Юры Жыгамонт атрымаў медаль ад Мінкульта праз год пасля прысуджэння
“За ўклад у развіццё культуры Беларусі” папулярнага тэлевядучага ўзнагародзіў яшчэ Павел Латушка...
Цэлы год вядучы папулярная тэлеперадачы “Падарожжа дылетанта” Юры Жыгамонт не мог атрымаць ад Міністэрства культуры нагрудны знак, што “выпісаў” яму былы міністр культуры Павел Латушка. Сёння ў офісе тэлекампаніі “Карамболь”, якая цягам дванаццаці гадоў здымае “Падарожжы”, узнагарода нарэшце знайшла свайго героя.
“Загадваю ўзнагародзіць нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За ўклад у развіццё культуры Беларусі” Жыгамонта Юрыя Уладзіміравіча, вядучага праграмы ТАА “Медыяпарк Ты-Ві” за плённую творчую дзейнасць, высокае прафесійнае майстэрства і значны асабісты ўклад у развіццё культуры Беларусі”, — гаворыцца ў загадзе за подпісам Паўла Латушкі ад 23 мая 2012 года.
Цырымонія ўзнагароджання нагрудным знакам самага вядомага падарожніка Беларусі прайшла сціпла, без пафасу. Віншавалі заслужанага дзеяча культуры супрацоўнікі тэлекампаніі “Карамболь”. Пасля таго, як Юры стаў уладальнікам доўгачаканай узнагароды, я задала яму некалькі пытанняў пра прызнанне ды “Падарожжы”.
“Можа, чарку наліць вам?” — адразу прапаноўвае мне Юрый, паказваючы на пляшку любімай “Крамбамбулі”, якая была падораная яму супрацоўнікамі “Карамболя” “ў нагрузку” да прэміі Мінкульта. “Чаму так доўга не мог атрымаць? — з месца ў кар’ер працягвае акцёр. — Бо была прысуджаная яшчэ Латушкам, а пасля ён звольніўся, паехаў у Францыю, ну і ўсё”.
— Чаму вырашана было ўручыць вам нагрудны знак тут, на офісе “Карамболя”, а не ў міністэрстве?
— Таму што праграму “Падарожжа дылетанта”, за якую мяне ўзнагародзілі, робіць “Карамболь” ужо на працягу дванаццаці гадоў. Я тут працую — гэта маё адзінае месца працы.
— Вы не стаміліся ад перадачы за дванаццаць год?..
— Як можна стаміцца ад справы, якую вельмі любіш? Хіба можна? Не, канечне. Разумееш, яна не прыядаецца. Часта гавораць, што калі доўга адно і тое робіш, то надакучвае, а вось гэтая мая праца не прыядаецца, бо я кожны раз трапляю ў нейкае новае месца. Каб я здымаў праграму пра трубы — надакучыла б даўно! А калі прыязджаеш кожны раз у новае месца, распавядаеш новую гісторыю, сустракаешся з новымі людзьмі… Кожны раз усё новае, разумееш? Я ад гэтага атрымліваю сапраўды кайф! Праца прыносіць мне сапраўднае задавальненне — гэта самае галоўнае.
— А гледачам?
— Як яна дзейнічае на гледача, я не ведаю… Водгукі і лісты ідуць пастаянна, гэта праўда. Вельмі прыемна было, калі жанчына напісала мне, што яна выхоўвалася ў сям’і ваенных, яны ўвесь час пераязджалі з месца на месца, а пасля спыніліся ў Беларусі. Ёй ужо за пяцьдзесят год. Яна руская, беларускую мову ніколі не вывучала і ўспрымала яе як нейкі сурагат: падобная на рускую, але нейкія скажоныя словы… Не чытала беларускую літаратуру, не цікавілася беларускім наагул, адным словам. Яна паглядзела мае перадачы і напісала ліст, у якім дзякавала за праграму, пісала, што яе вельмі закранула наша мова і гісторыя Беларусі. Яна пасля пачала вывучаць беларускую мову, ездзіць па краіне і вывучаць нашу гісторыю! Сапраўды захапілася нашай краінай і мовай. Канечне, калі атрымліваеш такія лісты, ты разумееш, што твая праца патрэбная, што ты не ў пустую гэта робіш, што адкрывеш для людзей нашу мову і гісторыю. Гэта надзвычай праемна.
— Ці былі негатыўныя рэакцыі?
— Негатыўныя… Ну канечне, сустракаў і такое, рознае было. Не ўсім падабаецца перадача, гэта ж натуральна. Але я на такое не звяртаю ўвагі. Як табе сказаць, такі негатыў ідзе, які мяне не закранае. Бываюць хворыя людзі, незадаволеныя нечым… Але такой адмоўнай рэакцыі я сустракаў вельмі мала.
— З якімі складанасцямі вы сустракаецеся падчас здымкаў?
— Маразы. Бывалі такія маразы, што камеры проста замярзаюць, сам дубееш — немагчыма здымаць. Да таго ж, узімку светавы дзень вельмі кароткі, у чатыры гадзіны ўжо цямнее. А мы ж толькі на вуліцы здымаем. За кароткі час трэба паспець усё зняць, бо на адну перадачу у нас толькі адзін дзень. Гэта бывае вельмі складана. А ў астатнім усё добра! Добра прымаюць, кормяць, пояць, “Крамбамбуляй” частуюць. (смяецца) Сала кавалак даць могуць — можна карміцца падчас здымак! Асабліва ўвосень — хто цыбулі, хто часныку дасць. Так і жыву, хажу з хаты ў хату, як той Дзед Барадзед. (смяецца)
— Вы зрабілі больш за 400 праграм. Дзе ў Беларусі вы яшчэ не былі?
— Вельмі шмат дзе не быў! Насамрэч, гэта не жарты. У нас вельмі шмат месцаў, якія можна паглядзець. Некаторыя вёскі падчас вайны былі цалкам знішчаныя, але ў іх такая магутная гісторыя, што проста дзіву даешся. Гісторыі кахання такія… Бывае, што застаўся толькі парк і больш нічога няма, але як пачынаюць распавядаць, якая ў яго багатая гісторыя, пра палац, які там стаяў, пра людзей, якія там бывалі, пра дзеянні, што адбываліся… Гэта неверагодна! Гарады нашыя мы наогул яшчэ не краналі! З абласных гарадоў мы здымалі толькі кавалачак Магілёва. А так езджу па вёсках ды мястэчках у асноўным.
— Ці плануеце здымаць пра гарады?
— Калі і будзем гэта рабіць, то не цалкам пра горад, а кавалачкамі — бо тыя мікрараёны, якія зараз утвараюць горад, некалі былі вёскамі. Пра адзін, другі, трэці можна будзе асобныя перадачы зрабіць — у кожным раёне нешта цікавае абавязкова ёсць. Узяць тую ж Гародню — там жа проста пра ўсё можна распавядаць: пра касцёлы, пра Каложу, пра кожную вуліцу… Я больш люблю даследваць вёскі — прыязджаеш ты туды і адразу адчуваеш непаўторную атмасферу месца, людзі такія прыемныя, свае, яны нешта пытаюцца, гавораць з табой, распавядаюць табе шмат... У буйных гарадах іначай: часта цісне сама атмасфера. Таму я атрымліваю найбольшае задавальненне, калі езджу па вёсках. Але мы не толькі Беларусь ахопліваем. Мы здымалі ў Смаленску, у Беластоку, у Белападляску. Былі такія выяздныя праграмы. Хацелася б ахапіць і тэрыторыю былога Вялікага Княства Літоўскага.
— Чаму, на вашу думку, праграма такая доўгажывучая?
— Можа, таму, што я яшчэ жывы? Памру, дык і перадачы не будзе. (смяецца) Я, па шчырасці, ніколі не думаў нават пра тое, у чым сакрэт яе поспеху. Займаюся любімай справай ды займаюся. Я не задумваўся, чаму яна ідзе і колькі яна яшчэ будзе ісці, чаму трымаецца на тэлебачанні.
Обсудим?