Уладзімір Някляеў. МОВА. Русіфікацыя небяспечнейшая за танкі
Можна быць беларусамі і па-руску размаўляючы. Але колькі?..
Уладзімір НЯКЛЯЕЎ
Паэт. Кандыдат у прэзiдэнты Беларусi на выбарах 2010 года. Ініцыятар руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць».
Штогод у траўні ў адной з абласцей Украіны праводзяцца Шаўчэнкаўскія святы. На многіх з іх я ўжо быў, і гэтым разам не збіраўся ехаць, але… Але арганізатары патэлефанавалі і сказалі, што святкаваць Шаўчэнкаўскія дні ў гэтым годзе вырашылі на Луганшчыне. Там, дзе вайна, дзе людзям больш за ўсё патрэбная падтрымка. Калі не дзеяннем, дык словам… І я не палічыў магчымым адмовіцца ад паездкі.
Зразумела, ехаў я не страляць, як расейскі пісьменнік Прылепін, а сустрэцца з людзьмі, якія жывуць у вайне. Пагаварыць з імі, паслухаць іх, на свае вочы ўбачыць, што там адбываецца.
Пераважна Луганшчына кантралюецца ўладамі Украіны, але даволі вялікая тэрыторыя падкантрольная сепаратыстам. І сітуацыя вельмі складаная не толькі ў прыфрантавой ці так званай буфернай зоне. Яна складаная цалкам на ўсёй Луганшчыне, ва ўсім Данбасе.
Вонкава яна выглядае так: танкамі ўзараныя дарогі, блокпасты, абстрэлы пазіцый сіл АТА, а часам і мірных паселішчаў… “Што за людзі едуць?” — бясконца правяраюць дакументы на дарогах, і на адным з блокпастоў, калі сказалі, што едуць пісьменнікі, спыталі: “А на якой мове пішуць? Не на акупанцкай?..”
Менавіта ў гэтым, як я пераканаўся, найсур’ёзная праблема. Не ў спадзе прамысловасці, не ў цяжкасцях, што ўзніклі ў сельскай гаспадарцы (усе разумеюць, што пасля вайны гэта ўсё нармалізуецца), а ў тым, што Луганшчына, увесь Данбас цалкам зрусіфікаваныя. І праз тое вельмі шмат людзей, што жывуць на самым усходзе Украіны, лічаць сябе рускімі. Выключна праз мову, на якой размаўляюць.
І тут проста нельга не правесці паралель з Беларуссю, дзе зрусіфікаванасць — значна большая небяспека, чым восеньскія беларуска-рускія вайсковыя вучэнні, пра якія столькі шуму. І як ва Ўкраіне моўная сітуацыя стала фармальнай прычынай агрэсіі Расіі, гэтак яно можа стацца і ў Беларусі.
Будучыня ўкраінскай мовы — будучыня Ўкраіны. Так яно выявілася на гістарычным пераломе. А мы дасюль ва ўсіх дыскусіях, як толькі ўзнікае пытанне мовы, талерантна соплі размазваем: маўляў, можна быць беларусамі і па-руску размаўляючы.
Магчыма. Але колькі?..
Пра гэта можна, вядома, падыскутаваць. Але пры палітыцы, якую праводзіць вядучы “мовазнаўца” краіны: “Русский язык — родной язык белорусов», — дыскусіям трываць ці доўга засталося?
Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. |
Обсудим?