Сяргей Карнееў. Адраджэнне алімпійскага бокса

Малады баец і прызёр чэмпіяната свету мог кінуць спорта з-за праблемаў са здароўем. Але натрапіўся на ўнікальнага трэнера, які паправіў сітуацыю...

Знаёмцеся з выбітнымі беларускімі спартсменамі ў новым праекце парталу “Будзьма Беларусамі!” ― “Байцоўскі ген”. Як вядома, за савецкім часам ідэалогія працавала на тое, каб сцерці памяць і веру ў выключнасць беларуса — першым мог быць толькі “савецкі чалавек”. Так комплекс чалавека малой краіны зрабіўся часткай нацыянальнага менталітэту.

Аднак нашы ваяры былі аднымі з наймацнейшых у свеце, а вайсковыя начальнікі вылучаліся перадавым тактычным наватарствам. І Вялікае Княства Літоўскае было адным з геапалітычных цэнтраў планеты. Нашчадкі выбітных ваяроў мала што ведаюць пра тыя гераічныя часы…

Асаблівы байцоўскі ген беларусаў выяўляецца ў здольнасцях і нашых сучасных байцоў. Яны ― сціплыя і высакародныя спартсмены. Некаторыя сталі сусветнымі зоркамі амаль з нуля, без добра падрыхтаванай на радзіме базы. Такія беларускія байцы робяцца знакамітасцямі за мяжой. А дома пра іх мала што ведаюць…

Мы вырашылі распавесці нашым чытачам пра выбітных прадстаўнікоў сучаснага спорту, якія нягледзячы на шматлікія перашкоды паказваюць на радзіме і ў свеце выдатныя вынікі і наяўнасць сапраўднага байцоўскага гену беларусаў.

Малады баец і прызёр чэмпіяната свету мог кінуць спорта з-за праблемаў са здароўем. Але натрапіўся на ўнікальнага трэнера, які паправіў сітуацыю. Сяргей Карнееў і настаўнік Канстанцін Маханькоў сёння выцягваюць беларускі бокс з прорвы, якая ўтварылася з-за засілля замежных баксёраў

Сяргей Карнееў

На байцоўскую сцяжынку Сяргея наставіў бацька — беларускі баец Іван Карнееў. За савецкай парой тата сам спрабаваў прабіцца ў зборную СССР, але з-за бюракратызму і канкурэнцыі такіх магчымасцяў не было. Такім чынам, баксёрскую эстафету з шасці гадоў перахапіў сын.

Толькі спортам сям’я не жыла, Сяргея аддалі вучыцца ў сталічную гімназію, рыхтавалі да прэстыжных універсітэтаў. Але юнаком ён пачаў паказваць неардэнарныя вынікі і ўварваўся ў дарослую зборную па боксе.

— Яшчэ ў пятым-шостым класе я пачаў заўважаць, што адрозніваюся ад равеснікаў. Кагосьці цягне займацца лухтой, а мяне — ў зал. Часам не хочацца, але ідзеш, пераадолваючы сябе, ― узгадвае Сяргей свае няпростыя баксёрскія пачынанні. ― Гадоў у трынаццаць я пачаў разумець, што бокс — гэта тое, што ў мяне атрымліваецца найлепш. А значыцца — не трэба прыдумляць ровар, лепш дасягнуць вышыняў на тым шляху, які абраў…

У 2008 годзе (Сяргею Карнееву было 20) ён заваяваў срэбра на дарослым чэмпіянаце Еўропы. Здавалася б — распачалася зорная кар’ера. Але далей выступленні не складваліся, з’явіліся праблемы са здароўем. З-за згонкі вагі да 81 кг у крыві павялічваўся білірубін, што дрэнна адбівалася на працэсах узнаўлення арганізму.

Так з-за здароўя многія таленавітыя спартсмены сыходзілі са спорту.

Тады бацька байца Іван Аляксандравіч звярнуўся да свайго колішняга вучня Канстанціна Маханькова, папрасіў трэніраваць сына.

Канстанцін Маханькоў і Сяргей Карнееў
Фота Аляксандра Абуховіча

Калі праводзіць аналогіі, то для беларускага бокса Маханькоў, як Віктар Ганчарэнка ў футболе. Малады спецыяліст скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт фізічнай культуры і спорта з чырвоным дыпломам, цудоўна ведае біяхімію, дасціпна знаёмы з нюансамі спартовай медыцыны, найноўшымі тэхналогіямі. Паралельна з тэорыяй ён на высокім узроўні ўдзелнічае ў прафесійных баях па боксе і змяшаных адзінаборствах. Як вядомага спецыяліста Канстанціна Маханькова сёння запрашаюць у свае трэніровачныя лагеры замежныя зоркі сусветнага прафесійнага бокса, як, напрыклад, Артур Абрахам…

Дарэчы, Канстанцін Маханькоў ― адзін з рэдкіх дзеячаў спорта, якія пісьменна даюць беларускамоўным журналістам інтэрв’ю на роднай мове.

― Калі я прыйшоў да трэнера, ён пільна сачыў за маім харчаваннем, за трэніроўкамі. Канстанцін Міхайлавіч ― майстар у пытаннях піку формы, ― кажа Сяргей пра першыя ўражанні ад супрацы са спецыялістам. ― Тут трэба ўзарвацца, а тут — сцішыцца. Сёння мы працуем моцна, заўтра будзе стан вялы, і папрацуем менш. Таму нават у крытычных сітуацыях нам удавалася ўтрымліваць цудоўную форму.

Супраца Карнеева і Маханькова дала вынікі ў 2011 годзе: на чэмпіянаце свету ў Баку Сяргей заваяваў бронзу, даўшы бой знакамітаму украінцу Усіку (сёння алімпійскаму чэмпіёну). Гэта быў адзіны беларускі медаль на спаборніцтвах. Ад Карнеева такога не чакалі, і на чэмпіянат свету яго трэнера браць адмовіліся, думалі, што спартсмен і так адбудзе нумар.

― Мой трэнер, уявіце сабе, быў як нелегал. Сказалі: “Ты там быць не павінен”. Толькі дзякуючы хітрасці Канстанцін Міхайлавіч мог прыходзіць і размінаць мяне, а выводзіць у рынг не меў права, ― узгадвае Сяргей пра тыя спаборніцтвы. ― Пакуль я выходзіў на бой, трэнер ставіў спрынтарскія рэкорды: выбягаў з будынка, трапляў на трыбуны праз іншы ўваход і крычаў мне, падказваў, як дзейнічаць.

Да Гульняў у Лондане Сяргей Карнееў падышоў у найлепшых фізічных кандыцыях. Дайшоў да чвэрцьфіналу і сутыкнуўся з азербайджанцам Мамадавым (срэбраным медалістам чэмпіяната свету). Калі б толькі з сапернікам, былі яшчэ і неабектыўныя суддзі!

У першым раўндзе Карнееў саступіў. Але ў другім і трэцім пачаў знішчаць, ледзь не накаўтаваў азербайджанца. Супернік адварочваўся спінай, падаў, лез у абдымкі, ратуючыся ад удараў беларуса. І ўратаваўся, не паваліўся. Суддзі налічылі пароўну і без тлумачэння свайго вердыкту аддалі перамогу…збітаму азербайджанцу. Глядацкая зала свісцела, але ні людзі, ні пратэст не змянілі вердыкт. Пазней Міжнародная асацыяцыя бокса забараніла выстаўляць гэты двубой у інтэрнэт, а замежныя спартовыя сайты выбухнулі крытычнымі артыкуламі.

Гэта несправядлівая параза не зламала Сяргея Карнеева. Ужо на наступны дзень у афіцыйным звароце ён эмацыйна супакойваў сваіх заўзятараў:

“Зрабіў усё, што мог!!! Усё ― палітыка і грошы!!! Усім вялікі дзякуй за падтрымку, за ўвагу, за цёплыя словы!!! Я сам не чакаў, што столькі людзей будуць мяне глядзець і заўзець!!! Мне вельмі прыемна вас бачыць і чуць!!! Вельмі крыўдна, што не здарылася таго імгнення, калі ў выпадку маёй перамогі заплакалі б некаторыя людзі. Ваш Сяргей Карнееў”.

Прыйшоўшы ў залу да Сяргея Карнеева праз два месяцы пасля Алімпіяды, заўважаем яго бадзёры настрой. Баксёр рыхтуецца да новых спаборніцтваў і самаўдасканальваецца.

―Трэба рабіць высновы і працаваць над тактыкай. Ісці пад краму і піць піва ― не выйсце, ― іранічна выказваецца трэнер Канстанцін Маханькоў.

Сёння Сяргей Карнееў рыхтуецца не толькі да баёў па алімпійскай схеме, але і да больш жорсткіх прафесійных двубояў, дзе спартсмен пакуль ні разу не прайграў.

Карнееў стаў тым атлетам, які вярнуў веру ў самадастатковасць беларускага бокса, дзе ў другой палове 2000-х гадоў здарыўся сапраўдны абвал. Рэч у тым, што спартовыя чыноўнікі замест таго, каб гадаваць беларускіх байцоў, пачалі запрашаць у нашу зборную ўжо гатовых атлетаў з каўказскіх рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. Прытым ― далёка не першых нумароў. Да чаго гэта прывяло? Баксёрская зборная развучылася заваёўваць медалі.

Трэнер Канстанцін Маханькоў і яго вучань Сяргей Карнееў давялі, што самы шчыры шлях ― рыхтаваць у зборную Беларусі сваіх, мясцовых хлапцоў.

— Іначай губляецца сэнс працы трэнера. Навошта займацца маленькімі дзецьмі, калі можна ўзяць і прывезці ў Беларусь гатовага чалавека? Такім чынам, свой спорт “забіваецца”, ― лічыць Сяргей Карнееў. ― Я сам у будучыні буду трэнерам. Гэта ж так цікава — выхоўваць дзіця, весці яго за руку! Мяркую, што беларускі бокс будзе развівацца.

На думку спартовых спецыялістаў, Сяргей Карнееў мае і фізічныя, і маральныя рэсурсы каб прабіцца на вяршыню спартовага Алімпу.