“Тры Жызэлі” на новай сцэне
Дуэт Курэйчык-Гарцуеў не першы раз прадстаўляе беларускаму тэатральнаму гледачу плён сумеснай працы...
Стары Новы год Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі адзначыў аншлагавай прэм’ерай спектакля “Тры Жызэлі”. П’есу вядомага драматурга, сцэнарыста і прадзюсара Андрэя Курэйчыка паставіў вядомы сваімі працамі ў Купалаўскім тэатры рэжысёр Аляксандр Гарцуеў, які летась стаў мастацкім кіраўніком тэатра беларускай драматургіі.
Зрэшты, дуэт Курэйчык-Гарцуеў не першы раз прадстаўляе беларускаму тэатральнаму гледачу плён сумеснай працы. Спектакль па п’есе “Тры Жызэлі” ў 2005 годзе быў пастаўлены Гарцуевым у Новым драматычным тэатры.
Тэатральны крытык Тацяна Арлова ў каментары для Naviny.by адзначыла: “Учора я ўбачыла зусім іншы спектакль. Ён пастаўлены рыжэсёрам Аляксандрам Гарцуевым па-новаму, таму нельга назваць спектакль “Тры Жызэлі” рэжысёрскай пераноскай з адной сцэны на іншую”.
Сам Аляксандр Гарцуеў расказаў, што “у Новым драматычным тэатры гэты спектакль быў на сцэне пяць гадоў — з 2005-га па 2010-ы. Змянілася некалькі складаў артыстаў, што зразумела: жыццё ідзе, усё мяняецца… Калі б ён працягваў ісці ў тым тэатры, я б, канечне, яго не ставіў наноў”.
“П’есу Андрэя Курэйчыка “Тры Жызэлі” для пастаноўкі ў тэатры, які я ня так даўно ўзначаліў, я выбраў таму, што многае зраслося, — удакладніў рэжесёр. — Па-першае, у назве тэатра ёсць ключавыя словы — беларускай драматургіі. Дзейнічае негалосны прыярытэт — ставіць спектаклі паводле твораў сучасных драматургаў. Тэатр і быў створаны не толькі для таго, каб ставіць беларускую класіку, а каб падтрымліваць і развіваць сучасных аўтараў. Таму п’еса Курэйчыка падыходзіла ідэальна. Па-другое, у ёй шмат дзеючых асоб. Такім чынам, калі спектакль грае два склады акцёраў, можна задзейнічаць фактычна ўсю трупу і такім чынам з ёй пазнаёміцца. І па-трэцяе, мне проста вельмі падабаецца гэтая п’еса. Яна вельмі беларуская, вельмі сучасная. Гэта твор пра людзей і для людзей. Ён — пра знаёмае і блізкае мне: усё тое, што адбываецца ў п’есе, я вельмі добра разумею, гэта мяне хвалюе. Я разумею і вясковы побыт, апісаны Курэйчыкам, і гарадскі побыт…”.
Драма “Тры Жызэлі” цягнецца дзьве з паловай гадзіны, трымаючы гледача ў напружанні ўвесь гэты час. Гэта простая і адначасова складаная гісторыя прыгожай і моцнай жанчыны, жыццёвыя этапы якой мудрагеліста сплятаюцца ў адну драматычную гісторыю. Жызэль нарадзілася і вырасла ў Парыжы, але пасля вайны лёс закінуў яе ў беларускую вёску Карзуны. Глядач па чарзе бачыць тры гісторыі: першая адбываецца ў Парыжы ў 1940 годзе, другая паказвае жыццё маладой жанчыны ў Карзунах у 1957 годзе, у трэцяй частцы — сталага веку Жызэль у тых жа Карзунах у 1999 годзе… Драматург Андрэй Курэйчык стварыў п’есу паводле рэальнай гісторыі жыцця Жызэль Купэс.
Жызэль у выкананні Таццяны Мархель
Аб чым марыць маладая Жызэль, захопленая балетам, што адчувае дарослая Жызэль Купэс, адарваная ад Радзімы, аб чым шкадуе (і ці шкадуе?) сталая Жызэлька ў атачэнні сваіх вясковых суседзяў?.. У пастаноўцы Гарцуева ёсць адказы на ўсе гэтыя пытанні. Актрысам, якія выконваюць ролю галоўнай гераіні на розных этапах жыцця (Жызэль асенняя — народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель, Жызэль летнюю сыграла Людміла Сідаркевіч, Жызэль вясеннюю — Вераніка Буслаева) ўдалося перадаць той настрой, той душэўны стан, што апаноўваў галоўную гераіню.
“Я лічу, што “Тры Жызэлі” — гэта спектакль для шырокай аўдыторыі, — дзеліцца Аляксандр Гарцуеў. — Ён будзе цікавы і маладым людзям, і людзям больш сталым. Наагул, я не падзяляў бы аўдыторыю па ўзросце. Гэта пастаноўка для людзей, а якога яны веку, не так істотна. Я думаю, што гэты спектакль аб’яднае розныя сацыяльныя групы, бо спектакль, калі казаць тэатральнай мовай, дэмакратычны, ён пра зразумелыя і важныя для ўсіх каштоўнасці: пра жыццё, пра каханне, пра смерць, пра здраду…”.
Тэатральны крытык Тацяна Арлова падзялілаля з чытачамі Naviny.by сваім меркаваннем: “Я думаю, што спектакль “Тры Жызэлі” — вельмі добры. Гэта годны пачатак Гарцуева ў ролі галоўнага рэжысёра тэатра беларускай драматургіі. Гэтай пастаноўкай ён прамацваў глебу, каб даведацца, на што здольныя акцёры тэатра. Калі ў Новым драматычным тэатры Аляксандр працаваў са змешаным складам выканаўцаў — запрашаў акцёраў з розных тэатраў, то тут яму давялося працаваць з новай трупай. Акцёры тэатра беларускай драматургіі вельмі цікавыя, яны добра ўжыліся ў драматычныя ролі сваіх герояў”.
Таццяна Арлова ўпэўнена, што “гэты спектакль будзе мець поспех у гледача, ён будзе касавым. Людзі, асабліва моладзь, не ўяўляюць, наколькі складанымі былі адносіны савецкіх людзей з замежнікамі. На іх шляху была неверагодная колькасць перашкодаў, сам лёс час ад часу быў такой перашкодай… Гэта быў вельмі складаны перыяд. Нам трэба ведаць свае мінулае дзеля таго, каб цаніць тое, што мы маем зараз. Думаю, менавіта гэта хацелі сказаць гледачу і драматург, і рэжысёр”.
Аб поспеху новай пастаноўкі ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі гаворыць перапоўнены зал падчас прэм’еры, а таксама тое, што на бліжэйшыя спектаклі квіткі ўжо разабраныя.
Обсудим?