Новы Запавет пераклалі на сучасную беларускую мову

Менавіта гэтае выдання Беларуская праваслаўная царква будзе лічыць кананічным.

Прэзентацыя Новага Запавету ў перакладзе на сучасную беларускую мову адбылася 15 лістапада у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Да сённяшняга дня ні адзін з раней зробленых перакладаў Новага Запавету на беларускую мову не мог лічыцца афіцыйным і агульнапрынятым, паколькі ўсе яны былі аўтарскімі, ажыццяўляліся з ужо наяўных перакладаў, не заўсёды адпавядалі нормам сучаснай беларускай мовы і царкоўнай тэрміналогіі, адзначаецца на сайце Беларускай праваслаўнай царквы.

мітрапаліт Павел

Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі прыкладаецца вуснамі да новага выдання

«Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста» — плод саборнай перакладчыцкай дзейнасці членаў Біблейскай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы, якія распачалі гэтую працу 25 гадоў таму па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, цяпер ганаровага патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі, у супрацоўніцтве з Біблейскім таварыствам у Рэспубліцы Беларусь.

Над перакладам працавалі кандыдат багаслоўя протаіерэй Сергій Гардун, бакалаўр багаслоўя протаіерэй Аляксандр Пачопка, доктар філалагічных навук Іван Чарота, кандыдат філалагічных навук Уладзімір Васілевіч, кандыдат багаслоўя Алесь Кароль, выканаўчы сакратар Таццяна Матрунчык.

Пераклад зроблены з старажытнагрэчаскага тэксту, традыцыйна ўжытнага ў праваслаўнай царкве. Біблейская камісія аналізавала і ўлічвала ранейшыя спробы перакладу Свяшчэннага Пісання на беларускую мову (працы Л. Дзекуць-Малея і В. Гадлеўскага, Я. Станкевіча, П. Татарыновіча, У. Чарняўскага, М. Міцкевіча, В. Сёмухі, А. Клышкі). Выкарыстоўваліся таксама розныя пераклады Бібліі на рускую, украінскую, польскую, англійскую і іншыя мовы.

Кніга надрукавана ў праваслаўнай тыпаграфіі Orthdruk (Беласток, Польшча) накладам у 6 тысяч асобнікаў у добрым паліграфічным афармленні. З іх 500 асобнікаў — падарункавыя, у скураной вокладцы з залатым абрэзам.

старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім (на першым плане)

міністр інфармацыіі Аляксандр Карлюкевіч

Прэзентацыю ўзначаліў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, патрыяршы экзарх усяе Беларусі. На мерапрыемства былі запрошаны прадстаўнікі духавенства, міністэрстваў культуры, адукацыі, інфармацыі, Мінскай гарадской адміністрацыі, Нацыянальнай акадэміі навук, кіраўнікі, выкладчыкі і навучэнцы духоўных школ і свецкіх навучальных устаноў.

Падчас прэзентацыі можна было азнаёміцца з выставай выданняў перакладаў кнігаў Бібліі на беларускую мову з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

 

 

Фота Сяргея Балая

 




Оставьте комментарий (0)