Гурт «Стары Ольса» даў 45 канцэртаў у ЗША
На гастролі па ЗША музыкаў запрасіла амерыканскі прадзюсар, якая ўбачыла запіс “Старога Ольсы” на Youtube.
У мінулую нядзелю “Стары Ольса” адыграў чарговы сэт у горадзе Грынбелт пад Вашынгтонам. Гэта быў сорак пяты выступ беларусаў у межах гастрольнага тура па ЗША, які пачаўся ў сярэдзіне жніўня.
Стваральнік і кіраўнік гурта Зміцер Сасноўскі распавёў карэспандэнту Naviny.by пра тое, як успрымае беларускую сярэднявечную музыку амерыканская публіка.
На гастролі па ЗША музыкаў запрасіла амерыканскі прадзюсар Джанін Рэнэ, якая ўбачыла запіс “Старога Ольсы” на Youtube. Яна прапанавала гурту маштабнае турнэ па ўсёй краіне з канцэртамі на рэнесанс-фэстах, у кансерваторыях і клубах.
“За пяць мінулых тыдняў мы праехалі ўсю краіну ад Сан-Францыска да Нью-Ёрка. Пры гэтым не наўпрост, а зігзагамі, — гаворыць Зміцер Сасноўскі. — Публіка вельмі рэзка адрозніваецца ад штата да штату. Напрыклад, у Юце жывуць мармоны. Мы спачатку ня ведалі, чаму нашыя застольныя песні не выклікаюць у іх аніякай рэакцыіі... Потым нам патлумачылі, што ў гэтым штаце існуюць свае парадкі, тут нават алкаголь не прадаецца. А, напрыклад, у Канзасе жыве шмат этнічных шведаў, і таму, магчыма, яны не такія эмацыйныя, як іншыя амерыканцы. Самая эмацыйная публіка, дарэчы, была на нашых выступах у Мінесоце і Мэрылэндзе”.
Па словах Зміцера Сасноўскага, без яркага водгуку публікі гурт не змог бы паставіць свой асабісты рэкорд — пяць канцэртаў за адзін дзень. Адзін з такіх “марафонаў” адбыўся якраз у прыгарадзе амерыканскай сталіцы.
“Мы не складалі нейкай спецыяльнай праграмы для тура па ЗША — паўсюль выконваем наш звычайны рэпертуар. Як ні дзіўна, амерыканцы вельмі цікавяцца сярэднявечнай музыкай. Рэакцыя слухачоў падзараджае музыкаў і вельмі дапамагае. Прыемна, калі зала спявае. Акрамя таго, кожны канцэрт мы завяршаем адной альбо дзвюма кавер-версіямі на легендарныя рок-мелодыі, гэтак жа, як рабілі і ў Беларусі”.
Многія канцэрты гурта “Стары Ольса” транслююцца ў наўпроставым онлайн-эфіры. Па словах журналіста Франака Вячоркі, за выступам у Грынбелце, нягледзячы на істотную розніцу ў часе, назіралі онлайн больш за тысячу беларусаў. Шмат прадстаўнікоў беларускай дыяспары было і ў зале, аднак асноўнымі гасцямі канцэртаў гурта з'яўляюцца ўсё ж-такі амерыканцы.
“Мы чакалі амерыканцаў і атрымалі амерыканцаў, таму што амаль ня гралі ў дыяспарах, — кажа Сасноўскі. — Было толькi два канцэрты ў польскіх клубах — “Капернік-Цэнтар” у Чыкага і “Польскі Дом” ў Дэнверы. Астатняе — гэта ўсё амерыканскія пляцоўкі. Цікава, што амерыканцы, якія з’яўляюцца эмігрантамі ў некалькіх пакаленнях, добра ведаюць сваю гісторыю. Яны часта падыходзілі да нас і расказвалі, з якой краіны іх род, адкуль прыехалі іх прабабуля цi прадзядуля”.
Асобныя выступы “Старога Ольсы” праходзілі на тэматычных мерапрыемствах, чымсці падобных да нашых рыцарскіх фэстаў. Пры гэтым, лічыць Зміцер Сасноўскі, парадкі на амерыканскіх рэнесанс-фестывалях нашмат больш дэмакратычныя.
“Першае, што кідаецца ў вочы — гэта не такое жорсткае патрабаванне да стылю эпохі і вопраткі ўдзельнікаў. Сустрэць цмока, балярыну ці русалку на амерыканскім рэнесансным фестывалі — абсалютна нармальна”.
Двухмесячны тур гурта "Стары Ольса" па ЗША завершыцца 9 кастрычніка канцэртам у Х'юстане, штат Тэхас. Бліжэйшы канцэрт у Мінску адбудзецца 20 лістапада ў ДК МАЗ.
Фота Аляксандры Мілянцей
Вашынгтон
Обсудим?