Пётра Пятроўскі. МЕРКАВАННЕ. Кава КПСС супраць мовы Кацярыны Кібальчыч

Усе гэтыя чысткі па лекалах «адзіна вернай і правільнай пазыцыі» мы ўжо праходзілі. Напэўна, нашыя дзядулі і бабулі могуць прыгадаць партсходы 1960-х гг...

Пётра Пятроўскі. Філёзаф, гісторык ідэй. Скончыў БДПУ імя М. Танка па спэцыяльнасьці “Гісторыя. Сацыяльна-палітычныя дысцыпліны”. Ляўрэат стыпэндыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь асьпірантам у 2013 г. Кіраўнік кансэрватыўнага цэнтра NOMOS.

15 кастрычніка, дзень чарговай гадавіны нараджэньня Фрыдрыха Ніцшэ, стаўся апошнім для існаваньня грамадзкае ініцыятывы па папулярызацыі беларушчыны «Мова ці кава». Чыньнікам падобнае пературбацыі аказаўся факт ідэалягічнай неаднароднасьці пазыцый яе ўдзельнікаў па ўкраінскаму крызісу.

Што такое дэмакратыя?

Кіраўніца праекту, журналістка Першага каналу расейскага тэлебачаньня Кацярына Кібальчыч выказала падтрымку дзеяньням узброенных прыхільнікаў непрызнаваных рэспублік, у той час як іншыя ўдзельнікі падтрымалі правядзеньне АТА кіеўскімі ўладамі. І гэта нягледзячы на тое, што два гады таму назад, калі праект «Мовы ці кавы» толькі пачынаў сваё жыцьцё, у статут ініцыятывы быў унесены пункт пра плюралізм думак і пазыцый.

Любы чалавек ад апазыцыянэра да лукашыста, ад «укропа» да «каларада», ад дэмакрата да прыхільніка тэакратычнае манархіі мог прыйсьці на мерапрыемства і пачаць навучэньне матчынай мове тытульнай нацыі. Але менавіта ўкраінскаму крызісу, як лакмусавай паперы, прыйшлося праверыць удзельнікаў праекту, у якіх аказаліся процілеглыя пазыцыі, на плюралізм і дэмакратыю.

Трэба адзначыць, што аўтар дадзенага артыкулу не падзяляе пазыцыю па Ўкраіне ніводнага з бакоў канфлікту, але зазначае, што спадарыня Кацярына Кібальчыч не паставіла праект «Мова ці кава» на кон толькі з-за нязгоды з процілеглай пазыцыяй па Ўкраіне іншых удзельнікаў. Але ж усе мажлівасьці ў яе былі: і абвясьціць, што нельга размаўляць па-беларуску з гэтымі «нацыстамі» і «ўкропамі», і займацца праектам, калі гэтыя прыхільнікі «карацеляў» будуць весьці курсы беларускае мовы. Але «наезды» пачаліся акурат з процілеглага боку.

Удзельніца праекту Валярына Кустава вельмі яскрава акрэсьліла чыньнік нежаданьня працягваць курсы: «А прычына вось у чым: мне бачыцца, што ў сваіх допісах Каця тлумачыць вайну, прычым — збольшага з пазіцыі Расіі». Аказалася, што заняткі беларускай мовай цалкам павінны залежаць ад палітычнай пазыцыі, у тым ліку і па міжнародных пытаньнях.

Яшчэ больш жорстка выказаўся на гэты конт у стылі ідэоляга камсамольскае пярвічкі Віталь Цыганкоў, убачыўшы ў неадпавядаючай магістральнай лініі «партыі» пазыцыі: «Не просто пропаганду, эту пропаганду ненависти, тот самый «hate speech», за который сажают в цивилизованных странах». Ад такіх слоў па скуры на целе прайшоў марозец, а пад цывілізаванымі краінамі згадалася адна самая «цывілізаваная» і самая «эўрапейская» часоў 1930-х гг., у якой саджалі і ня толькі за шмат якія словы.

Кропкі над «і» ў гэтай жорсткай ідэалягічнай спрэчцы раставіў шэф-рэдактар «Нашай нівы» Андрэй Дынько, які канкрэтна заклікаў Кацярыну Кібальчыч падзяліць сьвет у падобным выпадку толькі на ўсё чорнае і белае.

У выніку атрымалі сумную прэс-канфэрэнцыю 15 кастрычніка з падвядзеньнем вынікаў, адным зь якіх сталася прыпыненьне курсаў беларускае мовы.

Зьдзіўляе тое, што падобныя рэчы чуеш ад людзей, якія акрэсьліваюць сябе «лібэраламі», «паборнікамі правоў чалавека» і выступаюць за плюралізм думак. І гэтыя людзі высоўваюць якіясь прэтэнзіі Лукашэнку за яго «неталеранцыю» і «адсутнасьць» плюралізму. Сытуацыя з мовай яшчэ раз прадэманстравала іх нашмат больш таталітарны, калі не дагматычны сьветагляд. І ён не зьяўляецца навінкай.

Усе гэтыя чысткі па лекалах «адзіна вернай і правільнай пазыцыі» мы ўжо праходзілі. Напэўна, нашыя дзядулі і бабулі могуць прыгадаць партсходы 1960-х гг. Сёньня гэтыя партсходы перайшлі ў віртуальную прастору, а камсамольскія работнікі ці іх несьвядомыя нашчадкі працягваюць выкрываць адыход ад «адзіна вернай пазыцыі партыі», якую толькі можна спавядаць і выказваць, якая толькі і павінна дэманстраваць «цывілізаванасьць» і «нармалёвасьць» чалавека.

Нагадую ўсім гэтым прадстаўнікам крэатыўнае клясы ці «інтэлектуальнае эліты», што падобна да Кацярыны Кібальчыч, па дадзеных сацапытаньняў, гэтаксама думае яшчэ 60% беларусаў. І ня трэба тут абвінавачваць расейскую «прапаганду» ці «замбіраванае быдла». Падобнае расісцкае стаўленьне да процілеглай пазыцыі, грэбаваньне меркаваньнем людзей зь іншымі поглядамі, падзел беларусаў на людзей зь белымі ці чорнымі меркаваньнямі і тлумачыць, чаму ідэі гэтых ідэолягаў не прыжываюцца ў грамадзтве, чаму яны з кожным годам усё больш і больш зыходзяць ва ўнутраную іміграцыю ад народу, у мініятурнае культурнае гета. Падобны снабізм, дарэчы, і стаўся шмат у чым чыньнікам грэбаваньня мовай гэтых самых 60% беларусаў. Бо як ты можаш распаўсюджваць мову сярод тых, каго «сажают в цивилизованных странах».

Беларуская мова vs «Пуцін — х@ло»

Яшчэ больш агідна і тое, што беларускую мову зрабілі «казой адпушчэньня» ў гэтых партыйных чыстках. Мы пазбавіліся яшчэ аднаго праекту, які даваў мажлівасьць людзям з рознымі палітычнымі ды іншымі поглядамі далучыцца да сьвету беларускае мовы. Мова павінна аб’ядноўваць, кансалідаваць народ, асабліва ў такі цяжкі для рэгіёна пэрыяд. Аднак нават мову хочуць паставіць некаторыя колы на ідэалягічную службу. Сапраўдны прыхільнік беларускай мовы будзе толькі рады таму, калі на ёй пальюцца словы з вуснаў Лукашэнкі, Пуціна ці Парашэнкі. Гэта не павінна турбаваць. Чым больш будзе мовы, тым глыбей будзе мацавацца нашая супольная ідэнтычнасьць.

Але асаблівым амбіцыям ня месца ў моўнай палітыцы. Лягчэй за ўсё зруйнаваць справу, паставіўшы сваю ўласную пазыцыю вышэй за агульныя інтарэсы. Так і сталася зь ініцыятывай «Мова ці кава». Удзельнікі праекта паставілі свае прыватныя меркаваньні вышэй за справу папулярызацыі мовы.

Канечне гэта агідна, але выпадак яшчэ раз паказвае, што палітыка і мова павінны хадзіць па розныя бакі вуліцы. У гэтым выпадку я магу толькі падтрымаць ініцыятыву Віталя Цыганкова прапанаваць працягнуць Кацярыне Кібальчыч курс «Мовы і кавы» разам з Вадзімам Гігіным. І сапраўды, нягледзячы на маё крытычнае стаўленьне да пазыцыі Гігіна, трэба прызнаць, што ягонае ток-шоў «Дело принципа» нашмат больш дэмакратычнае і плюралістычнае, чымсь дагматычная і ненавісьніцкая пазыцыя прадстаўнікоў культурнага гета ў фэйсбуку. Там знойдзецца больш тэхнічных і рэальных мажлівасьцяў распаўсюдзіць веданьне й любоў да мовы сярод вялікага кола беларусаў з розных куточкаў краіны.

P.S. Самым вялікім ворагам мовы зьяўляўся просты і банальны чалавечы эгаізм. Зь яго вырасталі такія якасьці, як фанабэрыя, разбэшчанасьць і самая простая непавага да меркаваньня іншага. Але, каб захаваць і пашырыць мову, патрэбна ісьці ёй насустрач, саступаць супольным інтарэсам ахвяруючы прыватнымі інтарэсамі і меркаваньнямі. Толькі ў такім выпадку будзе вынік.

Янка Купала прысьвяціў нямала вершаў мове. У адным з радкоў ён называе беларускае слова свабодным. Зараз гэта гучыць найбольш актуальна.

Свабоднае слова ты, роднае слова!
Зайграй ты сьмялей, весялей!
Хоць гадзіны сыкаюць, кружацца совы,
Жывеш ты на хвалу людзей.

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.