Алесь Мікус. ПРАЕКЦЫІ. Спакой Усходу, спакой Захаду

У Беларусі няма думання, замест гэтага — праца без думання. Працуючы, удзельнічаем у такіх практыках, сэнсу якіх не ведаем...

 

Алесь Мікус

Алесь Мікус. Музыка, перакладчык, публіцыст. Нарадзіўся ў 1982 годзе ў Мінску. Адукацыя: аддзяленне псіхалогіі БДУ, аспірантура АПА. Асабісты сайт: quarkmal.net

Гэты тэкст яшчэ можна было б назваць падарожнымі нататкамі — пасля нядаўніх падарожжаў аўтара ў Індыю і Італію. Два зусім розныя светы, аднолькава моцна адрозныя ад нас.

Што прыкмецілася цяпер, калі можна параўнаць? І там, і там пануе спакой. Але зусім розны спакой, зусім рознага характару, нават процілеглага.

У Індыі адно з ключавых паняццяў — «шанці», гэта значыць мір, спакой. «Ом шанці» — няхай жыве мір. Там нікуды не спяшаюцца, даўнія багі жывыя, усё адбываецца па іх волі і ўрэшце так, як належыць быць. І індыйцы гэта ведаюць, таму не прыспешваюць падзей.

Але ж і ў Італіі, у заходнім свеце, прыкмячаеш, што ёсць нейкая ўнутраная ўпэўненасць, спакой, угрунтаванасць, чаго зусім няма ў нас.

Гэта такі ўнутраны спакой заходняга чалавека. Канкрэтней, тэрыторыі на захад ад Польшчы, Чэхіі, Балканаў. Адкуль ён такі ўзяўся? Гэта найлепей бачыць на кантрасце з Індыяй.

Індыйскі светапогляд адрозніваецца цэласнасцю. Там усё прысутнае ў адзін момант і ў адным месцы, нават у адным чалавеку. Пачні медытаваць, падключыся да плыні — і табе імгненна будзе цэласнасць, гэта напрацоўвалася не адным стагоддзем.

Заходнія еўрапейцы таксама імкнуліся да цэласнасці, але не ўнутры, а знешне. Увесь час пашыралі сваю айкумену, абжытую прастору. Вікінгі, рымляне, Аляксандр Македонскі, брытанскі і іспанскі флот, нарэшце — Pax Americana.

У выніку заходнікі сутыкнуліся з тым, што ўсёй здабытай айкумены не ўніфікуеш. І супакоіліся. Так ці інакш, нават у Амерыцы, нягледзячы на ўсё. Вось, фільм «Амелі» бачылі? Там дзяўчына кайфуе, пагружаючы руку ў мех з гарохам (ці зернем, ці чым там яшчэ сыпучым). Так і еўрапейцы. Навучыліся кайфаваць ад асобных момантаў, не складваючы іх у цэласны пазл, які больш у іх немагчымы. У Індыі магчымы, а на Захадзе — немагчымы.

Гэта ўжо філасофія, але чалавек — істота, неад'емная ад цэласнасці. У свеце глабалізацыі (якая пачалася не адно стагоддзе таму) ёсць розныя шляхі па яе дасягненні. У Індыі — звярнуць позірк ва ўнутраны свет, зрабіўшы яго асветленым аўтаномна. На Захадзе — вачэй не заплюшчваць, але фокус звузіць максімальна, літаральна да лапіку 10х10 см; перасоўвацца нібыта ў цемры з ліхтарыкам з малой плямай святла. Так ні мігрантаў не заўважыш, ні адказнасці за іхнія спляжаныя заваяваннямі малыя радзімы.

А дзе наша месца?

Большасць нашых суседзяў імкнуцца парабіцца «недаітальянцамі» ці «недабрытанцамі». Мабыць, не надта атрымаецца, бо гістарычны досвед не той. Каб зрабіцца сапраўднымі заходнікамі, трэба «ў генах» мець увесь той досвед, пакрокава, з выкананнем усёй яго логікі.

Іншы наш сусед, з Усходу, вырашыў узбрыкнуць, проста ўзбрыкнуць. Без надзей на поспех, без перспектыў. Калі глядзець з такога філасофскага гледжання (толькі з яго), дык пазіцыя ўсё ж вартая павагі. Але якая з Расіі «асобная цывілізацыя»... Па-французску да канца ХІХ ст. эліта гаварыла, рэлігійная эстэтыка з Візантыі, народныя веранні — фіна-вугорскія ці балцкія, стракатая коўдра з народаў і этнічных субстратаў цяперашніх рускамоўных «расіян».

У каго ўласны «космас» разбураны, той па індыйскім прыкладзе не пойдзе. А пойдзе, як усе, глядзець у рот Захаду. І гэта нармальна. Вербальныя практыкі сканцэнтраваны там. А невербальныя магчымыя толькі пры наяўнасці пераемнасці свайго ўласнага «космасу».

Але ў Беларусі свой шлях. Не скажаш, каб не цікавы.

У Беларусі няма думання, замест гэтага — праца без думання. Працуючы, удзельнічаем у такіх практыках, сэнсу якіх не ведаем. Аддалі целы, каб імі распараджаліся. Найлепшыя выканаўцы, бязропатныя вайскоўцы, файныя тай-баксёры, някепскія праграмісты, армія рабочых на заводах-гігантах. Як големы.

Гэта такі наш адказ глабалізацыі? Усходнікі ў сваім часе ўзяліся глядзець у сябе, заходнікі звузілі фокус позірку. Мы адмовіліся глядзець увогуле. Фокус нашай свядомасці выключаны. Не чапайце нас, мы працуем. І ямо.

Але ці дае гэта спакой, “шчасце”? Калі адключаеш мазгі, сапраўды на час спакайнееш. Але назаўсёды іх адключыць немагчыма. Іначай мы не былі б людзьмі. Людзі думаюць і выбіраюць.

І неабавязкова выбіраюць паміж «дэмакратыяй» і «дыктатурай». Рэч, відаць, не ў іх. Рэч у двух тыпах спакою і ў нашым месцы сярод іх.

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.