Павел Севярынец. СТАГОДДЗЕ БХД. Партыя незалежнасці

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

У другой палове 1920-ых — 1930-ых гадах менавіта Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя сталася асновай беларускага нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі.

“Левыя”, сацыялістычныя арганізацыі, якія вялі рэй у беларускім палітычным працэсе напачатку, альбо падпалі пад савецкі ўплыў, альбо былі расцярушаныя польскай рэакцыяй, альбо страцілі народную падтрымку. “Правыя” (паланафілы, потым нацыянал-сацыялісты) — ці пайшлі на ўгоду з “правым” польскім урадам, ці выбралі арыентырам фашыстоўскую Нямеччыну.

У выніку БХД апынулася адзінай палітычнай сілай, якая не ішла на альянс ані з “санацыяй”, ані з камуністамі, ані з нацыстамі, і абапіралася выключна на беларускі народ.

Партыю крытыкавалі і злева, і справа, пераследвалі штрафамі ды канфіскацыямі, арыштамі, забаронамі ўлады, у тым ліку касцёльныя — але БХД упарта трымалася свайго, і ў пачатку 1930-х гадоў гэта пачало даваць плён.

Беларуская інтэлігенцыя, шырокае сялянства, фабрычныя работнікі, студэнцтва пачалі ўлівацца ў БХД. Галоўныя каардынацыйныя структуры беларускага руху прынялі вядучую ролю хадэцыі, а ўчорашнія ворагі — сацыялісты, камуністы, прапольскія “угадоўцы” — пачалі спярша шукаць альянсу з БХД, а потым атакаваць хадэкаў як найпершых супраціўнікаў.

Найвялікшай пагрозай для беларускага руху была пракамуністычная лявіца — Грамада і КПЗБ. Пакідаючы ўбаку беларускія нацыянальныя інтарэсы і дбаючы найперш пра сацыяльную рэвалюцыю ў духу марксізма, “левыя” прапагандавалі БССР як мадэль сапраўднай беларускай дзяржавы і вялі барацьбу з палякамі шырокім фронтам: ад прапаганды да тэрору.

У 1925 годзе Браніслаў Тарашкевіч з групай паслоў заклаў Беларускую Сялянска-Работніцкую Грамаду, якая, атрымаўшы савецкія фінансы (на “сусветную рэвалюцыю”, вядома) разгарнула масавую агітацыю сялянства за бальшавіцкую мадэль. Да Грамады далучаліся дзясяткі тысячаў беларусаў, і пагроза камуністычнага паўстання прымусіла перапалоханыя польскія ўлады Грамаду разграміць: сотні актывістаў ды агітатараў былі арыштаваныя ды кінутыя за краты.

Тагачасныя польскія улады, у сваю чаргу, імкнуліся кантраляваць беларускі рух праз “угадоўцаў”(ад слова “угода”, дамова). Беларусы-“угадоўцы”, ня маючы трывалай ідэйнай платформы, перад кожнымі выбарамі ў польскі Сейм стваралі “агульнабеларускія” структуры (Сялянская партыя, Цэнтрасаюз ды інш.), выбарчыя спісы, выдавалі беларускамоўныя газеты. Пазіцыя БХД у дачыненні да такіх падтрыманых тагачасным урадам праектаў была прынцыповай: інтарэсы народу не здаваць, антыбеларускай палітыкі не падтрымліваць. Урэшце, у сярэдзіне 1930-ых “угадоўскі” лагер разваліўся.

БХД дала беларускаму руху 1920-30-ых гадоў трывалую апору сярод варожых сілаў, пераемнасць традыцыяў БНР, беларусізацыю Касцёла ды часткі праваслаўнай царквы, плынь беларускамоўнай прэсы, паўтары сотні выдадзеных кнігаў, падручнікаў ды брашураў па-беларуску, арганізаваныя бібліятэкі, школы і гаспадарчыя гурткі, а таксама цэлае сузор’е яркіх асобаў.

Феномен БХД 1920-30-ых — эфектыўная мадэль развіцця і пашырэння нацыянальнага руху ў цяжкіх гістарычных варунках, надзённая і сёння.

Замежная актыўнасць БХД часоў росквіту характарызуецца выразнай асаблівасцю: хадэкі ня столькі прасоўвалі дыпламатычнымі высілкамі партыйныя інтарэсы, колькі адстойвалі інтарэсы уцісканага і падзеленага беларускага народа. Гэтага вымагала адказнасць галоўнай незалежніцкай партыі ў 1920-30-х.

Пачынаючы ад заснавання, своеасаблівым міжнародным сакратаром БХД быў ксёндз Уладзіслаў Талочка. Ён складаў мемарандумы, лісты, выязджаў на канферэнцыі, вёў перапіску.

Паколькі БХД пачыналі ксяндзы, спярша ключавым адрасатам лістоў БХД быў Ватыкан: так удавалася забяспечваць месца беларускай мовы ў Касцёле, абараняць пераследваных і ўплываць на палітыку урадаў каталіцкіх суседзяў-дзяржаваў — найперш Польшчы і Літвы — у дачыненні да беларусаў.

Затым, праз часопіс Natio і дзейнасць у далейшых краінах хадэкі спрабавалі ставіць беларускае пытанне на парадак дня еўрапейскай і сусветнай палітыкі. Гэтак у Празе дзейнічаў Адольф Клімовіч, У ЗША — прафэсар Ян Тарасевіч, Янка Чарапук, у Літве — Вацлаў Ластоўскі, які меў дакуманты ад Адама Станкевіча. Дыпламаты Францыі, Нямеччыны, Ангельшчыны атрымоўвалі рэгулярную інфармацыю пра стан беларускіх справаў ў вялікай ступені дзякуючы БХД і Беларускаму Нацыянальнаму камітэту.

 

 

З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917-2017”

 Працяг будзе

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. 
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

 

 




Оставьте комментарий (0)