Навукоўцы даказалі пераемнасць сучаснай беларускай мовы ад мовы часоў ВКЛ

Завершанае выданне «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы», першы том якога выйшаў яшчэ ў 1982 годзе.

Навукоўцы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, які ўваходзіць у склад Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук, прадставілі 26 кастрычніка ў Мінску 37-ы выпуск «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» — апошні том маштабнага выдання, што пачалі выпускаць у 1982 годзе.

Фото iml.basnet.by

Дырэктар Інстытута мовазнаўства Ігар Капылоў распавёў журналістам, што шматтомнік стваралі на працягу 90 гадоў, калі «ўзяць у разлік час ад ідэі, якая ўзнікла ў 1927 годзе, і да выхаду апошняй кнігі». Ён адзначыў, што Гістарычныя слоўнікі нацыянальных моў складаюць многія народы, але «беларусы апярэдзілі багата з іх».

«Напрыклад, яшчэ не завершаны «Слоўнік рускай мовы XIXVII стагоддзяў», «Гістарычны слоўнік украінскай мовы», а беларусы такое выданне ўжо маюць», — падкрэсліў Капылоў.

«Унікальнасць слоўніка ў тым, што ён змяшчае 75 тысяч слоў, зафіксаваных у помніках XIVXVIII стагоддзяў, — адзначыў навуковец. — Слоўнік адлюстроўвае гісторыю беларусаў на працягу 500 гадоў. За аснову былі ўзяты друкаваныя і рукапісныя помнікі: статуты, хранографы, летапісы, дзелавыя, навуковыя і рэлігійныя дакументы, мемуары. Словам, усё, што стварылі беларусы ў тую пару, якая завецца «залатым векам» гісторыі беларускай мовы, калі беларускія землі з'яўляліся ядром магутнейшай еўрапейскай дзяржавы [Вялікага Княства Літоўскага], а старабеларуская мова выконвала функцыі дзяржаўнай мовы. Многія арыгіналы гэтых помнікаў захоўваюцца не ў Беларусі, а ў гарадах розных краін — Львове, Кіеве, Санкт-Пецярбургу, Маскве, Варшаве, Вільнюсе ды шматлікіх іншых».

Паводле слоў Капылова, слоўнік мае «надзвычай вялікі практычны сэнс». Напрыклад, ён мае значную навуковую вартасць для мовазнаўцаў, бо «адкрывае новыя магчымасці для даследавання лексікалогіі, старажытных фанетыкі і словаўтварэння».

«Асабліва важны ён у плане даследавання міжмоўных, міжэтнічных і міжкультурных кантактаў беларусаў з украінцамі, чэхамі, рускімі, палякамі ды іншымі», — патлумачыў кіраўнік інстытута.

Ён дадаў, што слоўнікам ужо карыстаюцца гісторыкі, «паколькі ён адлюстроўвае сацыяльна-эканамічную гісторыю пэўнага перыяду»; культуролагі, бо «слоўнік адлюстроўвае матэрыяльную і духоўную культуру беларусаў таго часу»; архівісты, перад якімі ў зборы адкрываюцца «новыя, да гэтага часу невядомыя звесткі».

Шматтомнае выданне, на яго думку, мае таксама «вялікае агульнадзяржаўнае значэнне». У час, калі Беларусь «будуе сваю дзяржаву, фармуе нацыянальную ідэю і свядомасць, можна канстатаваць, што гістарычны слоўнік — сапраўдны гонар беларускай нацыі і дзяржавы».

«Беларусы ў чарговы раз пацвердзілі, што ў нас старажытная гісторыя, багатая культура і старажытная адметная высокаразвітая еўрапейская мова», — заявіў Капылоў.

«На працягу многіх дзесяцігоддзяў неаднаразова дыскутавалася пытанне адносна пераемнасці паміж старабеларускай і сучаснай беларускай літаратурнай мовамі, — сказаў навуковец. — Пытанне вельмі складанае і да канца не вырашанае, бо існуе думка, што сучасная беларуская літаратурная мова заснаваная цалкам на базе народных гаворак, дыялектаў, а старабеларуская — гэта зусім іншая мова. Але слоўнік даказвае, што пераемнасць існуе. Яна адназначна была, прынамсі ў вуснай форме. Іначай бы сёння мы не мелі мовы, якая на працягу больш чым 300 гадоў фактычна не ўжывалася ў афіцыйнай пісьмовай форме».

«І нават у літаратурнай пісьмовай мове пераемнасць ёсць. Напрыклад, слова «мыта» і «мытнік» з'явілася [у сучаснай беларускай мове] адносна нядаўна, але яно шырока ўжывалася ў старабеларускі перыяд у помніках XIVXVII стагоддзяў. Калі ўважліва пагартаць слоўнік, то многія іншыя словы мы можам сёння ўзяць ва ўжытак, паступова яны пранікнуць і ў хуткім часе стануць літаратурнай нормай. Гэты працэс завецца дэархаізацыяй лексікі», — патлумачыў дырэктар Інстытута мовазнаўства.

На думку Капылова, кожны беларус, які «цікавіцца гісторыяй сваёй краіны, з'яўляецца яе патрыётам, павінен мець гэтае выданне». Набыць поўны збор слоўніка сёння складана, але ў бліжэйшы час інстытут плануе алічбаваць шматтомнае выданне, каб «шырокія слаі грамадства, у тым ліку моладзь, мелі магчымасць ім карыстацца».

 

 


  • На думку Капылова, кожны беларус, які «цікавіцца гісторыяй сваёй краіны, з'яўляецца яе патрыётам, павінен мець гэтае выданне». А без слоуника и беларускай мовы ужо и не патриот? И да, а вы знаете, что белорусы уже почти не говорят на беларускай мове?