Ці ёсць нацыянальныя тату акрамя “Пагоні”?

Беларускіх татуіровак не вельмі багата, але ў апошнія гады іх стала значна больш, чым тое было раней, кажа арганізатар першага агульнарэспубліканскага Tattoo Fest’а Алесь Таболіч…

 

14-15 снежня ў сталічным клубе Re:Public пройдзе незвычайны фестываль — Першы агульнарэспубліканскі Tattoo Fest 2013. У першы дзень сыграюць папулярныя беларускія музыкі. Другі дзень падорыць прысутным выступы бодзі-арт танцоўшчыц, стрып-пластыку, сеты ад вядучых дыджэяў, фаер-неон-шоў. Будуць падведзеныя вынікі конкурсаў, якія ладзяца ў сацыльных сетках, а таксама пройдзе прафесійны конкурс сярод беларускіх тату-майстроў.

Напярэдадні фэста Naviny.by сустрэлiся з ягоным арганізатарам тату-майстрам і лідарам pagan folk metal группы Znich Алесем Таболічам і распыталi яго пра мэты, праграму фестываля, а таксама пра нацыянальныя беларускія татуіроўкі.


Фото formats.by

Папярэднія тату-фэсты — гэта п’янка-гулянка

Ідэя зладзіць такі фестываль нарадзілася даўно. Гэта не першы тату-фэст. Раней ладзіліся падобныя фэсты, але яны былі карпаратыўчыкамі для сваіх. Першы ладзіўся ў клубе “Рэзервацыя”, два фэсты прайшлі ў “Рэактары”, апошні ў 2009 годзе — у клубе “Арыён”, што на Ждановічах. Я б нават не назваў тое фестывалямі. Хутчэй п’янка-гулянка. Мы ж хочам зладзіць менавіта буйны рэспубліканскі фестываль. Калі браць папярэднія фэсты, то гэта чацьвёрты фестываль, але на афіцыйным і такім буйным узроўні ён сапраўды першы. Гэта вельмі важна.

На жаль, пакуль не атрымліваецца зладзіць канвенцыю

Падчас канвенцыі — такім чынам называюцца фестывалі татуіроўкі, на якіх майстры робяць тату — нашы беларускія татуіроўшчыкі змаглі б паказаць, на што яны здольныя. Для нас сёлета важна зрабіць крок у накірунку да канвенцыі — не важна, беларускай яна будзе ці міжнароднай. Канвенцыя дазволіць рабіць татуіроўкі падчас спаборніцтва і атрымліваць сапраўдную адзнаку за жывую працу, а не за тату, зробленыя раней — гэта ўсё ж не тое… Нам трэба зразумець, што гэта не тусня для сваіх, а прафесійны ўзровень. Татуіроўка — гэта не проста нешта, набітае на скуры, а выяўленчае мастацтва, жывапіс, графіка.

Гаворым пра Мінск, забываючы пра перыферыю

Мы падыйшлі з іншага боку: праз інтэрнэт хочам высветліць, якія ў нас ёсць салоны, майстры і якога гэта ўсё ўзроўню. Мы ўсе думалі, што ў нас літаральна тры-чатыры класныя майстры, сапраўдныя монстры татуіроўкі, пры гэтым забываючыся, што на перыферыі таксама ёсць людзі, якія шмат чаго робяць у гэтым накірунку.

Я хачу аб’яднаць беларускіх татуіроўшчыкаў

Задача гэтага фестывлю — аб’яднаць татуіроўшчыкаў Беларусі ў адзіны накірунак, каб яны мелі магчымасць паразмаўляць адзін з адным, нешта новае даведацца, паглядзець на тыя матэрыялы, якія з’явіліся апошнім часам. Адным словам, гэта агульнабеларускі фестываль для майстроў тату і для тых людзей, якія любяць татуіроўкі.

Галоўнае спаборніцтва паміж тату-майстра адбудзецца на фэсце

Я паглядзеў на галасаванні, што мы запусцілі ў сацыяльных сетках, — яны ўсе такія дурныя і незразумелыя, што мы вырашылі зрабіць так: усе тыя, хто перамог у намінацыях паводле гэтых галасаванак, атрымаюць дыпломы і прызы. Але самае галоўнае спаборніцтва будзе абдывацца непасрэдна падчас фестывалю. У конкурсе будуць удзельнічаць тыя майстры, работы якіх мы бачылі ў інтэрнэт-галасаванні, а таксама людзі, якія не ўдзельнічалі ў ім.

Лепшыя тату-майстры атрымаюць машынкі за 250 даляраў

Працу татуіроўшчыкаў будзе ацэньваць журы, якое склалі тату-майстры Юрый Брэсцкі, Ала Рамазанава, Віктар Мінько, маскоўскі татуіроўшчык Ёф, мой бацька, мастак. Будуць і незалежныя наглядальнікі: Тодар Кашкурэвіч і Алесь Пушкін. І гэта стане сапраўднай моцнай адзнакай творчасці беларускіх майстроў. Па выніках гэтага конкурса ў кожнай намінацыі, якіх будзе каля дзесяці, будуць уручаны сапраўдныя вельмі каштоўныя прызы — адна машынка каштуе 250 даляраў.

Найлепшую беларускую татуіроўку абяруць людзі

Будзе яшчэ адна намінацыя — мы яе разам з “Еўрарадыё” прыдумалі. Уручым прыз за лепшую беларускую татуіроўку: гэта можа быць і геральдыка, і арнамент… Словам, усё, што звязана з нашай радзімай. Мы запусцілі галасаванку праз сацыяльныя сеткі — тут нам істотна менавіта тое, што падабаецца людзям. Я паглядзеў на тое галасаванне — актыўнасці амаль няма. Было шэсць прац, тры з іх аднаго татуіроўшчыка. Тады я папрасіў знаёмых тату-майстроў, каб яны выслалі свае моцныя працы патрэбнай тэматыкі на конкурс.

З’явілася мода на нацыянальную татуіроўку

Мы ўсе ведаем так званую “олдскульную” традыцыю татуіроўкі, нейкія еўрапейскія і ўсходнія тэндэнцыі і матывы, а пра беларускую татуіроўку сёння мала хто кажа. Татуіровак розных сёння вельмі шмат, а беларускіх не вельмі багата, але ў апошнія гады іх стала значна больш, чым тое было раней. З’явілася мода на нацыянальную татуіроўку.

Мяне “Пагоні” ўжо задалбалі

Абсалютная большасць людзей, якія прыходзяць у салон, дзе я працую, робіць матылькоў, птушачак, коцікаў, кветачкі… Нацыянальныя сімвалы робяць толькі тыя людзі, якія разумеюць, што такое нацыянальная, культурная прыналежнасць. Нехта выбірае татуіроўку з каталога, які я даўно ўжо збіраю, нехта прыносіць свае сімвалы, малюнкі. Калі шчыра, то мяне “Пагоня” ужо задалбала — так часта яе робяць. Яна заўсёды актуальная. Бел-чырвона-белы сцяг не так часта робяць, я б не сказаў, што ён карыстаецца попытам. Дзяўчаты любяць надпісы, цытаты з вершаў, ружы, арнаменты — вобразныя рэчы. А “нашыўкі” — я пра “Пагоню” — робяць у асноўным мужчыны.

Беларускае тату папулярызуюць мастакі

Для папулярызацыі беларускай татуіроўкі шмат зрабілі беларускія мастакі. Тату-майстар, скульптар Віктар Мінько, мастак Алесь Пушкін, які зрабіў акцыю з перформансам па Караткевічу — менавіта Мінько набіў яму татуіроўку са скрыпкай караткевічаўскай.

Масавае захапленне арнаметамі пайшло пасля нашай з жонкай тату

Наагул жа, складана сказаць, хто пачаў гэтую традыцыю. Калі гаварыць пра арнаментальную татуіроўку, то можна сказаць, што яе зрабіў папулярнай я. Мы з жонкай думалі пра сумесную татуіроўку, якая сімвалізавала б сямейнае шчасце, і зрабілі нацыянальны арнамент. Пасля фотаздымкі ў сацыяльныз сетках сталі папулярнымі. Дарэчы, гэтыя татуіроўкі атрымалі міжнародныя прызы: на кіеўскай канвенцыі 2010 года мы ўзялі другое месца. Тады і палякі, і расіяне, і украінцы пачалі развіваць гэтую лінію. Масавае захапленне пайшло менавіта пасля гэтых татуіровак.


Фота з архіва Алеся Таболіча

Олдскульная “Крама” і сапраўдныя сучасныя рокеры :B:N:

Склад музыкантаў, якія ўдзельнічаюць у першы дзень фэста, выбіраў я. Чаму менавіта яны? Гурт “Крама” — олдскульныя, заслужаныя рок-н-рольшчыкі, а рок і татуіроўкі ідуць побач, бо мастацкае развіццё татуіровак пачалося ад нейкай альтэрнатывы. Я хачу ім аддаць даніну павагі за тое, што яны зрабілі і робяць для беларускай музыкі. Гурт :B:N: — гэта адзіны гурт, які не сыйшоў з рэек. Ён да сённяшняга дня працуе ў сваім накірунку, робіць добрую музыку. Яны, можна сказаць, адзіныя, хто робіць рок сённяшняга часу, усе астатнія рок-гурты, на мой погляд, граюць штучную музыку.

Беларускі Led Zeppelin і супярэчлівы Mihej Nosorogov

Наконт англамоўных каманд. Yellow Brick Road таксама звязаныя з рокам, але з еўрапейскім кірункам, яны вельмі падобныя да Led Zeppelin. Наагул, самі па сабе, яны модна-пазітыўныя. Тое самае магу сказаць і пра The Conspiraters. Усе гурты адпавядаюць аднаму рок-н-рольнаму настрою. Я не стаў змешваць розныя накірункі, вырашыўшы, што і музыка павінна адпавядаць тату-атмасферы фестываля. Калі гаварыць пра Mihej Nosorogov, то ён супярэчлівы для гэтай тусні, але ён сам па сабе харызматычная асоба, вельмі любіць тату, пастаянна ходзіць сюды набівае сабе нешта.

Раблю фестываль сам на ўласныя грошы

Калі будзе цікава, моцна і кайфова, то, можа быць, буду ладзіць такі фестываль штогод. Мне самому цікава, як усё атрымаецца. Я іду на вялікую рызыку, бо вырашыў зрабіць гэты фестываль сам на ўласныя грошы. У фестываля ёсць спонсары, якія дапамагаюць натурай: напрыклад, даюць машынкі для прызоў, але грошы ніхто не дае, усё з уласнай кішэні. Я ўдзячны тым людзям, якія мне дапамагаюць, майму салону, а таксама сябрам журы.