У Мінску ўспомнілі Багдановіча

 

Да канца года ў сталічным Траецкім прадмесці будзе адноўлены дом, дзе нарадзіўся Максім Багдановіч (09.12.1891—25.05.1917). Пра гэта паведаміў міністр культуры Павел Латушка на мітынгу ў дзень памяці класіка беларускай літаратуры ля помніка паэту ў Мінску.

Паводле яго слоў, згодна з пастановай Савета міністраў «Аб мерапрыемствах, прысвечаных 120-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча» створаны аргкамітэт, прадугледжаны шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку выданне кніг.

Удзельнікі мітынгу сталі сведкамі літаратурна-музычнай імпрэзы «Скрозь памяць далёкіх гадоў...», усклалі кветкі да помніка паэту. У Свята-Петрапаўлаўскім саборы адбылася памінальная служба, а ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча — «Паэтычна-музычная вандроўка ў краіну светлага суму...» — сумесны праект музея і трыа «Вытокі» Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

На здымках:
1 — (злева направа) галоўны дырэктар замежнага вяшчання Беларускага радыё паэт Навум Гальпяровіч, старшыня Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп, Павел Латушка і пісьменнік Анатоль Бутэвіч каля помніка Максіму Багдановічу;
2 — Павел Латушка;
4 — салістка тэатра «Жывое слова» Алеся Сівохіна (з гітарай);
6 — Уладзімір Гілеп і дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская.

Фота БелаПАН