Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Алена Германовіч. ЗАБОЙСТВА. Іменем РБ

 

Алена Германович

Алена Германовіч. Нарадзілася днём 23 сакавіка 1978 года. Праз месяц, у тры гадзіны ночы, мяне ў беспрытомным стане па прычыне немаўляцкага ўзросту і ў строгай сакрэтнасці ахрысцілі. Хроснымі выступілі член Камуністычнай партыі, дырэктар школы і першы сакратар райкама камсамола, што і вызначыла маю будучыню. Не, я не стала камуністам — партыя развалілася, не стала святаром — па прычыне іншага полу. Але люблю тэатр, экстрым і літаратуру. А, вось яшчэ — я ўласны карэспандэнт БелаПАН па Гомельскай вобласці.

Раніца 14 чэрвеня. Я іду на суд, па працы. Нічога такога. Адну сволач судзяць, дзяўчынку забіў, 102 нажавых, чулі, напэўна? Апошнія месяцы ён (забойца, зараз можна так пісаць, ужо прысуд быў) жыў са мной на адной вуліцы, праз некалькі дамоў. Проста на той вуліцы, дзе я жыву — СІЗА.

Часам я думала — вось ён там недзе сядзіць, за кратамі, можа, нават мяне бачыць, як я іду па вуліцы, то туды, то сюды, то за хлебам у краму, то за рэпартажам некуды. Мы не былі знаёмыя, і наўрад ці будзем. Бо ён сволач, нядобры чалавек, яго сёння ці заўтра расстраляюць. Ён дзяўчынку забіў, больш за 100 удараў нажом. Немагчыма. Я іду на апошняе паседжанне суду, пажартаваўшы з мужам, абмеркаваўшы ўсе справы на дзень. Кшталту «Я на суд схаджу, так, глупства, вышак аднаму свеціць, і хутка вярнуся, спадзяюся, што суддзя зачытае толькі рэзалютыўную частку прысуду, гэта хвілін пяць, і я буду дома, што будзем гатаваць на абед?».

Я іду па вуліцы. Думаю пра таго хлапца ўзростам чвэрць стагоддзя, які зараз сядзіць тут, на нашай вуліцы, у нейкай камеры. Пра што ён думае? Я не ведаю. З СІЗА вырульвае машына. Такая ўся страшная, закрытая, кшталту грузавік. Паварочвае туды, куды іду і я гэтым ранкам. Ага. Гэта яго павезлі. Я вярнуся дахаты. Хутка напішу інфармацыю пра вышак, ці пажыццёвае. А хутчэй вышак. Такія прыкметы, што будзе таму хлопцу вышак. І буду смажыць катлеты. І жартаваць. І пайду вечарам у госці. Будзем гаварыць пра новую пастаноўку ў мясцовым тэатры. Ці абгаворваць знаёмых, якіх сёння няма з намі. Мне-то што? Я ж нікога не забівала! Я харошы чалавек. А ён — хай. Хай яго расстраляюць, ці пажыццёвае дадуць, мне-то што? Я яго і не ведаю, дзякуй Богу, калі Ён ёсць (у сэнсе, Бог). Я не ведаю.

Я тут пры чым? Не пры чым. Проста раблю сваю працу. Проста фіксую тое, што «рэчаіснасць». Я проста статыст. Не больш, не менш.

Па розных прыкметах на пачатку паседжання адчувалася, што будзе вышак. Але нешта хацелася верыць, што гэтаму «дурню няшчаснаму» дадуць пажыццёвае. «Дурань няшчасны!», — так яго, абвінавачваемага, абазвала яго маці, калі ён казаў апошняе слова. З двух сказаў. «Я прашу прабачэння ў маці Наташы. Я больш не ведаю, што казаць». Потым яго маці злосна кінула, пакідаючы залю суда: «Дурань няшчасны! Нават не ведае, што сказаць!». Вось так яна, яго маці, сказала. Я прасіла ў Бога. Пажыццёвае для яго. Але яму, напэўна, усё роўна да нашых просьбаў (Богу). Ці Ён лепш ведае. Я не ведаю.

«Расстрэл. Іменем Рэспублікі Беларусь», — так сказаў суддзя.

Маці плакалі. І яго. І яе. Той забітай дзяўчынкі.

На ўсім судзе ён адказваў на ўсе пытанні, падрабязна распавядаў: як, што, дзе. Як забіваў, як праў вопратку, як кідаў у возера нож, як хаваў сляды злачынства. Ён не выгароджваў сябе, не тапіў іншых (кшталту сужыцелькі, ролю якой у тым жахлівым злачынстве ніхто ўжо не будзе высвятляць). Ён дурань няшчасны. Так казала яго маці. У якой мужа забілі. У якой былі нейкія сужыцелі, аднаго з якіх яе сын забіў у 2005 годзе. Ды маці і не «парыцца». Яна казала пра забітага сужыцеля, што «ён біч быў, бутэлькі збіраў, ніхто з-за яго нават прэтэнзій не прад'яўляў». На судзе зачыталі паказанні маці, якая давала яна па забойству сужыцеля сынам. Кшталту пілі з раніцы з дачкой, потым — з сынам (якому было тады 16-17 гадоў), потым зноў пілі, потым бутэлькі сужыцель здаваў, 0,7 узялі, пілі, потым сын прыйшоў, была сварка, і — забойства таго сужыцеля, «біча».

Маці плакала, казала: «А як жа расстрэл? Ён жа нічога і не бачыў у жыцці!». Я спыталася: «А можа, Вы хоць неяк вінаватыя, што Ваш сын нічога не бачыў у жыцці?». Яна так здзівілася: «А я пры чым? Вы ведаеце, якое ў мяне было жыццё? Я без бацькоў расла!».

Мне неяк так шкада. Усіх. Забітую дзяўчынку. Яе маці. Яе бацьку. Яе брата. І таго «дурня няшчаснага». І яго маці. І тых іх суседзяў, якія чулі крыкі Наташы і не выйшлі на вуліцу, і не дапамаглі. Нават з балкона ніхто не крыкнуў: «Гэй! Што ты робіш?! Зараз міліцыю выклічу!». Ніхто нават міліцыю не выклікаў. На судзе казалі, што выклік быў, калі ўжо злачынца збег. Уявіце — больш за 100 нажавых. Гэта ж час трэба! Ён яе забіваў каля пад'езду яе дома, было каля поўначы, было цёпла, балконы і вокны былі адчынены. Яна крычала, страшна крычала.

На судзе былі сведкі, якія ў адзін голас казалі, што чулі крыкі. Наташы. Калі яе забіваў злачынца. Ніхто нават з форткі не высунуўся! Маўляў, ну, крычыць, няхай, я тут пры чым?

А зараз на форумах пішуць, што забіць яго — мала! Трэба, маўляў, публічнае пакаранне, і, маўляў, «рэзаць яго на кавалкі», і «шкуру спускаць палосамі», і «каб ён паміраў у страшны муках». Гэта хто такое піша? Можа, тыя, хто жыве на Чачэрскай, і чуў крыкі Наташы «Дапамажыце!», і закрыў фіранкі, і вакно са словамі «Я не пры чым, мяне гэта не тычыцца!».

Вы гэта пра сябе пішаце, пра сумленне, якое спрабуеце забіць? Вы думаеце, яго расстраляюць — і ўсе будуць спаць спакойна? Вы думаеце, што ваша сумленне будзе забіта разам са стрэлам у скронь таго хлапца?

Я не ведаю. Можа, і так.

Я чытала, што «такім, як ён, не месца ў нашым грамадстве». А каму месца ў нашым грамадстве? Баязліўцам, якія заўсёды «не пры чым»? Мая хата з краю? Кажуць, што апошнія хаты першымі гараць.

Ён праўда, як я бачу, нічога не бачыў у сваім жыцці. П'янкі. Сужыцелі маці. Сумесныя п'янкі з імі ўсімі. Ні адукацыі, ні працы нармальнай. Дзеўкі розныя. Зачытвалі на судзе характарыстыку яго, са школы. Маўляў, дрэнна вучыўся. Урокі не рабіў. Недзе бадзяўся ўвесь час. Маці ўплыў не аказвала, з выхаваннем не спраўлялася.

Для чаго гэта я пішу? Мне праўда шкада гэтага «дурня няшчаснага». Які не бачыў, якім прыгожым можа быць світанне. І якім цудоўным — жыццё. Які не бачыў кахання. Не бачыў любові — бацькоў, дзяўчыны. У якога не было сапраўдных сяброў. Усё было — эрзац, падробка. Які не бачыў, што жыць, насамрэч — так цудоўна, такі неверагодны падарунак!

Я не кажу, што ён — невінаваты, і што суд — несправядлівы. Не. Проста мне вельмі шкада. Шкада. Нас усіх. Якія не бачаць і не хочуць бачыць нічога далей сваёй кашулі, якая бліжэй да свайго цела, якое ўрэшце ўсё роўна будзе гніць у зямлі, багаты ты ці бедны. Забойца ці ахвяра. Здаровы ці хворы. Вось толькі сумленне. Можна яго задушыць, расстраляць, разам з тым Аляксандрам. Але ці не нагадае калі яно, як ты маўчаў, як ты баяўся, седзячы ў сваёй уласнай кватэры, калі пад тваім балконам рэзалі нажом дзяўчынку, і ты — маўчаў?

Яго расстраляюць. Я не сумняваюся. Ён і сам не абараняўся, і адвакат у яго «прызначаны», наўрад ці будзе хадайнічаць пра нейкае змякчэнне пакарання. Толькі вось неяк не дае мне супакою думка. А можа, усё-такі нехта мог выратаваць дзяўчынку?

А няўжо з забойствам таго хлапца нам будзе лепш? Каму гэта дапаможа?

І ці не мы ўсе вінаватыя, што побач з намі жывуць людзі, на якіх нам начхаць, абы нам было добра? Такое ёсць народнае выслоўе: «Дай, Божа, мне, а астатнім — не». Абы ў нас усе было ціха-мірна.

Ведаеце, я аднойчы так сварылася на сына, вельмі мяне ён раззлаваў! Гэта было шэсць гадоў таму. І раптам — званок у дзверы. Я адчыніла, а там — незнаёмы мужчына, сын суседзяў, у гасцях быў у іх. І ён так злосна сказаў мне: «Гэта што за крыкі? Вы ГЭТАК дзіця выхоўваеце?». Мне было так сорамна. Я выбачалася. Разам з тым, я і сёння вельмі яму ўдзячна, што так «паставіў мяне на месца». І па сённяшні дзень я ніколі больш не павысіла голас на сына. Той урок мне быў на ўсе жыццё.

А ў некаторых урокаў ва ўсім жыцці больш не будзе. Школа скончылася. Ды і жыцця, уласна, не будзе.

А што нам? Абы нам было добра. І калі побач з намі зноў вырасце нейкі Саша, і мы будзем пісаць на форуме, як мы яго ненавідзім... Як мы хочам яго смерці. І як мы «не пры чым»...Успомнім пра Чачэрскую. І пра крыкі Наташы пра дапамогу.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Средний балл - 4.75 (всего оценок: 49)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • А еще есть "дармократы". И кого из троих выбираете?
  • Может вы и не заметили, но статья ни разу не о том, что его надо было по головке погладить.
  • здесь же тоже мать сыграла большую роль в психической составляющей сына... ведь первый раз скорее всего его мать науськала на первое забойство... ужасць, когда задумаешься... http://www.youtube.com/watch?v=8VP5jEAP3K4
  • а так, да, что сеем, то и жнём... интересно, что она ему прошипела на той вечеринке, что он нанёс больше 100 ударов ножом?! а мог бы ведь сказать: "ну всё, я больше с тобой не дружу цяпер"... а если ещё его сужицелька ему постоянно говорила: "надо защитить свою мужскую честь!" ты же не пидер какой як та тряпка, например... это я могу языком обдристать, не прибегаю к ножу в ответ... а этот немногословный... а если бы было более освещено то место? может, и не решился бы... а, может, если первый раз убийство сошло, то он чувствовал себя уже уверенно? короче, тёмное это дело... очень тёмное...
  • "кшталт" in the Belorussian-Russian online dictionary подобие, вид ===== такое непрыгожае слова гэты "кшталт"
  • Не все демократы, некоторые дерьмократы... А Вы кого больше любите и к кому примкнули?