«Каб памыцца ў лазні, тыдзень збіраем ваду». У вёсках вакол Крычава пусцеюць калодзежы

Вяскоўцы вінавацяць у гэтым мясцовы цэментны завод. Пасля таго, як яго запусцілі, заяўляюць жыхары навакольных вёсак, узровень грунтовых вод значна панізіўся.


У вёсках Крычаўскага раёну з калодзежаў сыходзіць вада. Вяскоўцы вінавацяць у гэтым цэментны завод. Пасля таго, як яго запусцілі, заяўляюць жыхары навакольных вёсак, узровень грунтовых вод значна панізіўся.

Ваду вяскоўцам цяпер падвозяць. Людзей, аднак, турбуе якасць і прывазной вады, і той, якая набягае ў калодзежы. А ў вёску Міхеевічы, што пад самым заводам, навогул перасталі вазіць ваду.


Па ваду для Алесі Емельянавай

Калодзеж ля дому жыхаркі Алесі Емяльянавай перасох даўно. Бліжэйшая студня — за дзвесце метраў. Каб набраць вады, Алеся мусіць па некалькі разоў цягнуць вазок за чатырыста метраў. Навіна, што прывазной вады больш не будзе, прывяла жанчыну ледзьве ня ў роспач.

«У мяне двое дзяцей. Вялікая гаспадарка — карова, двое свіней. Як мне цяпер быць?» — бядуе вяскоўка.

Калодзеж ля яе дому даўно без вады і нават, кажа Алеся, паспеў зарасці. «Спецыялісты глядзелі і сказалі, што яго трэба чысціць. Але хто будзе чысціць?» — не уяўляе гаспадыня. Паводле яе, у калодзеж злівалі багата вады, але тая адтуль сыходзіла.


Гэтак выглядае посуд пасля гатоўкі з калодзежнай вады, сцвярджаюць вяскоўцы

Алеся кажа, што днямі чыноўніцкая камісія нібыта абыходзіла вёску і высвятляла, ці маюць гаспадары патрэбу ў прывазной вадзе. Угледзеўшы, што вада ў калодзежы набегла, камісія пастанавіла больш яе ў вёску не вазіць. У самой жа Алесі пра яе патрэбы ніхто не пытаўся.

«Людзі нібыта адмовіліся ад вады. Дзіўна, але чыноўнікі чамусьці не зайшлі да тых, хто бярэ прывазную ваду. У сельсавеце ж ведаюць пра іх, — кажа Алеся. — Днямі ў нас быў сход наконт вады, але пра яго я, напрыклад, даведалася выпадкова, калі ён ужо адбыўся. Што, не мог сельсавет усім зацікаўленым паведаміць пра сход?»

У Чырванабудскім сельсавеце пацвердзілі, што сход быў. На ім казалі пра план правесці па вёсцы водаправод альбо замяніць калодзежную ваду калонкамі. Канкрэтных тэрмінаў не вызначылі. «Вы ж разумееце, што на гэта патрэбны час і грошы», — сказалі журналісту ў сельсавеце.

Незадаволенасць Алесі Емяльянавай супрацоўніца сельсавету разумее. Ёй самой цяпер давядзецца некалькі разоў на дзень «за сто метраў хадзіць па ваду», кажа жанчына:

«Бралі прывазную ваду два ці тры чалавекі, а астатнія ў вёсцы сказалі, што ім вада не трэба. У іх калонкі свае, дый у калодзежах вада ёсць цяпер, так сказаў „Водаканал“».

Глыбіня калодзежаў у вёсцы сягае пятнаццаці метраў. Калі журналіст наведаў Міхеевічы, вада ў студнях была, аднак шмат якія вёдры на цапах былі іржавыя — відаць, што імі даўно не карысталіся.


Вёдры ў некаторых студнях паржавелі без карыстання

Вяскоўцы, з якімі удалося пагутарыць, сцвярджалі: калодзежы напаўняюцца вадой дужа павольна і ня могуць забяспечыць сялянскіх патрэбаў. А водаправод у вёсцы не пракладзены, і самі людзі даць рады ня могуць.

«Калі суседка, дапусцім, бярэ ранкам вядро вады з калодзежа, асабліва ў сухое лета, дык я за ёй чэрпаю гразі», — сказала адна з жыхарак Міхеевічаў.

«Даводзіцца падоўгу чакаць, пакуль вада набяжыць. Гатаваць ежу на нашай калодзежнай вадзе нельга, бо дужа вялікі асадак. Жывая крэйда застаецца на посудзе. Не адмыць. Дык што вы думаеце, у страўніку такога асадку няма? — абуралася жанчына. — Дажджы прайшлі, дык нібыта узровень узняўся, але як другое вядро бярэш, дык стараешся яго бокам класці ў калодзежы, бо іначай не набярэш. Посуд мыем дажджавой вадой. Каб памыцца ў лазні, тыдзень збіраем ваду. Вось так і жывём, як першабытныя людзі».

Паводле суразмоўніцы, як браліся узводзіць цэмзавод, то ужо меркавалася, што ўзровень грунтовых вод упадзе.

«Напачатку дык яшчэ была вада. Мы неяк чэрпалі яе, але з леташняй вясны зусім мелка стала ў калодзежах. Больш заможныя нашы людзі прабілі сабе калонкі. Наша суседка ў глыбіню да трыццаці метраў прабіла, але і ў яе вады няшмат», — кажа суразмоўніца.

Яна сцвярджае, што цэмзаводаўцы абяцалі парабіць калонкі за свой кошт, але слова не стрымалі. «Цяпер нам кажуць, што грошай няма ні ў завода, ні ў раённага „Водаканалу“, і мы нідзе ня можам дабіцца праўды», — эмацыйна выказваецца вяскоўка.

Адна з жыхарак Міхеевічаў, адказваючы на пытанне, наколькі праблема з вадой глабальная для вёскі, сказала, што цяжкасці мае толькі адна сямʼя.

«Для іх гэта праблема глабальная. Ім, вядома ж, цяжка. Але вада ў калодзежах ёсць, хоць і з невялікім узроўнем. Была камісія з „Водаканалу“, і жыхары адмовіліся ад прывазной вады. Цяпер вырашаецца пытанне пра калонкі», — кажа вяскоўка.

У Крычаўскім прадпрыемстве «Водаканал» запэўнілі, што ваду ў Міхеевічы перасталі вазіць часова. «Цяпер няма неабходнасці ў гэтым. Вясна прыйшла, падняўся ўзровень грунтовых вод, і вярнулася ў калодзежы вада. Як толькі ўзровень вады ўпадзе, то адновім падвозку. Мы трымаем сітуацыю на кантролі. Толькі ў адным калодзежы няма вады, але там яе ніколі і не было. За семдзесят метраў ёсць яшчэ адзін калодзеж», — заявіў супрацоўнік «Водаканалу».

Ён жа пацвердзіў, што мяркуецца пракладка па вёсцы водаправоду. Паводле яго, і да узвядзення цэмзаводу ў Міхеевічах таксама былі праблемы з вадой.

У Міхеевічах жыве блізу двухсот чалавек, у вёсцы — 13 калодзежаў.


Непадалёк ад Каменкі распрацаваны кар’ер, на якім бяруць сыравіну для цэмзаводу

Летась вяскоўцы скардзіліся наконт забеспячэння вёскі пітной вадой на «прамую тэлефонную лінію» старшыні дзяржкантролю па Магілёўскай вобласці. Людзям адпісалі, што раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі разам з прадпрыемствам «Водаканал» правялі маніторынг, які паказаў: у 12 з 13 калодзежаў вада была. «Якасць вады адпавядае нарматыўным патрабаванням па усіх паказчыках, за выключэннем утрымання нітратаў», — гаварылася ў адказе з Магілёўскага аблвыканкаму.

У суседнюю Каменку ваду возяць з цэмзаводу. Паводле тамтэйшых вяскоўцаў, вады ім хапае, але ніхто ім ня кажа пра яе якасць. Яны спрабавалі даведацца пра гэта на заводзе, але там адказалі, што спецыялістаў такіх у іх няма.

У Каменцы жыве меней за дзесяць чалавек. У адным з двух тутэйшых калодзежаў вада нібыта і ёсць, але ніхто яе не бярэ. Яшчэ адзін калодзеж зарастае.


Калодзеж у Каменцы зарос, вады ў ім няма

Завод зусім побач. Старажылы Міхеевічаў і Каменкі кажуць, што на пачатку 1990-х гадоў ініцыятыву узвесці новы цэмзавод у Крычаве урад не ухваліў, прыслухаўшыся да меркавання эколагаў. Тыя даводзілі, што цэментная вытворчасць негатыўна адабʼецца на навакольным асяроддзі. «Як узяліся будаваць завод у наш час, дык ніхто асабліва і не пратэставаў», — казалі вяскоўцы.

Паводле іх, кітайцы, якія узводзілі завод, бралі ваду толькі са студняў Міхеевічаў. «Ім яна дужа падабалася. Цяпер жа вады вобмаль у нас, і тая можа знікнуць», — кажуць вяскоўцы.

Высветліць, ці насамрэч цэмзавод настолькі уздзейнічае на навакольнае асяроддзе, што вада сыходзіць з калодзежаў, не удалося. У аддзеле кіравання навакольным асяроддзем на заводзе патлумачыць гэта не захацелі. Параілі патэлефанаваць генеральнаму дырэктару. Той на званкі не адказваў.