Памёр вядомы беларускі пісьменнік Алесь Рыбак

На 83-м годзе сышоў з жыцця Алесь Рыбак — вядомы беларускі пісьменнік, аўтар раманаў “Трэба было жыць” (1990), “Галаброды” (2006) і “На раздарожжы” (2010). Яго пахавалі 8 траўня на Ўсходніх могілках.

Проза Алеся Рыбака надзвычай аўтабіяграфічная. Застаўшыся сіратой — бацьку і маці забілі фашысты падчас Другой сусветнай вайны, ён чапляўся за жыццё з апошніх сваіх дзіцячых сіл. І выжыў, і прайшоў доўгі годны шлях, пакінуўшы светлы сьлед у людскіх душах ды ў нашай літаратуры.

“Канец жніва. Галодныя, мы, хлапчукі-пастушкі, бегаем па ржышчы, шукаем нязжатыя жменькі па краях поля. Думаем, мо там, па даўняй сялянскай традыцыі, жнеі пакінулі якія ласункі“, — успамінаў ён пра сваё дзяцінства.

Галоднае і халоднае маленства, цяжкае юнацтва загартавалі характар гэтага чалавека і вынеслі яго на вяршыні культурнага жыцця нашай краіны. Ён працаваў у часопісах “Вожык” і “Бярозка”, на Беларускім радыё, потым пераехаў у Маскву — стаў рэферэнтам у сакратарыяце прэзідыюма Вярхоўнага Савета СССР, выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Літаратурным інстытуце імя Горкага.

“Беларус заўсёды застанецца беларусам, і родную мову з мяне ніхто не вытравіць”, — гаварыў пісьменнік на чужыне. І верна нёс роднае слова праз усё сваё жыццё.

Па вяртанні на радзіму Алесь Рыбак яшчэ больш раскрыўся як пісьменнік — адна за другой выходзілі яго кніжкі апавяданняў “Дарогі бываюць розныя”, “Сёння прыедзе тата”, “Апошняя камандзіроўка”, “Што пасееш…” А ў 1990 годзе пабачыў сьвет яго першы раман “Трэба было жыць”, які высока ацаніў Васіль Быкаў: “Дабротны твор рэалістычнай прозы, напісаны па-майстэрску і стрымана, без непатрэбнай у такіх выпадках шматслоўнасці”.

Усяго ў розных выдавецтвах і краінах выйшла больш за дзесяць кніг Алеся Рыбака. Творы нашага выбітнага земляка перакладзеныя на рускую, англійскую, нямецкую і французскую мовы.

Словамі літаратурнага героя з апошняга раману “На раздарожжы” спадар Алесь як бы развітаўся з намі: “Дарагія мае! Вы не ўяўляеце, як мне цяжка пакідаць вас… Бацькаўшчына заўсёды была ў мяне асновай усяго, і я як мог дбаў пра яе”.

Такім — дбайным пра роднае, верным праўдзе жыцця, шчырым чалавекам і сапраўдным беларусам — Алесь Рыбак застанецца ў нашых сэрцах.

І ў вечнай энцыклапедыі беларускай літаратуры.

 




Оставьте комментарий (0)