Уладзімір Падгол. ПЫТАНЬНЕ РУБАМ. Незалежнасць — гэта што?

Людзі, што жылі ў СССР, памятаюць песню “С чего начинается Родина?”. Дык вось наша незалежнасць пачынаецца з Канстытуцыі, дзе сказана, што…

Уладзімір Падгол

Уладзімір Падгол. Кандыдат філасофскіх навук. Апошні запіс у працоўнай кніжцы: з лютага 1997 года — кіраўнік інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Прэзідыюма Вярхоўнага Савета 13-га склікання. Аўтар «Падручніка па апазыцыйнай барацьбе», кнігі «Асновы палітычнай псіхалогіі», раманаў «Куля для прэзідэнта», «Валадар Кулі», «Чортавы жорны», а таксама канцэпцыі амерыканскага «Акта аб дэмакратыі ў Беларусі». Кіраўнік ГА «Інфармацыйныя і сацыяльныя іннавацыі». Стваральнік Музея жорнаў.

Чарговы “Клуб рэдактараў” уразіў мяне выхадам суразмоўцаў на тэму “Што такое незалежнасць?”

Прычым вядоўца Г.Давыдзька (кіраўнік БТ) выкарыстаў для гэтага цытату А.Лукашэнкі наконт крытэру для будучых кандыдатаў у дэпутаты парламанта. Кіраўнік Беларусі заявіў, што першым крытэрам для ацэнкі сапраўднага кандыдата ёсць яго стаўленне да незалежнасці.

Тэму падхапіў П.Якубовіч (СБ): “Независимость является нашей главной ценностью”.

А.Карлюкевіч (“Звязда”): “Незалежнасць — дабрабыт людзей, самаідэнтыфікацыя нашага народа”.

Д.Жук (БЕЛТА): “Когда что-то происходит, то мы стремимся примкнуть к сильным: России, Евросоюзу. Мы сами должны делать нашу жизнь. Это и есть независимость”.

А.Дынько (“Наша ніва”): “Незалежнасць — гэта святое. Ад выбараў залежыць наша незалежнасць. Людзей больш хвалюе, хто і як будзе лічыць галасы…”

Якубовіч: “А готово ли наше общество, наш социум выдвинуть людей, которые пусть по своему, но правильно понимают вопрос независимости и всего остального?”

Давыдзька: “А как понять, что человек “за независимость?” Все говорят, что они за независимость! Даже тот, кто ездит за рубеж и требует санкций против Беларуси, он тоже за независимость?”

Пытанняў падчас абмяркавання тэмы “Незалежнасць — гэта…” гучала больш, чым адказаў. А адказы сведчылі, на мой погляд, што суразмоўцы ці хітравалі, ці проста ня ведаюць азбукі паліталогіі.

Людзі, што жылі ў СССР, памятаюць песню “С чего начинается Родина?”. Дык вось наша незалежнасць пачынаецца з Канстытуцыі, дзе сказана, што…

Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава.

Рэспубліка Беларусь валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыццяўляе ўнутраную і знешнюю палітыку.

Рэспубліка Беларусь абараняе сваю незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць, канстытуцыйны лад, забяспечвае законнасць і правапарадак.

А зараз прачытайце закон “Аб ратыфікацыі дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы”.

Кожная дзяржава-удзельнік захоўвае з улікам добраахвотна перададзеных Саюзнай дзяржаве паўнамоцтваў суверэнітэт, незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць, Канстытуцыю, дзяржаўны сцяг, герб і іншыя атрыбуты дзяржаўнасці.

Тэрыторыя Саюзнай дзяржавы складаецца з дзяржаўных тэрыторый дзяржаў-удзельніц.

Дзяржавы-ўдзельніцы забяспечваюць цэласнасць і недатыкальнасць тэрыторыі Саюзнай дзяржавы.

Можна яшчэ цытаваць месцы закона, якія пярэчаць Канстытуцыі. Але хопіць і гэтага.

На сёння Беларусь страціла незалежнасць у палітычнай галіне, вайсковай, эканамічнай і тэрытарыяльнай. Духоўная, культурная незалежнасьць знішчана. Усё гэта патрабуе, па-першае, абмеркавання, а па-другое, Адраджэння страчанай Незалежнасці.

І вельмі важна, каб такое абмяркаванне ішло ў структурах дысыдэнтаў, якія пнуцца быць апазыцыяй.

Парадокс у тым, што Лукашэнка распачаў гэты дыспут. Але ж ягоныя паслугачы могуць забаўбатаць праблемы незалежнасці Беларусі і, гледзячы на апошні “Клуб рэдактараў”, ужо пачалі гэта рабіць.

Ці зможам мы да выбараў данесці да грамадзянаў нашае бачанне незалежнасці Беларусі? Час пакажа.

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.