Па-над Нёманам загучаў Немэн
У Гродне адбыліся канцэрт і выстава ў гонар славутага земляка...
8 снежня ў Гродне адбыліся дзве вартыя ўвагі падзеі. Землякі Чэслава Немэна здолелі ўбачыць яго ўнікальныя фота, зробленыя жонкай Малгажатай, і пачуць голас дачкі Наталлі. Але, мабыць, яшчэ больш важная падзея адбылася ў жыцці гэтых членаў сям’і знакамітага музыканта.
Канцэрт і выстава прайшлі ў сценах ці не самай прэстыжнай пляцоўкі горада – Гродзенскага абласнога драмтэатра, літаральна з ганку якога адкрываецца прыгожы від на Нёман. Менавіта велічная рака спарадзіла вядомы на ўвесь свет псеўданім, які стаў прозвішчам для сваякоў музыканта.
Раней Малгажата Немэн бывала на Нёмане толькі аднойчы, разам з мужам, які ў 1979 годзе ў апошні раз ненадоўга вярнуўся ў Беларусь – на піку папулярнасці, з аншлагавымі гастролямі. У вандроўку ў родную вёску Старыя Васілішкі ён тады жонку не ўзяў — надта шмат асабістых успамінаў… А вось у Гродне, дзе юны Чэсік Выдрыцкі цэлы год вучыўся на музыканта – пакуль яго не выключылі з вучэльні за непаспяховасць, — пані Малгажата пабывала. Трохгадовую Наталлю тады пакінулі дома, і ўпершыню яна ўбачыла Нёман толькі ўчора. Прыблізна з тых ракурсаў, што ў свой час ейны бацька.
Ініцыятарам імпрэзы стала Генеральнае консульства Рэспублікі Польшча ў Гродне і непасрэдна яго супрацоўнік, консул Веслаў Раманоўскі.
-- Я даведаўся пра тое, што ў пані Наталлі з’явілася новая праграма, складзеная з твораў бацькі, — распавёў дыпламат карэспандэнту Naviny.by. — І падумаў, што самае лепшае месца для яе паказу – гэта менавіта Гродна, горад па-над Нёманам. Патэлефанаваў спявачцы, і яна ахвотна пагадзілася. Так атрымалася гэтае сентыментальнае перадкаляднае падарожжа. Увогуле, Чэслаў Немэн – гэта ўражвальная і павучальная гісторыя хлопца з маленькай вёскі, які стаў вялікім артыстам.
Зала драмтэатра была поўная. Апрача гродзенцаў, канцэрт наведала і прадстаўнічая дэлегацыя “неманазнаўцаў” з Мінска. Трохсоткіламетровая адлегласць і халоднае надвор’е не сталі для іх перашкодай.
-- Чаму я сюды прыехала? – са здзіўленнем перапытвае літаратарка Вера Савіна, якая ўжо некалькі дзесяцігоддзяў замаймаецца папулярызацыяй постаці Чэслава Немэна на Беларусі. — Бо сёння адбылася папраўдзе выключная падзея: непасрэдныя сувязі Беларусі з сям’ёй вялікага музыканта аднавіліся пасля больш як трыццацігадовага перапынку. Вяртанне – гэта заўсёды кранальна, асабліва калі гутарка вядзецца пра сваякоў чалавека, які ўсё жыццё любіў сваю радзіму.
Святло ў зале гасне, на сцэне з’яўляюцца музыканты… І публіка неўзабаве атрымлівае поўны “разрыў шаблону”. Замест настальгічных перапеваў хітоў з абоймы “the best” (а варта прызнацца, што мала хто разлічваў на большае), яе чакае дзве гадзіны складаных фактураў імпульсіўнага прагрэсіў-рока і неўтаймоўных вакальных імправізацый. Гэта і нядзіўна – праграма называецца “Немэн, якога вы не ведаеце”. Выконваўся матэрыял з апошніх, самых шчырых і нон-канфармісцкіх плытак рок-легенды, якія ў свой час падаліся крытыкам і слухачам “занадта складанымі”. Ну а “Дзіўны свет” прагучаў ужо хіба ў якасці дэсерту…
Кожны з пяці музыкаў калектыву Наталлі Немэн не проста віртуозна валодае сваім інструментам, але і не баіцца выяўляць уласную асабовасць. Сама спявачка таксама пераўтварае свой выдатны голас у магутны музычны інструмент, арганічна спалучаючы ўсе магчымыя манеры вакалу – ад оперы да джазу. Яна паўтарае бацьку толькі ў адным – несупыннай схільнасці да эксперыментаў і пранізлівай пачуццёвасці выканання.
-- Так, мяне часта папракаюць у гэтым эксперыментатарстве, хтосьці нават лічыць яго нечым блюзнерскім, — прызнаецца Наталля.
Наталля Немэн на сцэне Гродзенскага драмтэатра
Наталля Немэн займаецца спевамі ці не ўсё жыццё, але дасюль яе вядомасць абмяжоўвалася хіба пратэстанцкай сцэнай Польшчы. Хочацца верыць, новая праграма неўзабаве зменіць гэты несправядлівы статус-кво.
-- Вось сапраўды той выпадак, калі прымаўка “На дзецях геніяў прырода адпачывае” дае выразны збой, — дзеліцца ўражаннямі ад канцэрта Вера Савіна. – Музычны свет дачкі Чэслава Немэна таксама вельмі дзіўны і яркі, але ўжо зусім па-іншаму, па-свойму.
Фотавыстаўка з красамоўнай назвай “Чэслаў Немэн у аб’ектыве жонкі” выяўляе яшчэ адзін погляд на легенду – і таксама зусім не афіцыйна-банальны.
-- Мне хацелася паказаць свайго мужа не толькі як разнабаковы музычны феномен, але і як мужчыну, які ўмее забіць цвік альбо выканаць якую іншую гаспадарчую справу, — распавядае пані Малгажата Немэн. – Некаторыя здымкі рабіліся ў нашай кватэрцы плошчай усяго ў 24 метры, дзе мы жылі ўчатырох. Але, як вы самі можаце бачыць, былі шчаслівыя…
На вялікі жаль, гэтая магчымасць пазнаёміцца з новымі вымярэннямі музычнай легенды для суайчыннікаў была папраўдзе унікальнай — працягу праекта ў іншых гарадах Беларусі пакуль не плануецца. Хаця нагода ўспомніць добрым словам пра свайго земляка ў нас надарыцца ўжо зусім хутка: 16 лютага наступнага года прыпадаюць 75-я ўгодкі з дня яго нараджэння.
Ужо вядома, што гэтаму юбілею будзе прысвечаны чарговы “трыб’ют” Немэну ад куратарскай групы фестывалю “Дах”. Звыклых кавер-версій у яго праграме не будзе: па традыцыі, фэст збярэ самыя нетрадыцыйныя творчыя сілы Беларусі.
-- Ніякай другаснасці, ніякіх паўтораў! Наш зямляк Чэслаў Немэн у свой час быў адным з самых наватарскіх музыкантаў свету, ён меў свой уласны погляд на творчасць, і менавіта гэтыя якасці мы хацелі б культываваць сярод нашых сённяшніх землякоў, — патлумачыў сваю пазіцыю каардынатар праекта Зміцер Юркевіч.
Ці будуць на Беларусі нейкія альтэрнатыўныя (дакладней, больш звыклыя) падыходы да святкавання юбілея Немэна, сказаць пакуль цяжка: дзяржаўныя ўстановы культуры не спяшаюцца анансаваць свае планы на гэты конт. Ды і ў паталагічна рэдкіх кавярнях горада па-над Нёманам сёння гучыць зусім іншая музыка.
Обсудим?