Праект «Чытаем па-беларуску з velcom» аб'ехаў усю краіну і ахапіў 23 000 школьнікаў
У сацыяльным адукацыйным праекце «Чытаем па-беларуску з velcom» узялі ўдзел 23 000 малодшых школьнікаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. 20 траўня былі падведзеныя вынікі першага этапу ініцыятывы, якая доўжылася паўтара гады.
На адкрытай пляцоўцы ва ўнутраным дворыку БДУ адбыўся вялікі інтэрактыўны ўрок праекта, які сабраў больш за 200 школьнікаў з Мінскай, Гродзенскай і Віцебскай абласцей.
Ініцыятарам праекту, які закліканы развіць цікавасць школьнікаў да беларускай мовы, літаратуры і культуры, выступіла кампанія velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі.
Першыя ўрокі «Чытаем па-беларуску з velcom» па спецыяльна распрацаванай праграме прайшлі ў школах і гімназіях Мінска восенню 2015 года. У 2016-2017 гг. праводзіліся заняткі для вучняў 2-3 класаў устаноў адукацыі Гомельскай, Брэсцкай, Гродзенскай, Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай абласцей.
«Для нас было вельмі важна ахапіць праектам «Чытаем па-беларуску з velcom» усю краіну, — распавёў кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый velcom Вячаслаў Смірноў. — Статыстыка ўражвае: каманда праекта праехала 21 000 кіламетраў, каб правесці ўрокі ў 184 школах і гімназіях у 40 населеных пунктах. Ад аграгарадка Квасоўка пад Гродна да Крычава, ад Брагіна да Наваполацка. Фінальны ўрок для малодшых школьнікаў у вядучай ВНУ Беларусі стаў сімвалічным завяршэннем гэтага этапа».
Пра нацыянальную культурную спадчыну школьнікам распавядалі незвычайныя настаўнікі — вядомыя дзеячы культуры, спорту, тэатральнага мастацтва Беларусі. Пастаяннымі настаўнікамі праекта сталі дзіцячыя пісьменнікі Уладзімір Ліпскі, Раіса Баравікова, Алена Масла, Наталля Бучынская, а таксама тэлевядучы Юрый Жыгамонт.
Асаблівасцю ініцыятывы стала правядзенне спецыяльных урокаў для школьнікаў у незвычайных месцах, сярод якіх мінскі парк імя Янкі Купалы, Новы замак у Гродна, Ратуша ў Магілёве, віцебскі тэатр «Лялька», «Барысаў-Арэна» і музей ААТ «Беларуськалій» у Салігорску.
Обсудим?