Падчас дударскага фэсту гурт Testamentum Terrae справіць сваё 10-годдзе

На штогадовым дударскім фэсце, прысвечаным старадаўняму інструменту валынцы, беларускі гурт Testamentum Terrae справіць сваё дзесяцігоддзе. Аб гэтым БелаПАН паведаміў адзін з арганізатараў фестываля Віталь Супрановіч.

Паводле Супрановіча, фестываль пройдзе ў новым фармаце: “Сёлета мы разам з іншым арганітарам Змітром Сасноўскім вырашылі крыху змяніць фармат фестываля. Раней на сцэне было вельмі шмат гуртоў і асобных дудароў, у выніку чаго артымлівалася салянка. У гэтым годзе мы запрасілі чатыры беларускія гурты, каб кожны з іх мог сыграць падаўжэй ды паказаць сябе мінскай публіцы. Сярод выступоўцаў такія калектывы як “Стары Ольса”, Testamentum Terrae, Irdorath, “Літы талер”.

Госцем фэста стане гурт Pawa. Ён выконвае іншую музыку, чым астатнія удзельнікі канцэрта, але музыкі з Testamentum Terrae часткова ўваходзяць у склад Pawa і яны вырашылі, што будзе дарэчы, калі яны зайграюць на юбілеі гурта”.

Адказваючы на пытанне, чаму былі запрошаныя менавіта вышэйпералічаныя гурты, Супрановіч сказаў: “Мы выбіралі найбольш цікавыя для публікі каманды, тыя, якія добра праявілі сябе ў мінулым годзе, зарэкамендавалі сябе. Irdorath выдаў альбом, які стаў прарывам года, Testamentum Terrae наагул не выступалі ў мінулым годзе, але яны робяць вельмі цікавую музыку, гурт “Літы талер” — зусім маладая каманда. Мы вырашылі даць магчымасць паказаць сябе і не вельмі вядомым музыкам на адной сцэне з прафесіяналамі”.

Віталь Супрановіч адзначыў, што “ў Мінску сёння не так шмат пляцовак, каб ладзіць вялікія канцэрты на адкрытым паветры. Раней мы рабілі фэст на пляцоўцы ў парку Чалюскінцаў, але зараз там пабудавалі клуб. Да таго ж, арганізацыя фэсту на свежым паветры вымагае большых выняткаў і фінансавання. Калі б мы запрашалі замежныя гурты, табы варта было б падумаць пра іншы фармат. Мы планавалі запрасіць у якасці гасцей адзін польскі гурт, але не атрымалася качаткова з ім дамовіцца”.

Штогадовы дударскі фэст распачнецца 28 красавіка ў 18.00 у клубе Re:public.