Алесь Міхалевіч. ПЕРСПЕКТЫВЫ. Беларускія брэнды ў свеце

Кожная краіна мае свае ”раскручаныя” брэнды. Для Беларусі доўгі час такім брэндам быў толькі Аляксандр Лукашэнка...

 

Алесь Михалевич

Алесь Міхалевіч. Нарадзіўся 15 мая 1975 года ў Мінску. У 1999-м скончыў юрыдычны факультэт БДУ па спецыялнасці “паліталогія”, быў аспірантам Інстытута дзаржавы і права Нацыянальнай акадэміі навук. З 1995 да 1999 года — старшыня Задзіночання беларускіх студэнтаў. Былы сябра Партыі БНФ (з 1993 года), намеснік старшыні Партыі БНФ. Выключаны з партыі ў чэрвені 2008-га “за парушэнні партыйнай этыкі і дысцыпліны”. Старшыня саюза “За мадэрнізацыю”. Кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года. Адзін з абвінавачаных па справе аб масавых беспарадках 19 снежня. Атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі. Жанаты, двое дзяцей.

Часта, калі пачынаю выступаць перад замежнікамі, якія не ведаюць, дзе знаходзіцца Беларусь, я задаю наступнае пытанне: Вы ведаеце, дзе знаходзіцца Расея? У адказ на ўпэўненае “так” працягваю: — Дык вось Расея знаходзіцца паміж Беларуссю і Кітаем. Хочацца дажыць да таго часу, калі падобныя жарты перастануць быць актуальнымі, бо, хаця б у Еўропе, людзі будуць ведаць, дзе знаходзіцца Беларусь.

Кожная краіна мае свае ”раскручаныя” брэнды. Для Беларусі доўгі час такім брэндам быў толькі Аляксандр Лукашэнка. Нават Чарнобыль, большасць радыяцыі ад якога выпала на тэрыторыю Беларусі, больш атаясамляецца з Украінай. Але і Лукашэнка, і Чарнобыль з’яўляюцца надта сумнымі сымбалямі. Надакучыла, калі замежныя грамадзяне пачынаюць выказваць спачуванне з нагоды таго, што ты — беларус.

Беларускім спартоўцам не ўдаецца змяніць сітуацыю карэнным чытам, хаця, натуральна, для асобных краінаў і рэгіёнаў Беларусь стала больш вядомай у пазітыўным сэнсе. Так, у Баварыі па іншаму сталі глядзець на нашу краіну пасля паразы іх каманды ў футболе барысаўскаму БАТЭ.

Прыемна назіраць адгалоскі Беларусі ў далёкіх краінах свету. Адзін з сяброў распавёў, што ў Непале першым мабільным аператарам была кампанія з беларускім капіталам. Не ведаю, ці шмат непальцаў даведаліся праз гэта пра Беларусь, але мне асабіста было прыемна, што хоць для кагосьці з замежнікаў мы атаясамліваемся з высокімі тэхналогіямі.

Калісьці размяшчэнне штаб-кватэры СНД у Менску паспрыяла вядомасці нашай краіны за мяжой. Думаю, што перш за ўсё з-за гэтага ўрад Францыі шмат гадоў фінансаваў франка-беларускі факультэт палітычных навук Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. З ідэі падрыхтаваць бюракратыю для СНД нічога не атрымалася, але Беларусь атрымала кагорту падрыхтаваных за замежныя грошы спецыялістаў еўрапейскага ўзроўню. Сёння гэтыя людзі выконваюць важныя функцыі ў беларускай грамадзянскай супольнасці, як, напрыклад, дарадца Аляксандра Мілінкевіча Алесь Лагвінец. Заўтра, ўпэўнены, яны будуць займаць вышэйшыя пасады, і не толькі ў дыпламатыі нашай краіны.

У свеце мала хто памятае, што Беларусь была краінай—заснавальніцай ААН, якой Іосіф Сталін нароўні з Украінскай ССР дазволіў стаць дадатковым голасам Масквы. Як ні дзіўна, Беларусь пазітыўна адзначылася ў некаторых іншых працэсах. Так, група па ўрэгуляванню канфлікта паміж Азербайджанам і Арменіяй за Нагорны Карабах называецца “Мінскай групай”. Так здарылася ў сувязі з тым, што першае пасяджанне з мэтай заключэння мірнага пагаднення, яшчэ ў часы актыўных баявых дзеянняў, было праведзена менавіта ў Мінску. Шмат у каго з аналітыкаў не выклікае сумневу, што раней ці пазней баявыя дзеянні паміж Баку і Ерэванам могуць узнавіцца, таму пра прапановы Мінскай групы мы яшчэ можам пачуць у навінах буйнейшых тэлеканалаў. Хачу падзякаваць тым людзям, якія спрычыніліся да таго, каб Беларусь, хай сабе намінальна, запісалася ў працэсы мірнага ўрэгулявання.

Стварэнне моцнай пазітыўнай пазнавальнасці Беларусі за мяжой немагчыма аднымі толькі спартоўцамі. Як і немагчыма аднымі дасягненнямі беларускай прамысловасці. Для стварэння такой пазнавальнасці і ўрэшце — для ўмацавання брэнда “Беларусь” беларуская дзяржава павінна дапамагаць яе грамадзянам, прадпрыемствам і арганізацыям. І, перш за ўсё, праводзіць актыўную знешнюю палітыку, як гэта інтуітыўна рабілі беларускія лідэры пачатку 90-х гадоў дваццатага стагоддзя. Менавіта дзякуючы ім мы маем і “Віскулёўскія пагадненні”, і штаб-кватэру СНД у Беларусі, і “мінскую групу” па Карабаху, і шмат чаго яшчэ.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.