Паэтычная прэзентацыя без “любімых ружовых саплей”
У мінскім паб-клубе “Графіці” адбылася супольная прэзентацыя іх паэтычных зборнікаў Анатоля Івашчанкі і Усевалада Сцебуракі...
Вечарам 24 чэрвеня цягам трох гадзін здзяйснялася мара адных з самых прыгожых сучасных беларускіх паэтаў, сяброў Анатоля Івашчанкі і Усевалада Сцебуракі — у мінскім паб-клубе “Графіці” адбылася супольная прэзентацыя іх паэтычных зборнікаў.
Анатоль Івашчанка выдаў кнігу вершаў пад назвай “Хай так”, а Усевалад Сцебурак назваў сваю новую кнігу “Бег па самаадчуванні”. Абодва зборнікі пабачылі свет у серыі "Кнігарня пісьменніка" бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Пра тое, што зладзіць прэзентацыю сваёй другой кніжкі менавіта ў “Графіці” стала для паэта сапраўднай марай, Анатоль Івашчанка прызнаўся проста са сцэны: “Як толькі ў нас надараецца магчымасць рассаваць дзяцей па бабулях і дзядулях, мы з жонкай ідзем у “Графіці” і адпачываем. Аднойчы мы трапілі на гурт Re1ikt і нам так спадабалася іх гранне, што мы нават забыліся расплаціцца па рахунку. Я падзяліўся гэтым з Севам і сказаў, што вельмі хацеў бы некалі зладзіць прэзентацыю кнігі ў гэтым клубе… І вось мара здзейснілася: мы выступаем у “Графіці”, і граць сёння нам будзе гурт Re1ikt”.
Шоўмэн і мадэль Усевалад Сцебурака вельмі імкнуўся, каб сустрэча не ператварылася ў “нудотнае чытво, у нашы любімыя ружовыя соплі”. Для гэтага ён час ад часу перахопліваў ініцыятыву ў свайго брата Анатоля, які быў вядучым вечара, актыўна запрашаў прысутных спустошваць клубны бар, а для фідбэку папрасіў самых смелых задаваць паэтам пытанні.
“Кніжкі выдаюцца, пішуцца вершы, адбываецца літаратурны працэс, — ці то прысутных, ці то самога сябе падбадзёрваў паэт-мадэль. — Наколькі ён добры, наколькі ён цікавы, можна будзе меркаваць праз нейкі час чытачам, якія смакуюць гэту літаратуру, адчуваюць яе смак”.
“Чаму мы разам? Чаму адбываецца супольная сустрэча? — бадзёра працягвае Сцебурака. — У нас шэсць-сем год таму з невялічкім прамежкам у часе выйшлі кнжкі ў бібліятэчцы часопіса “Дзеяслоў”, якая тады толькі распачыналася. І яны мелі шмат у чым аднолькавы лёс: яны адбыліся, але прайшлі амаль незаўважана… Наша сённяшняя супольная прэзентацыя не значыць, што праз нейкі час мы зноў будзем выдавацца разам, проста так склалася, што кнігі адбыліся зноў амаль адначасова.
Сённяшнія зборнікі — гэта кнігі ўжо іншых людзей. Мы не адмаўляемся ад папярэдняга, але мы ўжо значна больш дарослыя Толя і Сева”.
Анатоль Івашчанка пра сваю кнігу “Хай так” амаль нічога не гаварыў — ён чытаў вершы, паказваў фотаздымкі сваёй сям’і з прыватнага фотаархіву. “Пасляжонкавы перыяд не менш плённы, чым дажонкавы. А ў падчасжонкавы вершы не пішуцца”, — адзначыў тройчы бацька.
Пачынаючы прэзентацыю, Івашчанка адразу папярэдзіў, што “першая частка прэзентацыі будзе больш пафасная і прыгожая, чым другая”. Спачатку ён выйшаў да мікрафона з нізкай вершаў “Духоўны абгрэйд”, пасля прачытаў нізку “Паміж небам і сям’ёй”.
“Не толькі сябра, але і тройчы кум” Анатоля Усевалад Сцебурака, наадварот, чытаў мала, а больш распавядаў прысутным пра сваю кнігу: “Ёсць такая добрая цытата — вы як абазнаныя ў літарутры людзі яе ведаеце. Памятаеце, калі Астап Бэндэр усю ноч пісаў верш, а пасля аказалася, што яго ўжо напісалі, ён сказаў нешта кшталту: “Какой удар со стороны классика!” Калі я шукаў назву для кнігі, я увесь час сутыкаўся з тым, што падобная назва на прыдуманую мной ужо ёсць! І апошні раз я прыдумаў назву — і тут выходзіць кніга Уладзіміра Арлова “Пакуль ляціць страла”. У мяне было сугучна і я вырашыў, што мне ніхто не паверыць, што я прыдумаў назву раней, чым наш мэтр.
Тады я падумаў: усё, кніга ніколі не выйдзе. І урэшце я ўзгадаў, як падчас фізкультуры нам гаварыў выкладчык: “Бяжым па самадчуванні”. Бег па самаадчуванні — гэта тое, што суправаджае нас па жыцці, гэта проста наша жыццё. ”
“На 96-ці старонках зборніка можна знайсці гарадскія і вясковыя пейзажы, філасофскую і сацыяльную лірыку, не кажучы ўжо пра вечную тэму кахання або кароткія рыфмаваныя гісторыі з жыцця гараджаніна. І нават аповед пра “пакаленьне last” замест пасляслоўя. І выслоўі-“reмаркі” кшталту “Паміраючы, упэўніцеся, што вашае жыцьцё скончанае”. Тут ёсць калі не ўсё, то многае, што дапаможа нам болей дазнацца пра Усевалада Сцебураку — як пра асобу і як пра паэта”, — лічыць крытык Віка Трэнас.
Другі паэтычны зборнік Анатоля Івашчанкі “Хай так” {ad samoty — da svabody} склалі вершы, напісаныя цягам апошніх сямі гадоў. Гэта творы ў рыфму, верлібры, пераклады і каверы, прысвячэнні калегам, сябрам і сучаснікам, а таксама “незавершаныя вершы”.
“Ад кранальных паэтычных аповедаў пра дарагіх і блізкіх аўтару людзей — да твораў вострасацыяльнай тэматыкі. Кожны знойдзе тут нешта адметнае для сябе”, — зазаначаецца ў анатацыі да кнігі Анатоля Івашчанкі.
Павіншаваць паэтаў з новымі зборнікамі вершаў прыйшоў калега па цэху Віталь Рыжкоў. Ён прапанаваў прысутным зладзіць “маленькі перформанс” — падняць келіхі за герояў вечара і іх новыя кнігі: “Давайце выпьем за разуменне, пранікненне чытачоў у лёсы і тэксты аўтараў, за тое, каб на кнігі выйшла шмат рэцэнзій”.
Музычны настрой вечара стваралі гурт Re1ikt і Уладзімір Дрындрожык. “Рэдкі выпадак, калі ўдаецца быць на разагрэве ў такіх класных хлопцаў!” — рэзюмаваў Сцебурака пасля таго, як Re1ikt сарваў сапраўдныя авацыі.
На маё пытанне пра падабенства кніг, Усевалад Сцебурака сказаў, што зборнікі атрымаліся вельмі рознымі і іх нельга параўноўваць.
“Я лічу, што нашы новыя зборнікі ўсё ж такі для больш прасунутага чытача, абазнанага ў паэзіі і беларускай літаратуры. Думаю, што кожны чытач знойдзе ў іх блізкія для сябе радкі ці чатырохрадкоўі”, — падзяліўся паэт.
Обсудим?