Другие материалы рубрики «Общество»
-
Власти меняют порядок получения иностранной помощи. Хуже уже не будет?
Действующее законодательство об иностранной безвозмездной помощи в Беларуси достаточно жесткое. Оно не способствует привлечению помощи в страну… -
Выучить английский к лету
Английский язык при общении за границей незаменим. Как бы вы ни любили родную речь, вас, вероятнее всего не поймут...
- На параде в Минске в колонне техники пройдут российские ЗРПК «Панцирь-С»
- Зенон Пазьняк призвал белорусов не пропустить «банду фашистов на мотоциклах»
- Граждан, которые мусорят в лесах, будут вычислять при помощи фотоловушек
- Александр Надсон будет похоронен в Лондоне 29 апреля
- Славгород засыпало снегом
- Лукашенко о декрете против тунеядцев: ошиблись — извинимся и поправим
- Александр Надсон. Священник, ученый, белорус
- Стал известен победитель конкурса «Пресс-фото Беларуси 2015»
- Посол Израиля вручил медали «Праведников» внуку белорусов, погибших в 1943-м
- В параде 9 мая примет участие современная техника армии России
Общество
Наш чалавек у Камеруне. Дзённік валанцёра
Ужо дваццаць гадоў у камерунскай сталіцы Яўндэ працуе Foyer St. Dominique — місійная пляцоўка, якую заснаваў польскі дамініканец Дарыюш Гадавы. Асноўным заняццем святара з’яўляецца адукацыя бедных дзяцей. На тэрыторыі місіі стала жыве 30 дзяцей узростам ад трох гадоў. Дзякуючы дапамозе з Польшчы яшчэ двустам вучням аплочваецца школа.
Дапамагаюць айцу Дарыюшу валанцёры. Гэтым разам сярод іх будуць і беларусы — Арцём Ткачук і ягоная сяброўка Марта Бекіш. Арцём адмыслова для чытачоў Naviny.by будзе весці камерунскі дзённік.
|
Арцём Ткачук. Каталік. 24 гады Ураджэнец Ліды. Вучыўся на гістарычным факультэце ГрДУ, вывучаў паліталогію ў Познані (Польшча). Хоча зрабіць свет хоць трошкі лепшым. |
|
Камерун — краіна на захадзе Цэнтральнай Афрыкі. Насельніцтва складае больш за 22,5 млн. чалавек, ВУП на чалавека ў 7 разоў меншы за беларускі. Больш за 60% насельніцтва — моладзь да 24 гадоў. Краіна лічыцца дастаткова стабільнай і моцнай у параўнанні з іншымі дзяржавамі рэгіёну. Паводле індэксу чалавечага развіцця ААН, яна знаходзіцца на 150-м месцы сярод 187 краін свету. |
30 снежня. Каляднае развітанне
Чалавека, які знаходзіцца далёка ад роднай хаты, звычайна на Каляды ахінае смутак. Таму ён схільны зрабіць гэты дзень больш традыцыйным, хатнім. У нашым доме такога не было. Хоць у большасці місій робіцца менавіта такім чынам.
У хроніцы знаходжу запісы пра тое, што яшчэ 10 гадоў таму на Вігілію рабіліся польскія стравы, аплатак і інш. Аднак час шліфуе ды вучыць, і сёлета, як і на працягу апошніх гадоў, 25 снежня мы перажылі па-камерунску.
24-га цэлы дзень усё прыбіралася, рыхтаваліся стравы. Вечарам, пасля ўрачыстай літургіі, усе селі за стол. Наеліся па поўнай, уключылі музыку і танцавалі да васьмі ранку. Мы адкрылі піва і гаманілі пра нешта. Усё проста і па-камерунску.
Шмат сяброў і знаёмых часта кажуць, што на Каляды “не адчулася свята” і што яны засталіся з пачуццём горкага расчаравання. Сярод нашых дзяцей такога няма.
Тэдзі атрымаў самалёт на батарэйках, дзяўчаты — куклы Барбі.
Падаецца, нейкая дробязь, а радасці ў іх вачах больш, чым у нашых дзяцей,
якія атрымоўваць падарункі па некалькі штук на год.
Перад святам зрабілі маленькую апытанку: “Чым для цябе з’яўлецца Божае Нараджэнне?”. Большасць шчыра адказала: “Паесці, патанцаваць і падарункі”. Без асаблівых тэалагічных роздумаў. Таму і свята атрымалася ў кожнага, бо ўсе наеліся і натанцаваліся.
Святы тут не адрозніваюцца. Гэта заўсёды паесці і патанцаваць.
Не мае значэння, пахаванне гэта ці вяселле, мае яно рэлігійны ці свецкі характар.
Галоўнае — весялосць.
Нам падаецца, што місіянерская праца нейкая асаблівая, бурлівая, экзатычная, каляровая. У пэўнай ступені так, але як і ўсе справы, яе змест у большасці напоўнены штодзённасцю, звычайнымі абавязкамі і паўтаральнасцю.
Галоўнае — заставацца верным і ісці наперад.
На такой святочнай ноце дзякуем усім чытачам за ўвагу на працягу гэтых трох месяцаў. Маем надзею, што дзённік валанцёра быў нечым добрым.
Не забывайце пра Афрыку =)
Усяго вам добрага, дарагія чытачы!
Укантакце і Facebook ёсць суполкі нашай місіі па-беларуску. Там можна сачыць за жыццём і навінамі з місіі. Калі вам цікава — дык заходзьце! |
23 снежня. Далікатная справа
Пасля трох месяцаў працы разумееш, што місіі, ці проста дапамога афрыканскім краінам — справа для далікатных. Беларусы няспынна наракаюць на сваю беднасць і многім нават у галаве не ўкладваецца, што камусьці яшчэ можна дапамагаць. Няспынна чуюцца рэплікі: “Дзе Беларусь, а дзе той Камерун?”. Падаецца, што гэта праява беларускага дыягназу.
Беларуская інтэлігенцыя няспынна размаўляе пра патрэбу ўсведамлення беларусамі саміх сябе еўрапейцамі. Як бачым, гэты працэс адбываецца вельмі павольна. А што ўжо казаць пра ўсведамленне беларусаў адказнымі таксама за лёс Зямлі. “Дзе той Камерун, дзе тая Беларусь?”.
Гледзячы на палякаў-місіянераў, разумееш, як беларусам яшчэ далёка да сваіх суседзяў. На сённяшні момант па ўсім свеце працуе больш за 2000 місіянераў з гэтай краіны, гэта не лічачы свецкіх валанцёраў, якія прыязджаюць на кароткія тэрміны. Трэба ўлічваць, што ўтрымоўваюцца такія пляцоўкі выключна польскімі спонсарамі, а гэта яшчэ тысячы і тысячы асобаў. Кожны з іх адчувае сваю адказнасць за бедныя краіны, і тут амаль не чуваць гэтага: “Дзе тая Польшча, а дзе той Камерун?”.
Ватыкан не засылае сваіх агентаў, кожны місіянер едзе сам, шукае грошы сам, робіць усё сам. За прыгожымі карткамі з чарнаскурымі дзецьмі хаваюцца дзесяцігоддзі цяжкай працы. Місія — справа для далікатных. Толькі такім асобам можа быць прыемна, што дзякуючы іх дапамозе дзесьці на экватары ў маленькай вёсцы ля дарогі камусьці стане лепш.
Табе па-старому падаецца гэта ўсё дзіўным? Натуральна, мы з Беларусі. Нам патрэбен яшчэ час.
Усім чытачам жадаем цёплых і радасных Калядаў і Новага году! Няхай не забракне веры ў дабрыню і людскую спагаду!
19 снежня. Розныя праблемы
Сёння з Беларусі прыйшлі весткі пра камісію ў 30% за куплю валюты, якія нічога, акрамя суму, не выклікаюць. Бацькі сёлета набылі машыну, пазычылі грошай, цяпер перажываюць, як аддаваць. Беларуская рэчаіснасць — дый годзе. А ў нашай місіі сёння іншая гісторыя. З’явіўся ў нас новы жыхар.
Яго прынесла маці. У дадатак цацка Пікачу і маленькая торба з адзеннем. Так ён і застаўся. Два зубы спераду, маленькія валасы, паношаны касцюмчык. Ці няма грошай, ці сілаў, дакладна не ведаю. Гэта для мяне — нонсэнс, тут — рэчаіснасць.
Маці працуе ў суседнім бары, мае гадоў 17-18. Марта сустрэла яе па дарозе, тая запыталася, як там малое. На адказ, што плача, маці махнула рукой і міла засмяялася, маўляў усё будзе добра. Вось і чыёсьці жыццё.
Навіны з Беларусі турбуюць, а па шчырасці бедны Камерун супакойвае. У нас турбуюцца, што няма як аддаваць крэдыт за сціралку — тут сціраюць толькі рукамі, у нас дзяцей забіваюць да нараджэння, тут іх нараджаюць і аддаюць.
Зразумела, у гэтым тэксце не прэтэндую на ўсю праўду, але штосьці ва ўсім гэтым ёсць.
15 снежня. Грошы
Гэтая тэма прыцягвае ўсіх. Больш смелыя пытаюцца пра сродкі на пачатку размоваў, іншыя — пад канец. Але кожнага цікавіць, хто, дзе, колькі, калі і іншае. Каб мучаць людскую цікаўнасць, пішу пра гэта на пачатку заканчэння дзённіка.
Місіі бываюць розныя. Напрыклад, давялося пабываць у паліклініцы, якую заснавалі і якой да сёння кіруюць польскія манахіні-дамініканкі. Усе паслугі, як і паўсюль у Камеруне, аказваюцца тут платна. Паліклініка знаходзіцца цалкам на самаўтрыманні, цяпер нават будуюць новы корпус.
Той самы новы корпус паліклінікі.
“У чым сэнс тады такой місіі?”, — спытаеце вы? Гэта праблема стэрэатыпаў. Дапамагаць людзям — не значыць даваць усё за дарма. Ёсць шмат іншых спосабаў, заўважыць і зразумець якія дастаткова цяжка з беларускай канапы.
Непасрэдна наша місія знаходзіцца цалкам на ўтрыманні людзей з Еўропы. Гэта сотні і тысячы асобаў, якія перыядычна перадаюць невялікія, а часам і значныя сумы на дзіцячы дом. За час існавання праз місію прайшлі нават не дзесяткі і сотні тысяч даляраў.
Уявіце: 30 дзяцей, гадавая аплата за дзіцячы садок — больш за 300 даляраў, універсітэт — некалькі тысяч. Кожны бацька і маці цудоўна ведаюць, колькі да гэтага яшчэ трэба дадаць на розныя лекі, школьныя формы, падручнікі, сшыткі, алоўкі, харчаванне і іншае. Да гэтага трэба дадаць дзве сотні дзяцей, якім аплочваецца навучанне і якія жывуць са сваімі сем’ямі.
Сястра Кляра, у Камеруне працуе 20 гадоў. Па адукацыі лекар. Кіруе паліклінікай і дзіцячым садком.
Валанцёры такія як мы. Шмат хто думае, што калі ты едзеш працаваць на місію, дык табе можа і не плацяць за працу, але купляюць квіток, візу і бяруць на сябе рэшту расходаў. Увага. Гэта не так. Валанцёр мусіць аплаціць усё сам. Нават падчас побыту кожны сам аплочвае сваё лячэнне і не атрымоўвае абсалютна ніякіх кішэнных грошай.
Адзінае, што дае місія — асобны пакой, двухразовае харчаванне і магчымасць працаваць з дзецьмі. Нам з Мартай трошачкі пашанцавала — сотні каталікоў з Гродзеншчыны проста скінуліся нам на квіток, візу і прывіўкі.
Жыхары нашай місіі разам з гасцямі з Польшчы.
Зарызыкую меркаваннем, што місіянеры — жабракі па жыцці. Толькі тыя, хто хоць калісьці арганізоўваў нават самыя маленькія “скідванні” на любую мэту, зразумеюць як гэта цяжка. Але місіі развіваюцца і працягваюць дапамагаць. А значыць людзі дапамагаюць.
11 снежня
Дзённік “Наш чалавек у Камеруне” паволі набліжаецца да свайго лагічнага завяршэння. Праца ў місіі ўсё-такі напоўнена шэрымі буднямі, пісанне пра якія нецікавае не толькі для чытача. Таму ў апошніх допісах паспрабуем падвесці вынікі і зрабіць галоўныя высновы.
Дык чым жа займаюцца місіянеры?
Яны не ходзяць з крыжамі па вуліцах, не чытаюць уголас Біблію на скрыжаваннях. І, як мне падалося, нават храм не з’ўляецца іх галоўным полем працы. Наглядзеўшся на беднасць, смерць і галодных дзяцей, чалавек не можа пачаць выключна з рэлігійнасці. Місіянеры будуюць школы, дамы дзіцяці, шпіталі, паліклінікі і, натуральна, святыні.
2011 год. Будаўніцтва новага дзіцячага дома.
Капанне калодзежа на тэрыторыі новага дома дзіцяці
Напрыклад, уласна наша місія не мае касцёла, св. Імша адпраўляецца на калідоры. Ды й увогуле з шыроказразумелага духоўнага тут штодзённа толькі служба а 6-й і св. Ружанец (каталіцкая малітва. — аўт.) за ўсіх ахвярадаўцаў а 17:30. Рэшта часу — гэта простае жыццё і абавязкі, якія амаль не адрозніваюцца ад жыцця астатніх камерунцаў.
1999 год. Падчас аднаго з парафіяльных святаў.
Чытаў артыкул пра аднаго польскага місіянера, які ўсё жыццё працаваў у Інданэзіі. За час службы той пабудаваў 19 касцёлаў. Ля святыняў паўстае рэшта ўстановаў, пра якія я ўзгадваў раней.
Толькі ў Камеруне цяпер працуе больш за 100 польскіх місіянераў. Колькі іх працуе ў цэлым свеце, мне невядома. Але гэта тысячы, і ахоп людзей, якім дапамагае кожны з іх, ідзе на сотні.
Другая справа, што Ватыкан не мае свайго Бі-бі-сі, Сі-Эн-Эн ці хаця б БТ, якія б няспынна распавядалі пра нястомную місіянерскую дзейнасць. Таму часам далёкая ад чыста духоўных рэчаў дзейнасць місіянераў застаецца ў цені стэрэатыпных крыжоў і Бібліі.
2000 год. Падчас вечарыны з падапечнымі.
Асвячэнне новай школы
1 снежня. Некалькі словаў пра піва
Сядзім аднойчы ў прыдарожным бары. Пад'язджае машына жандармерыі, выходзіць важны чалавек у форме. Аказваецца, што гэта нейкі знаёмы нашага знаёмага. Далучаецца да нас. Выпівае адно ці два піва. Развітваецца, сядае ў машыну і з'язджае. І так рабілі ўсе кіроўцы, якія спыняліся ла гэтага бара.
Піва — галоўны алкагольны прысмак камерунца. ВУП на чалавека ў Беларусі ў 7 разоў большы чым тут, а вось колькасць бараў хіба што з дакладнасцю наадварот. Іх тут літаральна мора. І ў кожным п’ецца піва.
Большасць марак — сусветныя брэнды: Amstel, Heineken, Guiness, Tuborg. Папулярныя таксама нямецкія і мясцовыя бровары. Карацей, выбар неверагодны.
Біг борды з рэкламай пітва можна ўбачыць паўсюль.
Увогуле складваецца ўражанне, што піва тут зусім не алкаголь. Пасля некалькіх куфляў усе спакойна сядаюць за руль, піць піва — гэта не “бухаць”, гэта проста выпіць піва. Прапускаць бутэлечку-дзве штовечар — гэта не прыкмета алкагалізму.
Кажуць, што Guiness так дбае пра сваю якасць,
што вытворчасць кантралююць самыя ірландцы.
У сеціве знайшоў інфармацыю, што спажыванне напою на асобу ў Камеруне складае 27,1 л. Калі ўлічыць, што амаль 45% насельніцтва краіны — гэта дзеці да 15 гадоў і дадаць, што вялікая колькасць бедных людзей, асабліва у вёсках, піва бачыць выключна на святы, то можна толькі ўявіць, колькі піва п’ецца піўна-актыўнай групай камерунцаў.
25 лістапада. Пра нятаннае каханне
Закахаўся Васіль ў Ганну. Кажа ёй: “Будзь маёй жонкай!”. Яна саромліва згаджаецца, пайшлі тады яны да бацькоў дзяўчыны. Васіль, па традыцыі, бярэ з сабою шмат ежы, напояў, алкаголю, карацей, накрывае вялікі стол. Бацькі зазвычай згаджаюцца. Пазней уся сям’я маладой збіраецца асобна і вырашае, які выкуп прасіць ад Васіля. Так было калісьці ў Беларусі, так сёння ёсць у Камеруне.
Колькасць грошай, якія хлопцу трэба сплаціць сям’і каханай, залежыць ад многіх фактараў. Напрыклад, на ўсходзе краіны ў сярэднім плаціцца каля 150 тысяч франкаў (3,5 млн. руб.), у цэнтры — даражэй. У сталіцы кошт выкупу можа раўняцца кошту арганізацыі вяселля і даходзіць да 1-2 млн. франкаў (25-50 млн. руб.).
Ашыль, супрацоўнік нашай місіі, за сваю жонку “заплаціў” танна — 150 тыс. франкаў (бо было гэта на усходзе). Ён кажа, што людзі нічога не маюць супраць гэтай традыцыі. “Гэта правярае намеры маладога, ці сур’ёзныя яны”, — распавёў ён. Найбольшы выкуп, пра які чуў Ашыль, раўняўся прыкладна 5 млн. франкаў. “Чым багацейшая сям’я жаніха, тым больш яму прыйдзецца заплаціць”, — дадаў Ашыль.
Цікава, што пажаніцца без дазволу бацькоў можна, але плаціць за жонку ўсё роўна прыйдзецца. Калі сям’я жонкі даведаецца пра “нелегальны” шлюб, то яна пойдзе да бацькоў жаніха. І ўжо тыя будуць плаціць выкуп.
Можа, каб у Беларусі вярнуць такую традыцыю, дык і колькасць разводаў паменшала?
21 лістапада. (Ня)Важныя місіянеры
Сёлета 14 кастрычніка ў ЦАР быў захоплены польскі місіянер. Справа простая: мясцовыя бандыты захапілі святара, каб памяняць яго на на іх важнага камандзіра, які знаходзіцца ў турме ў Яўндэ, сталіцы Камеруна.
З заложнікам усё добра, ён кантактаваў з роднымі ў Польшчы, адносіны да яго нармальныя. Адным словам, ён патрэбны бандзе выключна як разменная манета. Справа ў іншым.
Польскае МЗС адразу паведаміла пра стварэнне спецкамісіі, польскі епіскапат (орган каталіцкай царквы, у які ўваходзяць усе біскупы краіны) таксама распавёў пра перамовы, якія цяпер адбываюцца.
Аднак насамрэч сітуацыя выглядае па-іншаму. З блізкіх да справы крыніц стала вядома, што з польскім консулам, які прыехаў на перамовы з прадстаўнікамі Камеруна, проста не хацелі размаўляць. Пазней камерунскі бок паведаміў, што абмен немагчымы.
Трэба падкрэсліць, што размаўляць пра лёс скрадзенага місіянера выслалі не амбасадара, а консула. Пра якія перамовы ідзе размова, не паведамляецца нідзе.
Цяжка сказаць, як выглядае рэчаіснасць цалкам, але з большага бачна, што місіянеры не з’яўляюцца кімьсці, за каго ўрады краінаў і міжнародныя арганізацыі становяцца гарой. Чытаючы навіны пра чарговага скрадзенага святара ў Афрыцы, заўсёды думаецца, што вось зараз там усе гэтымі бандытамі займуцца і надаюць ім па галаве.
Але тут, як і паўсюль, спраўджваецца мудрасць, што ніхто не дапаможа табе лепш, чым ты сам.
19 лістапада. Будаўніцтва
Рыхтуецца будаўніцтва дома, з мінулага тыдня пачалі рабіць бетаніты. Іх тут не набываюць, а робяць самі, бо да якасці “магазінных” існуе шмат прэтэнзій. Зазвычай гэта колькасць ужытага цэменту. Таму наш двор ператварыўся ў вялікую бетонамяшалку.
Кажуць, што еўрапейцы спрабавалі яшчэ ў каланіяльныя часы прывіць культуру чырвонай цэглы сярод камерунскіх будаўнікоў. Але эксперымент не атрымаўся, і да сённяшняга дня галоўным будматэрыялам застаюцца гэтыя камерунскія блокі.
Пясок з рэчкі і астаткі пасля апрацоўкі каменя. У асноўным
камень не дабаўляюць, але ў нас бетаніты вырашылі зрабіць мацнейшымі.
Будматэрыял сохне проста пад сонцам.
Склад бетаніту вельмі просты: два віды пяску (рачны і т.зв. шэры), цэмент, вада. Мяшаецца рошчына, пасля яна запіхваецца ў адмысловую форму, пакідаецца на сонцы, і праз два дні блок гатовы.
Пазней будынкі так і атрымліваюцца: нібы сцены ёсць, але ўнутры яны пустыя. Але гэта мае сваю рацыю, бо холаду няма, а таму сцены патрэбны хутчэй для адмежавання дома ад вуліцы.
Галоўны інструмент — форма. Як бачна, самой рошчыны
дастаткова мала. Але на практыцы матэрыял спраўджваецца.
Трэба нагадаць, што такія матэрыялы выкарыстоўваюцца больш у гарадах. Праязджаючы праз невялікія вёскі, нічога акрамя гліняных ляпных хат я не бачыў. Усё-такі калі мароз за нос не шчыпае, пытанне сценаў застаецца на другім плане.
17 лістапада. Не паесці
“Фабрыс, табе колькі разоў было сказана прыбраць тэрыторыю за домам! Сёння вечарам не ясі!”, — чую здалёк. Спачатку такое пакаранне падаецца абуральным, непрымальным, нялюдзкім. Толькі больш доўгі час знаходжання на месцы дазваляе зразумець сэнс такой экзэкуцыі.
У камерунскіх вёсках людзі ядуць раз на дзень. Над ежай тут не думаюць, яе не ацэньваюць і не разглядаюць. Яе банальна ядуць, бо гэта ежа. Дзеці ў сем’ях харчуюцца пасля бацькоў, г.зн. даядаюць тое, што застанецца. Малодшы ніколі не будзе есці перад старэйшым. Можна абурацца, але гэта звычка складалася стагоддзямі. Шкада, што яе ахвярамі сталіся дзеці.
І вось уявіце сабе: трапляе малое ў нашую місію. Кожны дзень есць два разы, не мусіць даядаць пасля кагосьці. Так кожны дзень — немалаважны факт. Але да добрага людзі прызвычайваюцца хутка. Пры гэтым у галаве складваецца ўражанне, што так было заўсёды і так быць павінна.
Фабрыс некалькі разоў праігнараваў загад памыць падлогу. Такая сітуацыя здараецца не першы і не другі раз. Кампутара і тэлебачання няма — гэтага не пазбавіш. Паставіць у кут — дзеці могуць стаяць гадзінамі і гэты факт іх мала турбуе. А трэба вучыцца і чакаюць іншыя абавязкі. Накрычаць — нуль рэакцыі. Дзеці настолькі прызвычаены да ўсяго гэтага, што такія пакаранні — брак пакаранняў.
Ежа застаецца стоп-кранам, толькі адсутнасць у страўніку вячэры змусіць дзіцё задумацца над сваімі паводзінамі і паслухаць старэйшага.
Можна сказаць, што існуе шмат іншых метадаў уплыву. Так, але ў Еўропе. “У чужы кляштар са сваімі правіламі не ходзяць”, — кажуць людзі. Вось і ў Афрыцы трэба паводзиць сябе па-афрыканску. Бо так і застанешся белым, які размаўляў на сваёй мове.
14 лістапада. Афрыканская сцяна
Кожны аўторак я правяраю ў дзяцей веды з апошняга занятку па рэлігіі ў касцёле. Звычайна вучні проста чытаюць уголас тое, што напісалі. Часам я проста пытаюся пра іх меркаванне наконт пройдзенай тэмы.
І вось прыходзіць да мяне Мээмэ, 12 год. Бачу, што заданне вельмі простае — трэба вывучыць некалькі сказаў. Вучаніца непадрыхтаваная, кажу ёй каб адыйшла на бок, прачытала гэта некалькі разоў і, вярнуўшыся, пераказала тэкст. Праз пяць хвілін яна вяртаецца і ізноў не паўтарае гэтыя няшчасныя сказы. Даю яшчэ пяць хвілін. Вяртаецца і гэтаксама ня можа прыгадаць ружанцовыя таямніцы (такая каталіцкая малітва).
Тая самая Мээмэ
Даю сшытак і загадваю, каб чытала цяпер уголас. Мээмэ глядзіць на старонку і маўчыць. Яшчэ раз паўтараю, каб проста прачытала напісанае. Тут адзін з хлопцаў кажа: “Дык яна ж не ўмее чытаць”. І толькі цяпер я заўважаю яе позірк, які бегае па старонцы і шукае хоць штосьці знаёмае. Нібы дзіцё, якое згубілася і цяпер шукае маці ў натоўпе.
Разгубліваюся. Перапытваюся ў Мээмэ, ці гэта сапраўды. Яна з усмешкай, нібы так і трэба, адказвае, што чытаць не ўмее. Кажу добра, можна ісці.
Мээмэ нічым не адрозніваецца ад іншых дзяцей. Гэтаксама гуляецца, апранаецца, есць, размаўляе. І вось сядзіш, глядзіш на яе і не можаш зразумець: “Чаму, як гэта, што рабіць?”. І пакуль што з гэтым яшчэ ўсё норм, бо гэта дзіцё. Праз год яна навучыцца пісаць і чытаць, але ёй ужо будзе 13.
Прадстаўце, вашае дзіцё чытае першае слова ў 13 год. І ўсё з-за грошай, якіх мала, і бацькі вырашылі, што лепш іх патраціць на нешта іншае, але не на школу. Такая грубая непісьменнасць.
12 лістапада. Некалькі словаў пра прычоскі
Для камерунскіх жанчын прычоска — адно з галоўных упрыгожванняў. Зразумела, жанчыны паўсюль дбаюць пра прыгожыя валасы, але яшчэ нідзе я не бачыў, каб прычоска змянялася штотыднёва і так кардынальна.
Малюнак на цырульні. Пра рэкламу, вывескі і надпісы я яшчэ напішу асобна.
Увогуле распушчаныя валасы цемнаскурых вельмі адрозніваюцца ад валасоў белых людзей. Вы, напэўна, бачылі прычоску былога бойфрэнда Вікторыі Азаранкі — аб’ёмныя стаячыя валасы, штосьці як грыва ў льва. Дастаткова вядомы выгляд сярод прадстаўнікоў шоў-бізнэсу. Па камерунскім меркам гэта як выйсці на вуліцу нерасчасаным ці нестрыжаным доўгі час. Дзяўчыны тут заўсёды заплеценыя, пры гэтым колькасць варыяцый касічак — агромністая.
Мішэль падчас пераходу ад старой да новай прычоскі.
Дзяўчыны ў нашай місіі кожныя выходныя пераплятаюць адна адну. Займае гэта некалькі гадзінаў. Марта аднойчы таксама паспрабавала зрабіць сабе мясцовыя касічкі. Выглядала, канешне, прыгожа, але цырульніца сцягнула імі ўсю скуру на галаве і атрымалася так, што нават усміхацца было балюча. Пасля некалькі дзён гэтую прыгажосць прыйшлося зняць. Прыходзім да высновы, што нашы валасы да такога непрыстасаваныя.
Штотыднёвы “пераплёт”.
Увогуле гэта дастаткова практычна, з такімі касічкамі ня трэба штодзённа расчэсвацца і клапаціцца пра валасы.
Афрыканскі эксперымент Марты.
10 лістапада. Электрычнасць
Амаль кожны дзень у нас выключаюць свет. Часам на некалькі гадзін, часам на даўжэй. Паглядзеўшы на навакольныя камунікацыі, можна не здзівіцца, чаму гэта адбываецца так часта.
Кучы кабеляў часам вісяць на нейкіх палках, прыкручаныя дротам. Свет тут не ўплецены ў жыццё чалавека, ён дадатковы. Дзеці могуць месяц не казаць, што ў іх перагарэла лямпачка.У пакоі зробіцца ясна пасля таго, калі доўгая адсутнасць свету ў вакне будзе заўважана старэйшым. Яны проста прызвычайваюцца. Можна жыць і без свету.
Такая карціна паўсюль.
Цяжка зразумець, неакуратнасць гэта ці беднасць, ці абыякавасць.
Падаецца, што ўсё разам.
Едучы з Яўндэ ў Бертуа, гэта 300 км на ўсход, па дарозе мінаеш сотні хатак, зробленых з гліняных блокаў. Часам электрычны кабель праходзіць ля дамоў, але людзі не праводзяць свет у свой дом. У ім альбо няма патрэбы, альбо няма грошай. Свет проста ідзе ля дома і па розных прычынах яго мінае.
Звычайная хіжына.
Збоку жытло мінае лінія электраперадач.
Сястра Кляра паказвае нам дзіцячы садок, які належыць польскай місіі.
“Свет мы адключылі. Грошай бацькоў не хапае на зарплату персаналу, пра электрычнасць і казаць няма чаго, — кажа манахіня. — Заняткі ў нас да 14.00, таму дзённага свету хапае. Калі хочам дзецям уключыць песню, дык мы бярэм прадаўжальнік і падключаемся з суседняй хаты. Спецыяльна для гэтага набылі”.
Дзіцячы садок без электрычнасці.
Колькі такіх садкоў раскідана па краіне, невядома.
7 лістапада. Памінкі
У адной з выхаванак місіі паўгады таму памёр бацька. Загінуў у аўтакатастрофе. Па тутэйшай традыцыі ўдава павінна хадзіць шэсць месяцаў ў белай ці чорнай адзежы. На канец жалобы робіцца вялікая вечарына, жанчына змяняе адзенне на звычайнае і як бы становіцца ізноў вольнай. Вось на такое мерапрыемства я і патрапіў.
Два вялікія намёты поўныя людзей. Кожны апрануты па-ўрачыстаму і нават больш.
Шведскі стол. Кожны падыходзіць па чарзе
паводле блізкасці да сям'і памерлага.
У пэўным моманце да мяне падыходзіць нейкая жанчына і пытаецца: “Як справы?”. Абсалютна не разумеючы хто яна такая, адказваю, што ўсё добра і культурна вывільваю ад размовы. Пазней разумею, што гэта маці нашай дзяўчыны. Звычайна пасля макіяжу жанчыну з лёккасцю можна пазнаць нават на самых урачыстых вечарынах. Спадарыню Магі я не пазнаў, хоць яшчэ ўчора мы сядзелі з ёй за адным сталом.
Удава Магі.
Святая імша за памерлага, вячэра. Дзіджэй ставіць больш рытмічную афрыканскую музыку. Пачынаюцца танцы. Да мяне падыходзіць маці ўдавы, на выгляд гадоў каля 60, запрашае патанцаваць. Пасля тое ж самае з яшчэ старэйшай бабуляй. Мы танцуем, смяемся, увага гасцей спыняецца на мне: “Белы танцуе!”. Успышкі камераў тэлефонаў. Дзесьці метрах у 25-ці ад танцполу знаходзіцца магіла памерлага. Помніка яшчэ няма, толькі некалькі пластыкавых кветак.
Памінкавы фотасэт.
Напрыканцы найбольш блізкія сядаюць у машыну, едзем у бар. Ва ўдавы няма грошай, памінкі з’елі ўсё. Скідваемся з сяброўкай і замаўляем усім па піву. Тут усё звычайна, як у бары: размовы, разглядванне выпадковых суседзяў і выхады ў туалет.
Даведваюся, што памерлы муж раней меў яшчэ адну жонку. Цяпер спрачаюцца, хто атрымае пасобіе. Усё як і паўсюль. Пані Магі бярэ мотатаксоўку, да яе падсаджваецца яшчэ хтосьці. Перагружаны кітайскі двухкалёснік паціху набірае хаду. Такія памінкі.
5 лістапада. Здабываем чарвякоў
Гэты афрыканскі дэлікатэс для шараговага еўрапейца з’яўляецца першым сімвалам тутэйшага харчавання. Мне давялося быць сведкам аперацыі па яго здабыванню, таму сёння пра чарвякоў.
Лявэр, так іх называюць мясцовыя, жыве ў зрубленых ствалах пальмаў. Іх прысутнасць у дрэве вызначаецца па гуку і на вока. Калі прыслухацца, то ўнутры будзе чутны адмысловы рух і лёгкі трэскат. Лявэр жыве альбо ў сэрцавіне, дзе выядае ўсю мякаць, альбо ў кары, у выпадку калі сэрцавіна надзвычай цвёрдая.
Цвёрдая кара разрубаецца, каб вырваць мякіш і падаставаць адтуль усіх чарвякоў.
Доўгачаканая сэрцавіна. Увогуле разрубіць пальму — вельмі цяжка.
Хлопцы па чарзе працавалі сякерай.
Норы чарвяка.
А вось і доўгачаканы дэлікатэс.
Калі бачна, што чарвякі яшчэ малыя, то тады дрэва пасыпаецца соллю і пакідаецца на тыдзень. За гэты час чарвякі падрастуць і будуць гатовыя да ўжытку. Насуперак стэрэатыпам, лявэр не ядуць непрыгатаваным. Пазней іх абіраюць са скуры і смажаць. Яны дабаўляюцца да соўса і надаюць яму непаўторны смак. Так мне кажуць, я пакуль што яшчэ не адважыўся паспрабаваць.
Т.зв. стограмовік лявэру каштуе 2000 франкаў (40 тыс. рублёў).
Гэта дорага па тутэйшых мерках.
Лявэр — вусень. Пазней з яго вылупліваецца вось такі жук.
Яго таксама можна есці.
Дрэва прысыпалі соллю, разрубленае месца заклалі аскепкамі.
Праз тыдзень малыя лявэры падрастуць і стануць нядзельным ласункам для дзяцей.
29 кастрычніка. Па завулках Яўндэ: базарна-камерунская рэчаіснасць
* Некаторы час не было тэхнічнай магчымасьці
выйсьці ў інтэрнэт, таму гэты допіс вы чытаеце са спазьненьнем.
Звычайны камерунскі базар, зразумела, адрозніваецца ад беларускага. Аднак ёсць вельмі шмат падобнага. Усе тавары тут абсалютна іншыя, але ў той жа самы момант любы прыпынак ля гандлёвага месца суправаджаецца вядомым: “Вам штосьці паказаць?/Вам чымсьці дапамагчы?/Бярыце, бярыце, сам такія нашу”.
Звычайны рынак. Гэты працуе толькі на выходныя.
Калі ж параўноваць паміж беларускім і арабскім стылем гандлявання, то базар у Яўндэ больш падобны на беларускі. Прадаўцы тут не пхаюць табе свае тавары ў рукі і ў прынцыпе аднаго “не, дзякуй” для іх дастаткова.
З рэчаў, якія запомніліся найбольш, дык гэта хлопцы з тачкамі. На выгляд ім 13-15 гадоў. Зарабляюць яны тым, што на гэтых тачках возяць пакупкі людзей. Напрыклад прыйшла цёценька набыць бульбы, манёку, бананаў, яшчэ што-небудзь. Зразумела, што несці ўсё гэта ў руках яна не здолее. Тады ў адну секунду перад ёй з’яўляецца такі хлопчык, які прапаноўвае свае паслугі. У залежнасці ад адлегласці падвозу плаціцца 200-300 франкаў. Гэта 4-6 тыс. беларускіх рублёў. “За дзень можна зарабіць да 1500 франкаў”, — кажа адзін з хлапцоў. Большасць з іх не ходзіць у школу.
Маладыя працаўнікі. Пачатковая школа тут абавязковая. Далей — не.
Гэты падпрацоўвае продажжу пончыкаў.
Пончыкі, натуральна, пёк не ён.
Гэты прадае напоі.
Праца дзяцей тут нікога не здзіўляе. І размова тут не ідзе пра падпрацоўку на марозіва, як гэта ёсць у любой краіне. За тачку яму заплацяць, але хто растлумачаць, чаму яму варта хадзіць у школу?
Увогуле ўсе тут ветлівыя. Сфоткацца прасілі, часам, самі прадаўцы. Толькі напрыканцы адзін амаль не кінуўся на Марту за скіраваны на яго аб’ектыў. Сімпатыя да белых тут перамешаная з нянавісцю. Усё ў адным. Як на базары.
Курыца прадаецца жывая. Гэта каб мяса
не сапсавалася, калі ніхто не купіць.
Мяснік прасіў, каб яму пазней здымак прынеслі. Мяса ляжыць
проста пад адкрытым сонцам. Лядоўні толькі ў крамах для багатых.
24 кастрычніка. Па завулках Яўндэ. Крама для багатых
Гандаль у Камеруне амаль цалкам застаецца на дробных базарах у руках тысяч іпэшнікаў. Абсалютную большасць пакупак людзі тут робяць пад адкрытым небам. Але ёсць таксама і супермаркеты, аднак туды ходзяць толькі багатыя. Тавары, якія там прадаюцца, не па кішэні простым людзям, альбо яны абыходзяцца без іх. Вось у такі супермаркет мы і завіталі.
Звонку выглядае як звычайная крама. Але аўтапарк на паркінгу пацвярджае, што сюды прыязджаюць не бедныя людзі.
Наша місія не робіць тут звычайных пакупак. Толькі дыябетычныя ёгурты для айца Дарыюша і некаторыя прадукты, якія не набудзеш на рынку. Тавары, якія вырабляюцца ў Камеруне, не асабліва дарагія, а вось артыкулы з Еўропы каштуюць у некалькі разоў даражэй, чым на радзіме. Улічваючы тутэйшыя заробкі, такія кошты робяцца проста недасягальнымі.
Сухі сняданак Chocapic каштаваў 7950 Fr = 160 тыс. руб.
Нагадаю, дзень працы рознарабочага на будаўніцтве каштуе 2500 Fr= 50 тыс. руб.
Гарбата Ліптан — 1900 Fr = 38 тыс. руб.
Пры ўліку, што культуры піцця гарбаты тут няма.
Гэта альбо для белых, альбо для еўрапеізаваных камерунцаў.
Цукар — 650 Fr=13 тыс. руб. за кг.
Мяса тут даражэйшае за рыбу, але таннейшае за шмат іншых рэчаў. Пры гэтым параўнанне адбываецца ў дарагой краме. Для мяне асабіста гэтае пытанне нецікава, але ведаючы, якія хваляванні ў шараговых беларусаў выклікае чарговае падаражанне гэтага прадукта, па інерцыі звяртаю на гэта ўвагу.
Розныя фаршы, курыцы, філе і г.д. каштуе не больш за 70-80 тыс. руб.
Тут няма тварагу, смятаны, вяршкоў, кефіру і інш. Культура малака тут вельмі слабая. Напэўна з-за высокай тэмпературы. У большасці абыходзяцца сухім малаком.
У цэлым — нічога цікавага. Тоўстыя камерунцы з залатымі ланцугамі, куча ахоўнікаў і проста мінімум Афрыкі. Калі хтосьці шукае штосьці аўтэнтычнае, дык тут гэтага зусім няма. Таму ў наступны раз паедзем на рынак.
22 кастрычніка. Па завулках Яўндэ: дарожны рух (частка 2)
У цэнтры горада рухам кіруе тутэйшае ДАІ. Хабар у Камеруне — норма. Паліцыя традыцыйна не адыходзіць ад гэтага трэнду. Мінімальны “давайце дамовімся” — 150 мясцовых франкаў (0,30$).
Чым большае парушэнне, тым больш грошай. Але дамовіцца можна заўсёды. І нават калі ты не хочаш, паліцыя змусіць цябе да хабару. Але гэта ўжо для белых. Для тутэйшых гэта ўсё нармальна.
Працаўнікі ДАІ, якія кіруюць рухам у горадзе, лічацца лузерамі, бо на гэтай пасадзе амаль няма магчымасцей, каб браць хабары.
Увогуле ахоўнікі парадку вельмі сур’ёзныя. Гэты, напрыклад, вельмі грозна крычаў на мяне за тое, што я сфоткаў яго. Але ўсё для цябе, дарагі чытач =)
Паліцыя ездзіць ці на вялікіх лэнд-роверах, ці на цяжкіх мэрсэдэсах. Бачыў вайсковую частку, на тэрыторыі якой стаяла куча вайсковых мэрсаў такога кшталту. Нямецкую якасць любяць і тут.
Бензін у Камеруне даражэйшы чым у Беларусі. Адзін літр — 1,35$. З горкі тут усе павальна ездзяць на нейтралцы. Чуў ад матацыклістаў з Польшчы, якія аб’ехалі ўвесь Камерун, што цана на паліва расце адпаведна аддаленню ад горада. Калі я добра зразумеў, аднойчы ў нейкай маленькай вёсцы ў гарах цану за літр бензіна загнулі да 7$.
Матацыклісты-бамбілы для мяне сталі сімвалам Яўндэ.
Чуў па радыё, што колькасць аварый толькі на адной дарозе з Яўндэ ў Дуала (другі па велічыні горад Камеруна) за год складае каля тысячы. Але гэта на трасе. У горадзе ж усё спакойна. Так мне падалося. Усе сігналяць, але ездзяць акуратна і нават часам прапускаюць.
21 кастрычніка. Па завулках Яўндэ: дарожны рух (частка 1)
Шмат хто з нас бачыў па тэлебачанні кадры з розных краінаў, дзе па вуліцах ездзяць сотні жоўтых дабітых таксовак уперамешку з матацыкламі і старымі цяжкавікамі. У Яўндэ ўсё выглядае менавіта так. Хоць, шчыра кажучы, я чакаў большага хаосу.
Машыны тут ездзяць больш-менш роўна. Светлафораў
і пераходаў для пешых амаль не існуе.
Грамадскі транспарт тут не існуе. Ёсць штосьці кшталту маршрутак, толькі тут гэта легкавыя машыны. Кожная ездзіць па сваім маршруце. Каб спыніць таксоўку, трэба падыйсці да ўзбочча дарогі і проста стаяць. Машыны з вольнымі месцамі будуць запавольвацца, табе трэба крыкнуць куды едзеш, і тады, калі твой пункт адпавядае маршруту таксоўкі, кіроўца засігналіць і можна заскокваць.
Праезд каштуе, у залежнасці ад працягласці трасы, ад 0,30 да 0,75 даляраў. Таксама трэба быць гатовым да таго, што пярэдняе крэсла вызначана для двух пасажыраў.
Тыповая карцінка. Цэнтр горада, людзі чакаюць свой транспарт.
У адмысловых месцах знаходзяцца стаянкі такса-матацыклаў.
У горадзе ёсць вуліцы, па якіх ездзяць толькі маршруткі-матацыклы.
Гэта з-за стану дарогі.
Недабудаваны мост у цэнтры гораду. Стаіць так ужо шмат гадоў.
Падрабязней пра гэта напішу пазней.
Як і ў шмат якіх іншых краінах, у Камеруне ездзяць на матацыклах па некалькі чалавек. Так проста танней. З машынамі таксама. У Камеруне машыны пакуюцца пад завязку, вышэй даху, даўжэй багажніку, шырэй крылаў. Робіцца гэта, зразумела, не каб папрышпільвацца і пасмяяцца. Бусы тут рэч рэдкая, а таму ўсё негабарытнае возіцца на звычайных легкавіках.
Ніякіх шлёмаў і іншых пралад бяспекі я не бачыў.
Звычайны тутэйшы вобраз.
Падаецца, што такія фоткі часам можна рабіць і ў Беларусі.
19 кастрычніка. Айцу Дарыюшу — 54
Сёння айцу Дарыюшу спаўняецца 54 гады. Хоць рубрыка “Па завулках Яўндэ” ужо кіпіць і проста патрабуе выліцца на старонкі гэтага блогу, яшчэ раз я вымушаны адкласці яе на наступны раз. У гэты дзень важна напісаць пра гэтага чалавека.
Дамініканец паціху набліжаецца да моманту, калі зможа сказаць, што палову свайго жыцця правёў на місіі. Адразу пасля атрымання святарскага сану, у далёкім 1994 г., ён разам з двума братамі прыязджае ў Камерун. Праз некалькі гадоў застаецца адзін.
Калі памерла яго маці, ён не мог прыехаць у Польшчу, бо гэта не тыя адлегласці, калі можна дазволіць сабе незапланаваны прыезд. Нават на пахаванне маці.
Чалавек, які няспынна гаворыць пра тутэйшыя мінусы, але пры гэтым ужо не прадстаўляе сябе ў Еўропе. “У мяне там проста дах паедзе”, — паўтарае ён. Сотні выхаванцаў, пабудова не аднаго дома, тысячы дзяцей, якія хадзілі і ходзяць у школы толькі дзякуючы знойдзеным айцом Дарыюшам спонсарам.
Ужо каторы раз прыходжу да высновы, што большасць вялікіх людзей незаўважальная. Незаўважальная для СМІ, незаўважальная для ўладаў, незаўважальная для большасці грамадства. Такія людзі ў прынцыпе нават ад гэтага ўцякаюць. Яны маюць свой курс і ідуць па ім. Нягледзячы ні на што.
Вось і айцец Дарыюш у свае 54 працягвае рабіць тое, што пачаў яшчэ маладым і прыгожым :)
1999 г.
2001 г.
2003 г.
2005 г.
2007 г.
2011 г.
2013 г.
17 кастрычніка. Спецпост: Эбола
Сябры і знаёмыя ўвесь час пытаюцца, што пра хваробу кажуць у Камеруне і як усё гэта выглядае адсюль. Ды і па беларускіх СМІ бачна, што тэма гарачая. Мне падалося важным напісаць пра гэта некалькі словаў.
За некалькі месяцаў т.зв. эпідэміі памерла некалькі тысяч чалавек. Зразумела, кожнае жыццё неацэннае, але паглядзіце на статыстыку дзіцячай смяротнасці ў Афрыцы: кожны дзень тысячы малых ва ўзросце да 5 гадоў паміраюць ад недаядання, малярыі, браку медыцынскай дапамогі. Сярэдняя працягласць жыцця камерунца — 54 гады. Колькасць людзей за 60 гадоў складае ўсяго 6%, асобы да 25 — каля 60%. Людзі тут проста доўга не жывуць.
Атрымоўваецца, што ўсе СМІ скіраваны на тое, што не з’яўляецца так насамрэч афрыканскай праблемай. Проста дзіцячая беднасць, недаадукацыя ці яе брак і бядота сёння ўжо не прыцягвае ўвагу чытача ці гледача. А вось Эбола так. Таму пра яе так шмат гавораць.
А ў Камеруне? Тутэйшы міністр аховы здароўя заклікаў не есці дзікіх жывёлаў, звяртаць большую ўвагу на санітарыю, у аэрапорце, як вы ўжо бачылі, паставілі анты-эбола рамку.
Тыдзень таму камерунская зборная па футболе грала з Сьерра-Леонэ. Дык гасцям не дазволілі выходзіць з гатэлю (нагадаю, Сьерра Леонэ лічыцца адным з ачагоў хваробы). Але простыя людзі жывуць так, як і жылі. Пра Эболу я тут чуў толькі жарты.
Адукацыя дзяцей — гэта тое, што патрабуе шмат грошай і часу.
Менавіта гэта сфера павінна быць у цэнтры ўвагі міжнароднай супольнасці.
16 кастрычніка. Па завулках Яўндэ: могілкі
Сёння пачнем знаёміцца з горадам, яго жыццём і рознымі яго абліччамі. Тэмаў для апісання шмат, але першае пра што хацелася б напісаць — могілкі.
Справа ў тым, што шмат рэчаў, якія бачыш на вуліцах Яўндэ, ужо дзесьці бачыў па тэлебачанні, чытаў пра іх ці проста штосьці такое можна ўявіць. А вось уявіць пахаванне родзіча каля сваёй хаты і ўсталяванне тут помніка — ўжо цяжэй.
Уся пахавальная цэрымонія пачынаецца і заканчваецца ля роднай хаты. Робіцца спецыяльны намёт, пад якім збіраюцца госці, ставіцца труна і тут адбываецца малітва. Магіла выкапваецца тут жа, збоку. Пасля пахавання, як і у Беларусі, адбываецца ўрачысты абед. Пры гэтым вечарына можа цягнуцца некалькі дзён і грошай на яе не шкадуецца. Кажуць, што часам чалавек яшчэ хварэе, а грошы на вечарыну пасля яго пахавання ўжо збіраюцца.
Дзеці не могуць глядзець на тое, як труна апускаецца ў яму.
Падчас гэтага моманту яны мусяць ляжаць на кучы зямлі з ямы. (фота з архіва місіі)
Пачынаецца абед. Як бачна, любімы напой камерунцай ужо гатовы. (фота з архіва місіі)
Падчас жалобнай літургіі. (фота з архіва місіі)
Дык вось, калі едзеш па невялічкіх вуліцах горада, помнікі стаяць тут амаль каля кожнага дома. Уражанне ад гэтага не самае прыемнае, хоць з часам чалавек прызвычайваецца да ўсяго. Айцец Дарыюш смяецца з мяне і кажа, што яшчэ не вядома, што больш правільна: могілкі, ці магілы каля дома. Можа гэта і так. У Камеруне так.
Каб пахаваць памерлага ў Яўндэ, трэба каб твае продкі
жылі тут некалькі пакаленняў. Інакш хаваюць у вёсцы, адкуль паходзіш.
Помнік у адной з вёсак. Такія колеры.
Праз месяц хутчэй за ўсё паедзем на тутэйшую гадавіну па памерлым.
Прыгледземся да яе бліжэй. (фота з архіва місіі)
Надмагілля стаяць проста ля дарогі.
14 кастрычніка. Усё ОК
Пасля абеду прыйшоў у тутэйшую амбулаторыю за вынікамі майго аналізу крыві. Пасля некалькіх мінутаў доўгага маналогу доктара я зразумеў, што ў крыві ўсё-такі нешта ёсць. Пазней яна тыкнула пальцам у лекі з малюнкам камара і ўсё стала зразумелым. Абнадзейвала толькі тое, што лекар паўтарала, што малярыі ўва-мне зусім трошкі.
Пасля вяртання дадому, айцец Дарыюш сказаў, што магчыма яна проста “развяла” мяне на грошы. Справа ў тым, што нават па афіцыйных паперах малярыя патрабуе два тыдні, каб асесці ў арганізме і праявіць сябе. Такім чынам за 8 дзён побыту ў Камеруне верагоднасць хваробы вельмі нізкая. Лекі ад малярыі ў суме каштуюць амаль $30. Таблеткі набываюцца адразу ў доктара, таму магчымасць “наколу” таксама існуе.
Ужо вечарам палягчэла і я нават правёў адзін занятак і пагуляўся з нашымі малодшымі дзяцьмі. Сёння зранку ад хваробы не засталося і следу. Таму пытанне — была гэта малярыя, ці проста нейкае страўнікавае атручванне, застанецца без адказу. Можа так і цікавей.
Айцец Дарыюш кажа, што ўся гэта малярыя — фуфло. Справа ў тым, што лекі на адзін раз ад яе каштуюць каля $60. Цяжка паверыць, што некаторыя фармакалагічныя карпарацыі, якія займаюцца гэтым, не былі б зацікаўленыя ў нераспрацоўцы прывіўкі ад хваробы. Але гэта так, пытанне ў дужках.
Лекі ўсё ж такі п’ю: грошы то заплочаны. Гэта варыянта для лёгкіх выпадкаў, за $30.
А вось гэта ўжо цяжкая артылерыя за $60. Лепш набываць у Еўропе, тут даражэй.
13 кастрычніка. Першая хвароба
Учора зранку, падчас літургіі, раптам занямог. Лёгшы хуценька ў ложак, я змог устаць з яго праз 24 гадзіны. Якаясці бактэрыя ўсё-такі ўлезла ў мой арганізм. Не дапамагло ні мыццё рук сто разоў на дзень, ні нармальнае харчаванне, ні іншыя меры павышанай санітарнай асцярожнасці.
Ужо на другі дзень побыту тут быў змайстраваны
адмысловы столік для міскі з вадою і мыла.
Кожны раз перад уваходам і выхадам з пакою тут мыюцца рукі.
З тэмпературай ваявалі парацэтамолам, да якога дабаўлялі спецыяльны вітамін, які не даваў парацэтамолу папсаваць справы ў страўніку. Айцец Дарыюш, усміхаючыся, сказаў: “Я ж вам казаў — гэта Афрыка, з хваробамі тут ніколі нічога не вядома”. Перад прыездам нам было адразу сказана, што малярыя будзе ў нашай крыві ужо праз два тыдні. Калі яна сябе праявіць — застаецца справай часу.
Шэрыя місіянерскія будні.
Сёння зранку схадзілі ў амбулаторыю. Тутэйшая доктар, смеючыся, апытала мяне што і як, праверыла ціск, тэмпературу, карацей усё як і ўсюды. Узяла аналіз крыві з вены, а пасля туды ж уліла мне цэлы вялізны ўкол чагосьці жаўтаватага. Пакруцілася ў галаве, а пазней стала лягчэй.
Штука, якой мераецца ціск, была з дзюркай. Доктар, па старому метаду,
шмат разоў падбірала патрэбнае становішча, каб неяк яго памераць.
Пасля жоўтага ўколу павяло ў галаве, але праз 10 хвілін стала нашмат лягчэй.
Пасля абеду трэба прыйсці па вынікі і стане вядома, ці я ўжо атрымаў падарунак малярыі ад дарагой Афрыкі, ці гэта нешта іншае.
Разам са мной у амбулаторыі апынулася таксама адна наша маленькая дзяўчынка. Учора з вуха пачаў цячы гной. Устойлівасці гэтых малых перад болем дзеці з Еўропы могуць толькі пазайздросціць.
Марта рабіла здымкі. У пэўным моманце доктар сказала, што пойдзе пераапрануцца, каб на здымках прыгажэй выйсці. Камерунцы любяць фоткацца.
11 кастрычніка. Сняданак па-камерунску
Кожны дзень жыхара місіі пачынаецца са службы. Не, зразумела, што дзеці не ідуць адразу з ложка да алтара. Усе прачынаюцца дзесьці за гадзіну, мыюцца, прыбіраюць пакоі, рыхтуюцца да заняткаў. Пасля службы старэйшыя адразу выходзяць у свае школы ці каледжы, а вось малодшыя застаюцца на сняданак.
Сняданак выглядае вельмі лаканічна. Кавалак багета з маргарынавай праслойкай унутры. Хтосьці з’ядае яго адразу, хтосьці заварочвае ў торбачку і есць у школе, а хтосьці спалучае два варыянты: палову з’ядае тут і палову ў школе.
Усе багеты свежыя, шторанак адказны ходзіць у пякарню.
Айцец Дарыюш сказаў, што гэты арабскі маргарын вельмі несмачны, таму я пакуль не вырашыўся яго паспрабаваць. Але для мясцовых гэта добры прысмак.
У 7:30 школы літаральна зачыняюцца і зайсці можна толькі праз дзве ці тры гадзіны, падчас перапынку. Па-гэтаму пасля атрымання буціка кожны спяшаецца на сваю “працу”.
Малодшыя заўсёды ідуць са старэйшымі.
Выглядае гэта прыгожа і кожны раз гэтая банда выклікае ўсмешку.
Пачынаюцца выходныя, час адпачынку, але і працы. Як паўсюль. Пранне адзення, уборка тэрыторыі і пакояў і розныя іншыя справы. Пад’ём заўтра нерэгуляваны, але, вядома, гэтыя малыя жукі ўстануць ужо ў 6 раніцы. А перад намі апошні выходны перад пачаткам нашае непасрэднае дзейнасці: штодзённыя заняткі, факультатывы і проста ўрокі для падрастаючых камерунцаў.
10 кастрычніка. Небяспека начной навальніцы
Ёсць людзі, якія любяць дождж, якія ім захапляюцца, асабліва ноччу. Гук кропляў, якія разбіваюцца аб цвёрдую паверхню, прыцягвае многіх. У Камеруне ўсё па-іншаму. Асабліва ў нашай місіі.
Пачаць трэба з таго, што тэмпература тут не апускаецца ніжэй за 20 градусаў. Таму дахі тут абсалютна не ўцяпляюцца. Калі пачынаецца моцная навальніца, кроплі дажджу, разбіваючыся аб бляшаную дахоўку, ствараюць неверагодны шум.
Праблема заключаецца ў тым, што такім момантам карыстаюцца бандыты. Як сказаў айцец: “У суседнім пакоі могуць рэзаць чалавека і вы нічога не будзеце чуць”. І гэта сапраўды так. Ужо не кажучы пра гукі пераскоку праз наш трохметровы плот. Улічваючы мясцовы стэрэатып белы=багаты, магчымасць наведвання місіі павялічваецца.
Калі ідзе моцная навальніца, дзяжурыць стараюцца адразу некалькі чалавек. Суседзі ўжо два разы казалі, што бачылі, як за місіяй сачыла некалькі невядомых.
Каб не траціць час падчас пільнавання, ахоўнікі рыхтуюцца да заняткаў.
Кожную ноч тут па чарзе дзяжураць хлопцы. Асаблівую пільнасць выклікае ўжо ўзгаданы дождж. Нажаль, выхад ноччу белага чалавека на вуліцу, асабліва ў бедных раёнах, дастаткова небяспечны. Выпадкі абрабавання тут на дзённым парадку. Канешне, гэта не азначае, што у краіне пануе хаос, але верагоднасць небяспекі трэба ўсведамляць.
Доўгачаканы ўзыход сонца. Шчыра кажучы, мясцовыя не звяртаюць на гэта ўвагі. Усе ціхенька спяць і не вядуць носам. Мне так падаецца.
Сабачкі, расціце хутчэй!
9 кастрычніка. Пра ўлюбёную ежу і нашых ратвейлераў
У Камеруне ўсе ядуць на падлозе. Нават дарослыя. Тыя, хто спажываюць ежу за сталом, альбо спрабуюць быць падобнымі на еўрапейцаў, альбо... Хіба што толькі першае. Нашы дзеці таксама. Пры гэтым тут ядуць рукамі. Тутэйшым так проста зручней. Гэта традыцыя тут настолькі глыбокая, што пакуль ніякія хітрыкі па пасадцы дзяцей за стол не спрацоўваюць.
Шмат хто можа ўспомніць, як у дзяцінстве любіў есці дзесьці на падлозе. Складваецца пачуццё, што тут усе жывуць як у дзяцінстве. Сядзяць кучкай вакол агульнай талеркі, гамоняць, ядуць…
Дапамог дзяўчатам малоць маньёкавую муку. Вынік — чатыры мазалі і мукі на два разы паесці. Маньёк тут купляецца ў паўгатовым выглядзе, а таму яго трэба перад прыгатаваннем перамалоць таўкачом у ступцы. Прыгатаваная маньёкавая маса — ўлюбёная ежа камерунцаў. Яе ядуць штодзённа, змяняецца толькі соўс. У якімсці сэнсе гэта як бульба для беларуса.
Скончыў малоць увесь спацеўшы, не ведаю як гэта робяць дзяўчыны. Карацей, трэнажорка мне забяспечана.
Ступа с таўкачом. Робіцца з цвёрдага чырвонага дрэва.
Так выглядае маньёк.
У хлопцаў свае абавязкі. Адным з іх у Патрыка з’яўляецца апека над двума сабакамі. Гэта два ратвейлеры, гадуюцца для аховы тэрыторыі. У лепшыя часы тут гадаваўся 31 пародзісты сябар чалавека.
Айцец Дарыюш, перад тым як пайсці ў манастыр, скончыў заатэхналогію і да сённяшняга дня застаўся вялікім любіцелем жывёл. Дзякуючы сваім ведам і хоббі, ён разводзіў сабак, і гэта было дадатковым даходам для місіі. За продаж адной выхаванай пародзістай сабакі ён мог аплочваць аднаго працаўніка амаль год.
Айцец Дарыюш не лічыць ратвейлера асабліва моцнай сабакай. “Але іншых тут не можна было набыць”, — кажа ён.
Хлопцы сёння дапамагалі пракладваць каналізацыю. Стокі дажджавой вады выведзены проста за тэрыторыю, а там усё гэта сцякае ў раку. Але нядаўна побач пачаў будавацца адзін дом, і прыйшлося дадаткова пракладваць трубу, каб гэты дом не залівала.
Сёння ноччу якраз была маланка. Мы з хлопцамі не спалі і сцераглі дом. Сцераглі, зразумела, не ад даджу, а ад злых дзядзькаў, якія карыстаюцца такімі момантамі. Але пра гэта распавяду ўжо заўтра.
Вучоба на вуліцы ў 02.00 ночы. Падчас дажджу хтосьці абавязкова мусіць быць на вуліцы.
8 кастрычніка. Пра дзіцячую дысцыпліну
Недахоп францускай і вельмі кароткі час знаходжання тут пакуль не дазваляе ўбачыць усе тонкасці тутэйшага жыцця. Аднак адна з рэчаў, якая ўжо цяпер бачна — жалезная дысцыпліна.
Кожнае дзіцё мае свае абавязкі, тут ніхто не задае шмат пытанняў. Напрыклад, сёння ноччу ўвесь час ішоў моцны дождж. Пакуль мы прачнуліся, усё смецце пасля маланкі было прыбрана. Усё мыецца ўручную, шэрым мылам. Атрымоўваецца, што кожнае дзіцё ведае: “Выбрудзіў адзенне — мыеш сам”.
Субота тут афіцыйны дзень прання, хоць кожны вечар хтосьці нешта дамывае, чысціць, прасуе. Мы жартуем, што бацькі з Еўропы маглі б адпраўляць сваіх дзяцей сюды на перавыхаванне.
Тэдзі. Трохгадовы малы паўсюль з намі. Увесь час нам нешта паказвае і распавядае.
Усё-такі недахоп бацькоўскага цяпла заўважны.
Кожны ходзіць са сваім стулам. Па дарозе на перапынак падчас заняткаў.
Вечарам да малодшых прыходзіць настаўніца, якая дадаткова займаецца з імі. Гэтакі рэпетытар. Кожны дзень яны працуюць некалькі гадзін. Якасць тутэйшай адукацыі слабая, але выпускныя экзамены па сваім узроўні не саступаюць еўрапейскім. З-за гэтага абсалютная большасць вучняў не атрымоўвае камерунскі атэстат. Таму ў гэтай місіі так шмат увагі надаецца дадатковай адукацыі дзяцей.
Занятак пачынаецца. Усё проста: навес з-пад дроваў, дошка, некалькі пластыкавых крэслаў і настаўніца.
Занятак зацягнуўся. Працягласць вагаецца ў адрозненні ад колькасці матэрыялу, які трэба зрабіць.
Адказ на пытанне, чым займаюся я. Адзін з маіх заняткаў — урокі гітары і спеву.
Пасля вячэры наступае час самападрыхтоўкі да заняткаў у школе. Мы карыстаемся момантам цішыні і ўжо традыцыйна распытваем у айца Дарыюша пра розныя тутэйшыя тонкасці. Учора распавядаў нам пра тое, як на яго дом калісьці напалі бандыты, збілі яго і забралі кучу грошай (мясцовых камерунскіх франкаў). Таму кожную ноч хтосьці са старэйшых хлопцаў дзяжурыць і сочыць за бяспекай. Але пра гэта пазней варта напісаць асобны артыкул.
Учора адключылі свет. Падключылі акумулятар, уключылі 12-вальтовыя лямпачкі.
Так праходзяць нашы вечары.
Вячэралі смажанымі бананамі. Тут гэта як пасмажыць бульбу. Смак нагадвае пончыкі.
Дзеці пайшлі спаць. Чарговы дзень скончаны.
7 кастрычніка. Знаёмімся з місіяй
Перад сном айцец Дарыюш папярэджвае, што час пад’ёму для нас не існуе, аднак мы ўсё роўна ўстанем да 6:00 раніцы. Сапраўды, ужо задоўга да гэтага часу спаць было немагчыма з-за віруючага навокал жыцця. Па тутэйшых правілах, да 6:45 усе дзеці мусяць выйсці ў школу. Заняткі пачынаюцца ў 7:30.
Амаль да вечара Foyer St. Dominique не пусцее. Самы час на шпацыр па тутэйшай нерухомасці.
Гэты будынак пабудавалі ў 2009 г. на грошы аднаго бізнэсмэна з Польшчы.
Сёння гэта дом для 30 чалавек, большасць з якіх не мае куды ісці апроч яго.
Місіянерскі Land Cruiser. Аб’ехаў Камерун некалькі разоў (больш за 5 тыс. км). Ні разу не сапсаваўся.
Расход ад 12 да 17 літраў. У тутэйшых умовах — незаменны.
Пасярэдзіне тэрыторыі расце бананавае дрэва, але бананы яшчэ зялёныя. Адзенне дзяцей развешана на шнурочках уздоўж будынку, у кожным пакоі жыве дзве-тры асобы. Тут сваё жыццё. Пакуль што цяжка дакладна зразумець што і як.
Дзеці мыюцца проста на вуліцы з-пад трубы. Айцец кажа, што эксперымент з душам праваліўся пасля тыдня — для іх з вядра зручней. Малодшыя мыюцца проста насупраць пакояў, старэйшыя — за імправізаванай заслонай ці проста за гарой блокаў, якія засталіся пасля будоўлі.
Нашыя малодшыя дзеці выходзяць у дзіцячы садок.
Бананавае дрэва. Тутэйшыя бананы зусім не адрозніваюцца ад нашых “магазінных”.
Дзеці толькі што памыліся, пайшлі апранацца ў школу.
Навокал штосьці, што нагадвае краявіды з амерыканскіх фільмаў — гарыстая мясцовасць, пальмы, дахі вілаў. Гэта ўсё — мясцовы бамонд. Айцец Даруюш распавядае, што крыніца багацця тутэйшых “новых камерунцаў” вядомая — ліхвярства, падман, вымагальніцтва і г.д. Бо дзе можна зарабіць на вялікую вілу ў краіне, у якой дзённая стаўка шараговага будаўніка — 4-5 еўра? Чамусьці штосьці мне гэта нагадвае.
Кошт тутэйшага будаўніцтва не адрозніваецца ад Беларусі.
Працаўнікам плаціцца 20-25% кошту матэрыялаў.
Мы з Мартай атрымоўваем пакоі з двухпавярховымі ложкамі. Тут усё лаканічна. Два самаробныя сталы, лямпачка, разетка, ложак. Усё, што неабходна для жыцця. Пасля расповедаў айца мы тэарэтычна разумеем, што гэта вельмі высокі тутэйшы стандарт. Заўтра — дзень уладкавання быту.
Мама сказала мыць рукі па сто разоў на дзень. Думаю ў гэты раз паслухацца. Айцец Дарыуш, смеючыся, дадае, што малярыя ўжо хутка будзе ў нашай крыві дзякуючы камарам. Што ж, якая ж Афрыка без малярыі...
У Камеруне не прынята паказваць свае пакоі, гэта вельмі інтымная рэч. Але я ж не камерунец =)
6 кастрычніка. Прыезд
Перад выездам шмат хто пытаўся, ці патрэбна адзенне, якіясьці рэчы. Яно то патрэбна, але існуе праблема дастаўкі гэтага на месца. Калі слаць поштай — усё будзе раскрадзена. Таму кожны, хто ляціць сюды, сваімі рэчамі напаўняе толькі падручны багаж (10 кг). Дазволеныя два вялікія багажы па 23 кг заўсёды напаўняюцца рэчамі для дзяцей. Нам з Мартай, па прычыне таго, што мы ляцім на год, дазволілі мець 23 кг на дваіх. Замест падручнага — дзве гітары.
Дзве гітары, якія купілі для дзяцей дзве добрыя асобы.
Check-in гуманітаркі-багажа.
Ляцім з Берліна, з перасадкай у Стамбуле. Агулам лёт займае больш за 9 гадзінаў. Пасля прызямлення ўсе адразу трапляюць ў аб’ектыў апарата, які правярае нас на Эболу. Усё ок. Запаўняем міграцыйную карту, памежнік кажа вэлкам ту Камэрун.
Марта праходзіць пашпартны кантроль у Стамбуле. Дзякуем беларускаму МЗС,
што нам не прыйшлося плаціць за візу, каб выйсці ў горад.
Прыемная камерунская цёценька з анты-эбола апаратам.
У Камеруне цяпер сезон дажджоў. Горад сустракае маланкай. Едзем на джыпе місіі дадому, айцец Дарыюш кажа, што гэта яшчэ слаба. Хоць за 30 метраў, якія мы прабеглі ад дзвярэй аэрапорту да машыны, прамакаем да ніткі. Насуперак стэрэатыпам, сезон даджоў — час, калі дождж не ідзе цэлымі днямі, а калі на працягу двух месяцаў штодзённа падае адна-дзвюхгадзінны град.
Бібікаем перад зялёнай трохметровай брамай. Дзверы адчыняюцца — мы на месцы. Дзеці ўжо спяць. Айцец поіць нас гарбатай і частуе мясцовым півам. Гэта тут традыцыя. Але пра яе — пазней…
Последние Комментарии