Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Нацыяналісты – гэта хто?

 

Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама».

Надоечы глядзеў я дзіцячую Эўравізію й разважаў над сваім улюбёным моўным пытаньнем. Чаму ўсе дзеці сьпяваюць на мове сваіх краін і толькі беларусы – на мове суседняй? Вось у мяне й літоўцы знаёмыя пра гэта пытаюцца, і палякі, і ўкраінцы, і нават расейцы, а мне адказаць няма чаго. Нават сорамна неяк перад суседзямі робіцца. І так я гэтым разам рассароміўся, што вырашыў — ну ўсё, калі нашы нарэшце засьпяваюць па-беларуску, пашлю за іх 10 sms, хто б там і пра што ні сьпяваў. Абы мне больш не чырванець. А калі раптам зноў па-расейску, аддам свае эсэмэскі таму, хто проста найбольш спадабаецца.

А пытаньне сапраўды складанае. Колькі пра яго ні пішуць, а яно ўсё стаіць і стаіць. Ну, дапусьцім, гавораць нашы артысты ў жыцьці па-расейску. Іх права. Абы ім ды іхнаму атачэньню камфортна было, і ўсе ўсіх разумелі. Але калі на выезьдзе – зусім іншая сытуацыя. Асабліва ў гасьцях у нашых суседзяў, якія вякамі цярпелі ад русіфікацыі й таму надта ж капрызьліва ставяцца да той мовы, на якой ты да іх зьвяртаешся.

Кажуць, на нядаўнім урачыстым зьезьдзе Саюдзіса ў Літве быў канфуз. Усе госьці выступалі па-літоўску (як маглі, памылкі даруюцца), у скрайнім выпадку па-ангельску (прыгнёту з боку Вялікабрытаніі на памяці літоўцаў не было). А Саюдзіс, як вы ведаеце, гэта такі літоўскі рух, які прывёў літоўцаў да незалежнасьці ад Расеі. І тут выходзіць з прывітаньнем наш Станіслаў Станіслававіч і “на чистом русском языке...”. Ну ясна, што зразумелі яго, бо самі многія ўмеюць па-расейску. Але ж мавэтон! Віншаваць з вызваленьнем ад русіфікацыі па-расейску...

Не асьвісталі яго, праўда. Падумалі, ну гэта ж братка-беларус, ён і так такі рахманы й забіты, ну, не спадобіўся тры словы хоць бы на роднай сваёй мове сказаць. А ў Вільні, між іншым, па-беларуску разумеюць ня горш, чым па-расейску. Бо наша – адна з тутэйшых моваў спрадвеку.

Ага, дык я наконт артыстаў. Неяк у нас у Беларусі лічыцца, што калі ты “несанкцыянавана” гаворыш па-беларуску, дык, хутчэй за ўсё, — нацыяналіст. Беларус па-беларуску ў Беларусі – нацыяналіст. Добра. А паляк па-польску ў Польшчы? Выходзіць, таксама нацыяналіст? Ну, пра літоўца я й не пытаюся, ён у нас у прынцыпе нацыяналіст. Ух, у крыві ў яго гэта дзела! І ў эстонца таксама. Ок. А калі француз у Францыі па-француску? Як бы гэта так сказаць... Нацыяналіст, але, прынамсі, нэўтральны, не са знакам мінус, проста нацыяналіст. Ідзем далей. А расеец у Расеі калі па-расейску гаворыць, ён — хто? Проста харошы чалавек? Нармальны такі сам па сабе. Ну, як жа інакш расейскаму чалавеку ў Расеі размаўляць, як не па-расейску? Значыць, не нацыяналіст? А чым жа ён горшы за немца ці француза? Ці – лепшы?

Ведаеце, я ўсё ж савецкую школу сканчаў у горадзе Менску. Шмат там дураты было, але тое, што ўсе народы роўныя, я яшчэ тады засвоіў і дасёньня ў гэтым перакананы. Няма ні горшых, ні лепшых, і ўсе маюць аднолькавае права – так нас вучылі.

Атрымліваецца, што й расеец, які ў Расеі па-расейску, – нацыяналіст, хай сабе з самым вялікім плюсам. Але – нацыяналіст. Як літовец у Літве ці венгр у сваёй Венгрыі. Усе – нацыяналісты! І беларус, які ў Беларусі па-беларуску, за іх нічым ня горшы й ня лепшы. Правільна? Правільна.

А хто тады такі беларус, які ў Беларусі – па-расейску? Не нацыяналіст? А хто, калі мы высьветлілі, што ўсе нармальныя народы на сваёй зямлі – нацыяналісты? Можа, ён — расейскі нацыяналіст? У такім разе, што ён тут робіць? Нейкія моцна нязручныя напрошваюцца ў гэтай лёгікі працягі. Непрыемныя, скажам проста. Толькі ня трэба пра тое, што беларус і сам ня ведае, хто ён. Можа й ня ведае, але адчувае гэтую нязручнасьць вельмі моцна. Нездарма пры перапісах насельніцтва абсалютная большасьць нашых нібыта рускамоўных беларусаў роднай мовай называюць беларускую. І такім чынам ці то грэх з душы здымаюць, ці то ўладам намякаюць, маўляў, пара б ужо й нам станавіцца нармальнымі нацыяналістамі. Бяз гвалту, натуральна. Бо кожны хай гаворыць, як хоча, а вось улады павінны гаварыць прынамсі на дзьвюх мовах. І артыстам, якія прадстаўляюць нашу краіну на міжнародных конкурсах, варта было б падумаць, за што іх будуць паважаць яшчэ больш і яшчэ больш эсэмэсак насыплюць.

Вядома, дзеці тут ні пры чым. Калі яны вырастуць, дык зразумеюць, што “цягнулі” на міжнародным конкурсе “за дваіх”, бо дарослыя дзядзі й цёці пазбавілі іх часткі той адметнасьці, якая ў іншых, можа быць, і стала апошняй кропелькай перамогі. Нашы бедныя “двужыльныя” дзеці! Нават перамагаць умудраюцца ў такіх умовах. Толькі не галасаваць жа за вярыгі там, дзе трэба галасаваць за радасьць.

Ну вось, такія справы. Як і абяцаў, гэтым разам свае 10 sms я паслаў зь літоўскай тэрыторыі за Грузію. Не таму, што мне іх прэзыдэнт падабаецца. Ніякай палітыкі. Проста нумар быў найлепшы. І па-грузінску.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева