Сярод пісьменнікаў усё болей Ведзьмакоў



Кірыла ПАЗНЯК



Прызнанне народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча ў тым, што менавіта ён ёсць Ведзьмаком-Лысагорскім, аўтарам легендарнай паэмы "Сказ пра Лысую гару", без перабольшвання стала адной з самых гучных сенсацыяў у літаратурным жыцці апошняга часу. Аднак да сенсацыі дадаўся яшчэ і скандал.





Сваё абурэнне артыкулам у "Народнай волі", у якім Ніл Гілевіч называе сябе аўтарам "Сказа пра Лысую гару", выказаў пісьменнік Мікола Аўрамчык. Паводле Гілевіча, Аўрамчык быў ягоным суаўтарам, але пры напісанні паэмы выконваў найперш тэхнічную працу. У інтэрв'ю Радыё Свабода Мікола Аўрамчык сказаў, што Гілевіч парушыў іхняе джэнтэльменскае пагадненне разам захоўваць таямніцу аўтарства "Сказа", а калі што — дык разам і расакрэчвацца: "У часопісе “Дзеяслоў” я распавёў ад імя Ведзьмака-Лысагорскага, як паэма пісалася, як рэагавалі начальнікі на яе атрыманне. Але ж я не пісаў, што гэта я, Аўрамчык. Можна было выходзіць з падполля, але не так, як ён зараз. Яшчэ год 20 таму я хацеў падняцца на трыбуну Саюза пісьменнікаў і “раскрыцца”, але ж адзін не мог, бо ўдвох усё рабілі. Хацеў, каб было гэта публічна, каб усе парагаталі. Я й кажу: “Ніл, давай прызнаемся, усіх павесялім!” Ён у адказ: “Што ты? Смяешся?” Пасля гэтага я зразумеў: ён будзе чакаць, пакуль я “дам дуба”, і прысвоіць аўтарства сабе. Тады я што зрабіў? Расказаў усё Максіму Танку, Пімену Панчанку, Васілю Быкаву, Янку Брылю, што маю дачыненне да гэтай рэчы”.





Мікола Аўрамчык збіраецца апублікаваць свае архівы, дзе распавядаецца пра тое, як стварался паэма. Ён перакананы, што Гілевіч "ніяк не можа ад мяне адхрысціцца, не можа не прызнаць, што я быў. У яго ніякага матэрыялу не было і быць не магло! Паедземце на Лысую гару, і я яго там пры ўсіх зганьблю і буду біць яму аплявухі, бо паэма напісаная намі разам ад радка да радка. Пісалі ў мяне дома, у яго, ва ўніверсітэце на фізмаце, нават у Вярхоўным Савеце ў ягоным кабінеце”. Калі давядзецца, Аўрамчык можа бараніць свой гонар і ў судзе.





Аўрамчык кажа, што славы аўтара "Сказа пра Лысую гару" не шукае. Па ягоных словах, гэта "ад Гілевіча ідзе страшнае самаўсхваленне паэмы. Я да яе стаўлюся не так, і ад імя Ведзьмака-Лысагорскага даўно ўжо гэта выказаў. Пачыналася яна і пісалася як раешнік, мы заходзіліся і валіліся пад сталы ад смеху. “Капуснік” — і ўсё! Такая ёй і цана".





Пайшла таксама пагалоска, што нібыта іншыя беларускія пісьменнікі ўзяліся аспрэчваць аўтарства "Сказа". Сярод іх называецца і Рыгор Барадулін. Сам паэт у інтэрв'ю "Белорусским новостям" сказаў, што паводле мастацкіх якасцяў лічыць "Сказ пра Лысую гару" слабым творам: "Гэта перапеў Баркова. Няма тут і няікага дысідэнцтва — простае перамыванне пісьменніцкага посуду".





На думку Рыгора Барадуліна, Гілевічу варта было пакінуць прызнанне ў аўтарстве паэмы "як запавет пасля сканчэння зямнога шляху". Тое, што Аўрамчык — суаўтар Гілевіча, ён верыць, бо гэта "сумленны і сціплы чалавек", які ў адрозненне ад Гілевіча валодаў матэрыялам пра лысагорскае пісьменніцкае жыццё-быццё. Але Рыгор Барадулін не выключае з'яўлення новых Ведзьмакоў-Лысагорскіх, бо "дурны прыклад — заразны".





Калі скандальнасці вакол паэмы "Сказ пра Лысую гару" паболее, калі з'явяцца новыя артыкулы-прызнанні на тэму "Як я быў Ведзьмаком-Лысагорскім", гэтая паэма пра варункі ў пісьменніцкай супольнасці яшчэ больш актуалізуецца.





Зрэшты, прызнанне ў аўтарстве "Сказа" можа прынесці не толькі славу, але і праблемы. Прызнаючыся, што гэты псеўданім ягоны, Ніл Гілевіч у пэўным сэнсе рызыкуе. Успомнім, што менавіта Ведзьмаком-Лысагорскім была падпісаная пафмлетная паэма "Лука Мудзішчаў — прэзідэнт", аўтара якой шукалі адмысловыя органы. Хаця, канечне, гэтым імем мог падпісацца тады хто заўгодна.