Аляксандр Лукашук: “Не хлусіць. Не пакідаць родную мову. Не піць абы-што”
6-га лютага споўнілася 60 год плённаму беларускаму журналісту, дырэктару “Радыё Свабода” Аляксандру Лукашуку...
6 лютага споўнілася 60 год плённаму беларускаму журналісту, дырэктару “Радыё Свабода” Аляксандру Лукашуку. У інтэрв’ю напярэдадні юбілею ён расказаў пра рэалізаванае і пра тое, што яшчэ наперадзе.
Пра юбілей
— Аляксандр, з якім настроем сустракаеце юбілей? 60 для вас — гэта многа? Надыйшоў час падводзіць вынікі ці гэта чарговая дата, звычайны дзень, адсвяткуеце і зноў на працу ?
— Я ўжо старэйшы за свайго бацьку, які не дачакаўся свайго 59-га дня нараджэння. Хоць асаблівай розніцы што цяпер, што дваццаць год таму, не адчуваю: сябры тыя самыя, праца і любімыя кнігі таксама, вось толькі віскі заняў нарэшце свой пачэсны пасад паміж напоямі. А дзень сёлета будзе не зусім звычайны, бо святкую ў Венецыі, а там якраз карнавал і паводка. Ніколі яшчэ ў гумовых ботах не святкаваў.
— Вы задаволены тым, што робіце, што зроблена?
— І так, і не.
— Вашы падначаленыя выдалі сакрэт: да свайго юбілею Аляксандр Лукашук выдае чарговы збор твораў. Раскажыце, што гэта будзе за выданне. Вы аўтар унікальных даследаванняў — пра Освальда, карнікаў НКВД, амерыканскую дапамогу для Беларусі, Янку Філістовіча…
— Дзякуй Зміцеру Вішнёву і выдавецтву “Галіяфы” — яны, у адрозненне ад некаторых іншых выдаўцоў, пагадзіліся і выдалі летась першы том выбранага “Вяртанне нацыяналіста”, куды ўвайшлі згаданыя вамі дакументальныя творы. А другі том “Дзясяты паверх”, які толькі што пабачыў свет, калі верыць анатацыі, “склалі мастацкія ўспаміны, недакументальныя эсэ, літаратурныя сны і вершы на замежнай мове”. Мой сябар Генадзь Мацур зрабіў сапраўдны паліграфічны твор мастацтва, а Ўладзя Арлоў і Андрэй Федарэнка дапамаглі ўсё давесьці да ладу.
Том складаецца з дзевяці частак: Кніга быцця, Кніга зыходу, Кніга плачу, Кніга песняў, Кніга імя, Кніга царстваў, Кніга хаосу, Кніга сноў і Кніга tattoo. Ёсць там і раздзел “На лесвіцы”, і дамавая кніга, і ўсе персанажы расселеныя па сваіх паверхах. Вольны толькі дзясяты.
— Наколькі вы рэалізавалі свае амбіцыі як пісьменнік?
— Гэта яшчэ наперадзе.
Ў 2011 годзе Аляксандр Лукашук атрымаў “Глінянанаг Велеса”
за кнігу “Палёт матылька. Освальд у Менску”.
Пра выбар прафесіі
— Аляксандр Міхайлавіч, вы — кіраўнік “Радыё Свабода” ўжо 16 гадоў. А з чаго пачыналася ваша журналістская кар’ера? Вы ж, калі не памыляюся, скончылі ін’яз…
— Надта хацелася. Хэмінгуэй быў і журналістам і пісьменнікам, як і, напрыклад, Ільф з Пятровым. Калі вучыўся, схадзіў на журфак, перапісаў назвы падручнікаў, потым у бібліятэцы тайна іх канспектаваў. Хадзіў па рэдакцыях, насіў тэксты, нешта друкавалі, у т.л. у клубе “Пятніца” у “Знамени юности”. Але журналістам я стаў дзякуючы Аляксандру Ўліцёнку, які ўгаварыў узяць на працу ў “Звязду” чалавека без мінскай прапіскі, прафесійнай адукацыі, без блата, беспартыйнага, які да таго ж апранаецца як фарцоўшчык (яшчэ быў жывы Брэжнеў!). І рэдактар, Аркадзь Апанасавіч Тоўсцік, светлая памяць, пагадзіўся. Потым меняліся рэдактары і час, і калі ў газеце стала працаваць немагчыма (набліжаўся год путча), дырэктар выдавецтва “Беларусь” Валер Дубоўскі адважна запрасіў мяне на пасаду галоўнага рэдактара выдавецтва. А праз тры гады, выбіраючы паміж Бі-Бі-Сі ў Лондане і беларускай “Свабодай” у Мюнхене, я прыняў прапанову Вячкі Станкевіча і дагэтуль яму ўдзячны.
Таксама ўдзячны легендарнаму рэдактару “ЛіМа” Анатолю Вярцінскаму, які прапанаваў мяне як сябра “Мартыралога Беларусі” ў склад камісіі Вярхоўнага Савета ў справах ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, усёй той зорнай камандзе апазіцыі разам з Зянонам Пазьняком і Сяргеем Навумчыкам, якія стваралі прастору свабоды і для журналістыкі. Я прысвяціў людзям, якім удзячны, цэлую кнігу, “Зкімбы-зымбы” — і то вельмі няпоўную.
Рэпартаж з прэзентацыі кнігі “Зкімбы-зымбы” |
— Гэта кніга выйшла ў бібліятэцы “Дзеяслова”, і, наколькі я чула, у выдаўца былі непрыемнасці. Але ў адным з апошніх нумароў “Дзеяслова” вы надрукавалі цыкл эсэ “Людзі без ценю”, дзе вельмі крытычна глядзіце на сваіх знакамітых сучаснікаў.
— Дзе святло, там і цень. Гэта ўсё ж літаратурныя эсэ, хоць і пра рэальных асобаў. У якасці апраўдання скажу, што там шмат і пра мяне самога.
— Прадмову да вашай першай кнігі “Здзек” напісаў Васіль Быкаў. Што для вас азначала гэта знаёмства?
— Быкаву прысвечана “Кніга імя” у маім другім томе выбранага. Для мяне ён застаецца побач. Зусім блізка. У апошнія пяць гадоў нашага знаёмства, калі пачаўся вандроўны этап яго жыцця, да сустрэчаў і тэлефонных размоваў дадалося ліставанне. Разумееце, што гэта такое — узяць у рукі ліст з быкаўскім почыркам, які пачынаецца словамі “Саша, дарагі дружа”?.. Быкаў называў лісты сяброў “маннай нябеснай”, так ён напіша мне з Хельсінкі. Цікава, што паводле падання, калі манну елі дзеці, дык адчувалі смак мацярынскага малака, калі юнакі — смак хлеба, а старыя — смак мёду. Хто што жадаў. Не ведаю, што адчуваў Быкаў, а я на яго лісты цяпер гляджу таксама як на манну, і калі слабы, адчуваю надзею, калі самаўпэўнены — сорам, калі кепска — цяпло.
19 чэрвеня 2010 г. Прэзентацыя ў Мінску аўдыёкнігі Васіля Быкава
“Доўгая дарога дадому” з серыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе”.
Пра Свабоду
— Сёння “Радыё Свабода” — уплывовы СМІ? Колькі у вас слухачоў, якая аўдыторыя? Якія, на ваш погляд, моцныя бакі “Радыё Свабода”, а якія — слабыя?
— Статыстыка ў Беларусі не навука, але некаторыя лічбы я назаву: паводле апошняга даследавання Gallup, гэта каля 3% дарослага насельніцтва. Людзі слухаюць “Свабоду” на кароткіх і сярэдніх хвалях, у інтэрнэце. Маем перадачу на “Белсаце”, “Зона свабоды” — гэта тэлеаўдыторыя. Сайт “Свабоды” рэгіструе больш за 300 тысяч наведванняў штомесяц, мы маем больш за сто тысяч унікальных наведнікаў.
— Пагадзіцеся, гэта ня так многа. Вам, напэўна, хацелася б мець іншыя лічбы.
— Справа тут не ў лічбах — самыя папулярныя ў інтэрнэце порнасайты. У адрозненне ад сайтаў-агрэгатараў, мы ствараем арыгінальныя матэрыялы, па-беларуску, часам да паўсотні за дзень. У месяц матэрыялы “Свабоды” іншыя сайты перадрукоўваюць 500-700 разоў, і правільна робяць. Напрыклад, наш цыкл “Жыццё пасля раку” друкаваў партал TUT.By, і такім чынам аўдыторыя істотна памнажаецца. Мы рады, што аддадзеныя наведнікі “Хартыі-97”, “Беларускага партызана”, “Нашай нівы”, “Салідарнасці” і іншых папулярных сайтаў таксама маюць магчымасьць знаёміцца з працай нашых журналістаў. У кожнага свая місія, свая ніша, свае рэдакцыйныя правілы — разам ствараецца больш поўная і цікавая карціна.
Асноўная слабасьць “Свабоды” ў тым, што мы не здолелі дамагчыся рэтрансляцыі. Улада эфектыўна абмяжавала наш традыцыйна самы моцны бок — радыёэфір, так і не дазволіўшы ніколі, нават у першыя гады незалежнасці, перадачы на ФМ, УКВ, на сярэдніх хвалях ці па дротавай сетцы. Беларусь адзная краіна ў Эўропе, дзе мы ніколі не мелі ўнутранага вяшчання. На постсавецкай прасторы так было толькі ў Туркменістане.
— Але цяпер ёсьць інтэрнэт…
— Асноўны рост любой аўдыторыі сёння — у сацыяльных сетках. Сайты страчваюць сваё значэньне. Паводле даследавання агенцтва Ashwood Digital за 2014 год, “Радыё Свабода” ў Фэйсбуку заняло першае месца ў Беларусі па колькасці чытачоў, гэтак і па тэмпах росту не толькі сярод медыяў, але і сярод камерцыйных брэндаў. У беларускамоўным сегменце VKontakte і Twitter мы ўпэўнена займаем першае месца. Наш Twitter штодня рэгіструе каля 200-300 тысячаў праглядаў, а ў пікавыя дні, як напрыклад, пад час нядаўняга канцэрту для прэсы ў палацы Незалежнасьці — пад мільён праглядаў.
— А што наконт уплыву?
— На гэтым канцэрце саліст настолькі блізка да тэксту пераказваў змест адной нашай публікацыі, што яе аўтар мне нават скардзіўся, чаму не назвалі яго імя. Калі сур’ёзна — сярод нашых падпісчыкаў, напрыклад, Адміністрацыя прэзыдэнта Украіны Парашэнкі, заходнія і ўсходнія амбасадары, СМІ розных краінаў. Пару месяцаў таму сусветна вядомая журналістка газеты Washington Post Эн Эплбаўм напісала мне, што калі яна перапосціла адзін наш твіт, дык яго потым перапосціла больш за 1200 чалавек з яе кола кантактаў — гэта быў яе асабісты абсалютны рэкорд.
— У “Бібліятэцы Свабоды” ужо больш за паўсотні выданняў — гэта асобная чытацкая аўдыторыя. Што вы можаце сказаць пра яе?
— Адно 14-гадовае дзяўчо прыслала ліст з просьбай выслаць ёй кнігу Сяргея Дубаўца “Як?” і патлумачыла, што будзе перад выбарамі перавыхоўваць сваіх дзядоў — бо бацькоў яны ня слухаюць, а вось з вуснаў унучкі будуць як міленькія. Увогуле, гэтыя кнігі можна знайсьці ў бібліятэках, ад Кангрэса ЗША да Нацыянальнай у Мінску, яны даступныя на сайце svaboda.org у ПДФ, паводле іх пішуць навуковыя працы, чытаюць лекцыі, праводзяць заняткі, імі карыстаюцца ў шпіталях і турмах. Мне расказвалі выпадак, калі адной нашай кнігай спынялі чалавека ад спробы самагубства. Усё скончылася добра, дарэчы.
Я думаю, аўтарытэт беларускай “Свабоды” можна ацаніць па тым, хто адгукнуўся на нашу просьбу перад Новым 2011 годам прачытаць ў эфіры імёны затрыманых на плошчы. Па-беларуску імёны ў нас тады чыталі Джордж Буш, Вацлаў Гавал, Алена Бонэр, Фрэнсіс Фукуяма, Сяргей Юрскі, Барыс Стругацкі, філосафы, міністры, музыканты, святары.
Летась да 60-годдзя “Свабоды” мы выпусьцілі кнігу “Лісты пра Свабоду” — збор выказванняў нашых слухачоў пра ролю “Свабоды” ў іх жыцці. Ведаеце, я хацеў бы, каб мяне пахавалі (не зараз, калі час прыдзе) з гэтай кнігай. Бо з такім пропускам напэўна можна будзе патрапіць у неблагія месцы, дзе нектар будзе саліднай вытрымкі.
1 снежня 2011 г. Прэзентаціыя кнігі “Адзін дзень з жыцця палітвязьня 2009-2011”,
якая была выдадзеная ў серыі “Бібліятэка Свабоды”.
Пра журналістыку
— Ваша кніга “У фіялетавай ночы вугал крыла” прысвечана ўласнаму досведу працы ў газеце за савецкім часам. Што з яго з’яўляецца каштоўным сёння?
— Людзі асабліва не мяняюцца, ва ўсіх свае праблемы, свае радасці, свае нагоды для гонару і жалю. І для смеху, канечне. Жыццё вельмі іранічная рэч. Трэба толькі прыслухацца. Ну і не лічыць, што калі ты журналіст ці пісьменнік, ты пуп зямлі.
— На ваш погляд, тыя незалежныя СМІ, якія дажылі да сёння — наколькі яны небяспечныя для беларускай улады?
—Незалежная прэса і ў Беларусі, і ў Расеі, і ў большасці паставецкіх краінаў талеруецца толькі ў гета. Па-мойму, гэта самы яскравы паказчык, што ўлады яе баяцца — бо калі не, дык не перашкаджайце працаваць, не душыце судамі, фінансамі, манаполіяй ў друку, у распаўсюду, у тэле-і радыёэфіры.
— Чаго сёння, на ваш погляд, не хапае беларускай журналістыцы?
— У Беларусі сытуацыя вайны супраць свабоды слова, і адпаведна — ваенная журналістыка. Акупацыйная, калябарацыйная, партызанская, часам усяго па троху (ёсць і выключэнні, напрыклад, агенцтва БелаПАН). Калі ж не гаварыць пра ўладу і свабоду, дык балючай за ўсё не стае рэсурсаў, якія б дазвалялі нармальна развівацца, прывабліваць таленты, і усё гэта ў квадраце, калі гаварыць пра журналістыку на беларускай мове. А ў прынцыпе — беларускай незалежнай журналістыцы не будзе сорамна за пражытыя апошнія два дзесяцігоддзі. Не ўсе дажылі толькі.
— У журналістскім асяродку кажуць, што свабодаўцы, якія працуюць у Празе, маюць добрыя заробкі і іншыя бонусы. Маўляў, добра вось так, у цывілізаванай краіне, у “цёплых” умовах займацца незалежнай журналістыкай — ніякай рызыкі.
— Рэдакцыя Charlie Hebdo знаходзіцца ў яшчэ больш “цывілізаванай” краіне. Але справа ў іншым. Рызыка сама па сабе не з’яўляецца каштоўнасцю ці паказнікам прафесіяналізму ні ў паліцэйскіх, ні ў хірургаў, ні ў журналістаў. У амерыканскай кампаніі, як і ў любой прафесійнай арганізацыі, проста так нічога нікому не даюць. Набор на працу ў Прагу адкрыты, кожны можа паспрабаваць — прачытайце ўмовы, яны ёсць на сайце.
Безумоўна, рызыкі для жыцця і свабоды незалежных журналістаў у краінах, на якія мы вяшчаем, куды больш, чым у эўрапейскіх сталіцах. Але з гэтага не вынікае, што трэба наадварот. Наадварот, трэба каб там было як ў Чэхіі.
Я больш за год быў дырэктарам радыё “Свабодны Аўганістан”, дык па Кабулу хадзіў у суправаджэнні аўтаматчыка. Хіба гэта праца? А адна наша калега ў прамым эфіры расказвала, як да яе ног падкацілася галава, адарваная выбухам. Ва Ўкраіне нашы калегі былі пад абстрэлам на Майдане (там працавалі і журналісты Беларускай службы), працягваюць перадаваць рэпартажы з баявых дзеянняў у Данбасе, туды рэгулярна выяжджаюць журналісты з Прагі. Калі некалькі гадоў таму я выконваў абавязкі галоўнага рэдактара ўсяго Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа, дык памятаю, як цэлы месяц мы пачыналі і сканчалі дзень лёсам захопленай тэрарыстамі нашай журналісткі ў Багдадзе. Вызвалілі.
У Беларусі праца незалежных журналістаў выклікае маё захапленне — тут зоркі міжнароднага маштабу, асабліва жанчыны — Ірына Халіп, Жана Літвіна, Наталья Радзіна, бліскучыя журналісткі “Народнай волі” і “Свабоды”, канечне. Я быў на плошчы перад Домам урада 19 снежня, разам з калегамі выходзіў у жывы эфір, і бачыў, як адважна выконвалі свой прафесійны абавязак нашы калегі. Хоць у Беларусі не страляюць, для мяне яны героі.
— Калі б вас запрасілі выкладаць на журфак, чаму б найперш вы вучылі будучых журналістаў?
— Не хлусіць. Не пакідаць родную мову і вучыць замежныя. Не піць абы-што.
24 чэрвеня 2009 г. Прэзентацыя ў Мінску кнігі Юрыя Дракахруста “Акцэнты Свабоды”.
Гэтая кніга стала 16-й у серыі “Бібліятэка свабоды. XXI стагодзьдзе”.
Пра асабістае
— У адной з вашых кніг пра дзяцінства аўтара сказана “пасвіў каровы на Берасцейшчыне”. Добра пасвілі?
— У патраву не пускаў, ніводная ад статку не адбілася, малака па два вядры давалі. Вось толькі пугай страляць так і не навучыўся. Дагэтуль зайздрошчу…
— У Беларусі часта бываеце?
— Штодня. А прыяжджаю кожныя пару месяцаў, і стараюся адпачынак таксама праводзіць у падарожжах з сябрамі па рэках, замках, пушчах, таямнічым мінулым і прыўкраснай будучыні.
— Імя вашай маці, Марыі Лукашук, нярэдка з’яўляецца на старонках “Народнай волі”. Як вы да гэтага ставіцеся?
— Ой! “Народная воля” — яе любімая газета. Выпісвае, рэклямуе, дае іншым. Калі з нечым не пагаджаецца, шле лісты Іосіфу Сярэдзічу, а вы іх друкуеце. Яна вельмі патрабавальны чытач — мая новая кніга, дарэчы, адкрываецца якраз яе крытыкай у мой бок. Баюся, заслужанай. Я ганаруся маці: яе бязлітаснай прынцыповасцю з мовай — яна ў Берасці размаўляе з усімі толькі па-беларуску, што з пракурорам, што з унучкай, яе паходамі ў турму, каб занесці перадачу арыштаваным актывістам, перапіскай з палітвязнямі, яе актыўнасцю і цікавасцю да жыцця. У наступным месяцы мы адзначым яе дзень народзінаў у 88-мы раз.
— Аляксандр Міхайлавіч, а пра жонку, дзяцей раскажаце?
— Жонка Святлана выкладае англійскую і папраўляе маю беларускую. У дачкі Каці былі праблемы з абменам пашпарта ў Мінску, таму што яе новае нямецкае прозвішча не змяшчалася ў адзін радок, бо ўключае тытул баранэсы. Унучка Сафія ведае словы на чатырох мовах, што больш, чым ёй гадоў. Сына завуць як майго бацьку, Міхаіл, але як яго імя вымаўляецца ў Токіё, дзе ён жыве і працуе, паўтарыць не магу.
— Чаго пажадаеце самі сабе ў дзень народзінаў?
— Каб паводка ў Венецыі не перашкодзіла маім сябрам зрабіць карнавал беларускім. Хаця ведаючы сваіх сяброў, думаю, не перашкодзіць.
Обсудим?