Піт Паўлаў сьпеў «Nothing Else Matters» па-беларуску

Піт Паўлаў запісаў беларускамоўную вэрсію галоўнага гіта гурта Metallica «Nothing Else Matters». На выкананьне песьні «Сродак і мэта» музыкант атрымаў згоду ад Джэймса Хэтфілда.

Піт кажа, што гэтую песьню запісаў некалькі гадоў таму, калі толькі кшталтаваўся гук ягонага новага праекту Pete Paff. Неаднойчы яна выконвалася на яго сольных выступах і музыка залічыў яе ў самыя ўдарныя канцэртныя нумары. Беларускі тэкст «Nothing Else Matters» увесьчасна зьмяняўся — у залежнасьці ад эмацыйнага стану выканаўцы. Але ўрэшце цяпер «Сродак і мэта» набыў свой канчатковы варыянт.

Адбылося гэта ў самы апошні момант — у дзень запісу трэку. «Тое, што на канцэртах стварала ўражаньне спантанасьці і блізасьці да арыгінальнага тэксту Metallica ў запісаным выглядзе выглядала падрадковым перакладам, досыць схематычным і залішне патасным. Таму ўвесь дзень цалкам пайшоў на перапрацоўку тэксту», — апавядае Піт.

Піт вырашыў атрымаць згоду на выкананьне «Сродку і мэты» ў аўтара арыгіналу. З Джэймсам Хетфілдам зьвязаліся праз Саманту Макнэлі, адміністратара афіцыйнага фэн-сайту гурта www.metclub.com. «Мы пераслалі трэк і атрымалі дазвол на яго выкананьне, цяпер дашлем яшчэ і падрадкоўнік беларускага тэксту», — кажа Піт. Музыкант кажа, што цяпер у тэксьце «Сродку і мэту» ён ня зьмяніць ані слова і спадзяецца, што беларуская вэрсія песьні гурта Metallica таксама здабудзе народную любоў, піша «Тузін гітоў».

«Сродак і мэта»

Ад сэрца да сэрца — наўпрост,
Калі бачна праз скуру наскрозь,
Насамрэч хто мы ёсьць —
Вось сродак і мэта!
Бясконцы сусьвет сабе
Ў карыстаньне прыватнае
Знойдзем мы ў саміх сабе —
Вось сродак і мэта!
Адпусьці сваё сэрца ў сьвет,
Патрапляй зь ім сьлед у сьлед,
Крок за крокам, як альфабэт —
Вось сродак і мэта!

Прыпеў:
Я ня верыў іхняй верай,
Я ня мерыў іхняй мерай,
Я ня граў па іхных нотах,
Я ня ведаў іхных ведаў,
Бо сам ведаў!

Ад сэрца да сэрца — наўпрост,
Калі бачна праз скуру наскрозь,
На самой справе хто мы ёсьць —
Вось сродак і мэта