Цяпер энергія ідзе па правадах, а агароджу фермаў дадаткова абносяць калючкай — як у лагернай зоне».

У «Хутары-агра» зараз заняты звыш дзвюх сотняў працаўнікоў. Сельгаспрадпрыемства, казаў ягоны дырэктар Віктар Бусел падчас візіту сюды кіраўніка МУС ды іншых чыноўнікаў, моцна стаіць на нагах. Месячная выручка складае 350-400 тысяч рублёў. Гаспадарка ня мае даўгоў, сама плаціць людзям заробак, сярэдні памер якога за першае паўгоддзе склаў 536 рублёў.

Дырэктар заяўляў пра гатовасць узяць на працу яшчэ з паўсотні чалавек, а калі пашыраць вытворчаць, то і болей. Ад супрацоўніцтва з Дэпартаментам выканання пакаранняў МУС аграгаспадарка нібыта таксама будзе мець пэўны плюс: гарантаваны рынак збыту, бо прадукцыю адсюль збіраюцца накіроўваць на патрэбы пенітэнцыярных установаў. Плюс, канечне, сумніўны, але ён быў названы.

Са свайго боку, міліцэйскае ведамства, паводле Ігара Шуневіча, праз працаўладкаваньне мае «зніжаць рэцыдыў», дапамагаць людзям «уліцца ў грамадства, атрымліваць заробак, будаваць сем’і гадаваць дзяцей, сплачваць зыскі дзяржаве».

Вуліца Лясная ў аграгарадку

Пакуль жа «Хутару-агра» бракуе не столькі «зэкаў», колькі спецыялістаў сельскагаспадарчага профілю: галоўнага інжынера ды інжынэра па механізацыі працаёмкіх працэсаў, галоўнага эканаміста, аператара штучнага асемянення жывёлы, ветэрынарнага лекара. І гэта пры тым, што аграгарадок Хутар знаходзіцца ўсяго ў дваццаці кілямэтрах ад раённага цэнтру — Светлагорска.

 

 

Фота аўтара

 


  • X_Mit to
    Трэба адразу ствараць ГлавноеУправленіеСацыяльнайРЭабілітацыібылыхЗэкаў - ГУСРЭЗ ? ( Указанне "Лопаты - в рукі" ужо ж было