Сяргей Карнееў. Адраджэнне алімпійскага бокса
Малады баец і прызёр чэмпіяната свету мог кінуць спорта з-за праблемаў са здароўем. Але натрапіўся на ўнікальнага трэнера, які паправіў сітуацыю...
Знаёмцеся з выбітнымі беларускімі спартсменамі ў новым праекце парталу “Будзьма Беларусамі!” ― “Байцоўскі ген”. Як вядома, за савецкім часам ідэалогія працавала на тое, каб сцерці памяць і веру ў выключнасць беларуса — першым мог быць толькі “савецкі чалавек”. Так комплекс чалавека малой краіны зрабіўся часткай нацыянальнага менталітэту. Аднак нашы ваяры былі аднымі з наймацнейшых у свеце, а вайсковыя начальнікі вылучаліся перадавым тактычным наватарствам. І Вялікае Княства Літоўскае было адным з геапалітычных цэнтраў планеты. Нашчадкі выбітных ваяроў мала што ведаюць пра тыя гераічныя часы… Асаблівы байцоўскі ген беларусаў выяўляецца ў здольнасцях і нашых сучасных байцоў. Яны ― сціплыя і высакародныя спартсмены. Некаторыя сталі сусветнымі зоркамі амаль з нуля, без добра падрыхтаванай на радзіме базы. Такія беларускія байцы робяцца знакамітасцямі за мяжой. А дома пра іх мала што ведаюць… Мы вырашылі распавесці нашым чытачам пра выбітных прадстаўнікоў сучаснага спорту, якія нягледзячы на шматлікія перашкоды паказваюць на радзіме і ў свеце выдатныя вынікі і наяўнасць сапраўднага байцоўскага гену беларусаў. |
Малады баец і прызёр чэмпіяната свету мог кінуць спорта з-за праблемаў са здароўем. Але натрапіўся на ўнікальнага трэнера, які паправіў сітуацыю. Сяргей Карнееў і настаўнік Канстанцін Маханькоў сёння выцягваюць беларускі бокс з прорвы, якая ўтварылася з-за засілля замежных баксёраў
На байцоўскую сцяжынку Сяргея наставіў бацька — беларускі баец Іван Карнееў. За савецкай парой тата сам спрабаваў прабіцца ў зборную СССР, але з-за бюракратызму і канкурэнцыі такіх магчымасцяў не было. Такім чынам, баксёрскую эстафету з шасці гадоў перахапіў сын.
Толькі спортам сям’я не жыла, Сяргея аддалі вучыцца ў сталічную гімназію, рыхтавалі да прэстыжных універсітэтаў. Але юнаком ён пачаў паказваць неардэнарныя вынікі і ўварваўся ў дарослую зборную па боксе.
— Яшчэ ў пятым-шостым класе я пачаў заўважаць, што адрозніваюся ад равеснікаў. Кагосьці цягне займацца лухтой, а мяне — ў зал. Часам не хочацца, але ідзеш, пераадолваючы сябе, ― узгадвае Сяргей свае няпростыя баксёрскія пачынанні. ― Гадоў у трынаццаць я пачаў разумець, што бокс — гэта тое, што ў мяне атрымліваецца найлепш. А значыцца — не трэба прыдумляць ровар, лепш дасягнуць вышыняў на тым шляху, які абраў…
У 2008 годзе (Сяргею Карнееву было 20) ён заваяваў срэбра на дарослым чэмпіянаце Еўропы. Здавалася б — распачалася зорная кар’ера. Але далей выступленні не складваліся, з’явіліся праблемы са здароўем. З-за згонкі вагі да 81 кг у крыві павялічваўся білірубін, што дрэнна адбівалася на працэсах узнаўлення арганізму.
Так з-за здароўя многія таленавітыя спартсмены сыходзілі са спорту.
Тады бацька байца Іван Аляксандравіч звярнуўся да свайго колішняга вучня Канстанціна Маханькова, папрасіў трэніраваць сына.
Фота Аляксандра Абуховіча
Калі праводзіць аналогіі, то для беларускага бокса Маханькоў, як Віктар Ганчарэнка ў футболе. Малады спецыяліст скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт фізічнай культуры і спорта з чырвоным дыпломам, цудоўна ведае біяхімію, дасціпна знаёмы з нюансамі спартовай медыцыны, найноўшымі тэхналогіямі. Паралельна з тэорыяй ён на высокім узроўні ўдзелнічае ў прафесійных баях па боксе і змяшаных адзінаборствах. Як вядомага спецыяліста Канстанціна Маханькова сёння запрашаюць у свае трэніровачныя лагеры замежныя зоркі сусветнага прафесійнага бокса, як, напрыклад, Артур Абрахам…
Дарэчы, Канстанцін Маханькоў ― адзін з рэдкіх дзеячаў спорта, якія пісьменна даюць беларускамоўным журналістам інтэрв’ю на роднай мове.
― Калі я прыйшоў да трэнера, ён пільна сачыў за маім харчаваннем, за трэніроўкамі. Канстанцін Міхайлавіч ― майстар у пытаннях піку формы, ― кажа Сяргей пра першыя ўражанні ад супрацы са спецыялістам. ― Тут трэба ўзарвацца, а тут — сцішыцца. Сёння мы працуем моцна, заўтра будзе стан вялы, і папрацуем менш. Таму нават у крытычных сітуацыях нам удавалася ўтрымліваць цудоўную форму.
Супраца Карнеева і Маханькова дала вынікі ў 2011 годзе: на чэмпіянаце свету ў Баку Сяргей заваяваў бронзу, даўшы бой знакамітаму украінцу Усіку (сёння алімпійскаму чэмпіёну). Гэта быў адзіны беларускі медаль на спаборніцтвах. Ад Карнеева такога не чакалі, і на чэмпіянат свету яго трэнера браць адмовіліся, думалі, што спартсмен і так адбудзе нумар.
― Мой трэнер, уявіце сабе, быў як нелегал. Сказалі: “Ты там быць не павінен”. Толькі дзякуючы хітрасці Канстанцін Міхайлавіч мог прыходзіць і размінаць мяне, а выводзіць у рынг не меў права, ― узгадвае Сяргей пра тыя спаборніцтвы. ― Пакуль я выходзіў на бой, трэнер ставіў спрынтарскія рэкорды: выбягаў з будынка, трапляў на трыбуны праз іншы ўваход і крычаў мне, падказваў, як дзейнічаць.
Да Гульняў у Лондане Сяргей Карнееў падышоў у найлепшых фізічных кандыцыях. Дайшоў да чвэрцьфіналу і сутыкнуўся з азербайджанцам Мамадавым (срэбраным медалістам чэмпіяната свету). Калі б толькі з сапернікам, былі яшчэ і неабектыўныя суддзі!
У першым раўндзе Карнееў саступіў. Але ў другім і трэцім пачаў знішчаць, ледзь не накаўтаваў азербайджанца. Супернік адварочваўся спінай, падаў, лез у абдымкі, ратуючыся ад удараў беларуса. І ўратаваўся, не паваліўся. Суддзі налічылі пароўну і без тлумачэння свайго вердыкту аддалі перамогу…збітаму азербайджанцу. Глядацкая зала свісцела, але ні людзі, ні пратэст не змянілі вердыкт. Пазней Міжнародная асацыяцыя бокса забараніла выстаўляць гэты двубой у інтэрнэт, а замежныя спартовыя сайты выбухнулі крытычнымі артыкуламі.
Гэта несправядлівая параза не зламала Сяргея Карнеева. Ужо на наступны дзень у афіцыйным звароце ён эмацыйна супакойваў сваіх заўзятараў:
“Зрабіў усё, што мог!!! Усё ― палітыка і грошы!!! Усім вялікі дзякуй за падтрымку, за ўвагу, за цёплыя словы!!! Я сам не чакаў, што столькі людзей будуць мяне глядзець і заўзець!!! Мне вельмі прыемна вас бачыць і чуць!!! Вельмі крыўдна, што не здарылася таго імгнення, калі ў выпадку маёй перамогі заплакалі б некаторыя людзі. Ваш Сяргей Карнееў”.
Прыйшоўшы ў залу да Сяргея Карнеева праз два месяцы пасля Алімпіяды, заўважаем яго бадзёры настрой. Баксёр рыхтуецца да новых спаборніцтваў і самаўдасканальваецца.
―Трэба рабіць высновы і працаваць над тактыкай. Ісці пад краму і піць піва ― не выйсце, ― іранічна выказваецца трэнер Канстанцін Маханькоў.
Сёння Сяргей Карнееў рыхтуецца не толькі да баёў па алімпійскай схеме, але і да больш жорсткіх прафесійных двубояў, дзе спартсмен пакуль ні разу не прайграў.
Карнееў стаў тым атлетам, які вярнуў веру ў самадастатковасць беларускага бокса, дзе ў другой палове 2000-х гадоў здарыўся сапраўдны абвал. Рэч у тым, што спартовыя чыноўнікі замест таго, каб гадаваць беларускіх байцоў, пачалі запрашаць у нашу зборную ўжо гатовых атлетаў з каўказскіх рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. Прытым ― далёка не першых нумароў. Да чаго гэта прывяло? Баксёрская зборная развучылася заваёўваць медалі.
Трэнер Канстанцін Маханькоў і яго вучань Сяргей Карнееў давялі, што самы шчыры шлях ― рыхтаваць у зборную Беларусі сваіх, мясцовых хлапцоў.
— Іначай губляецца сэнс працы трэнера. Навошта займацца маленькімі дзецьмі, калі можна ўзяць і прывезці ў Беларусь гатовага чалавека? Такім чынам, свой спорт “забіваецца”, ― лічыць Сяргей Карнееў. ― Я сам у будучыні буду трэнерам. Гэта ж так цікава — выхоўваць дзіця, весці яго за руку! Мяркую, што беларускі бокс будзе развівацца.
На думку спартовых спецыялістаў, Сяргей Карнееў мае і фізічныя, і маральныя рэсурсы каб прабіцца на вяршыню спартовага Алімпу.
Обсудим?