Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Алёна Германовіч. КАНСТАТАЦЫЯ КАНСТЫТУЦЫІ. Пра прарабаў і рабоў

 

Алена Германович

Алена Германовіч. Нарадзілася днём 23 сакавіка 1978 года. Праз месяц, у тры гадзіны ночы, мяне ў беспрытомным стане па прычыне немаўляцкага ўзросту і ў строгай сакрэтнасці ахрысцілі. Хроснымі выступілі член Камуністычнай партыі, дырэктар школы і першы сакратар райкама камсамола, што і вызначыла маю будучыню. Не, я не стала камуністам — партыя развалілася, не стала святаром — па прычыне іншага полу. Але люблю тэатр, экстрым і літаратуру. А, вось яшчэ — я ўласны карэспандэнт БелаПАН па Гомельскай вобласці.

Я прынесла вам добрую вестку. Я спазнала праўду, і праўда зрабіла мяне свабоднай! У артыкуле 3 Канстытуцыі РБ напісана, што «адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца народ». Як гэта, у нашых-то шыротах, га?

Здавалася, што крыніца ўлады і сама ўлада — гэта пузатыя дзядзькі ў гальштуках і цёткі з «хіміяй» на галаве, якія ходзяць туды-сюды ў тэлевізары і ўсё рэжуць чырвоныя стужкі на шматкі на розных аб'ектах. Бадзёры голас за кадрам тлумачыць, што аб'екты тыя, пабудаваныя за нашы грошы, насамрэч «чарговы падарунак ад уладаў насельніцтву да Дня перамогі (Кастрычніцкай рэвалюцыі, незалежнасці етс)».

Аказалася (прынамсі, для мяне), што ўсё-такі носьбіт улады і крыніца суверэнітэту (ці наадварот) — народ. Просты народ. Тых начальнікаў я ніколі ў вочы не бачу. Хто яны, што яны, дзе яны — я не ведаю. Навошта яны мне? Хай рэжуць па тэлевізары чырвоныя стужкі, падымаючы высока ў гару шматкі кумачу.

А вось сапраўдныя носьбіты ці крыніцы ўлады ўнадзіліся хадзіць да мяне ў кватэру штодзень. Справа была так. Тут у нас капрамонт, такія справы. Калі ён пачаўся, мы зразумелі, хто тут галоўны. Прараб. І прычым тых прарабаў вельмі шмат. Розных — па газу, па вадзе, па ацяпленню, па каналізацыі. Вельмі шмат розных прарабаў. Як кажуць, на аднаго раба — тры прараба.

Справа была так. Неяк у кватэру раніцай уварваліся нейкія дзядзькі, якія не стукаліся, не віталіся, зайшлі, як да сябе дахаты. Напэўна, так яно і ёсць. Дарма я думала, што калі я набыла кватэру ў прыватную ўласнасць, за свае грошы, то гэта як быццам стала «мой дом — мая крэпасць», дзе я магу схавацца ад Дзяржавы і яе носьбітаў і крыніц і перасядзець там, пакутліва разважаючы над лёсам сусвету, да лепшых дзён. Не тут-то было.

Зайшлі нейкія пахмурныя і злосныя дзядзькі, пайшлі проста на кухню, нічога не кажучы, на пытанні не адказваючы, моўчкі адрэзалі газ і моўчкі пайшлі. На ўсе мае «Э, калі ласка, шаноўныя, што такое? Дзе газ? Што вы робіце?» яны не адказвалі, скасавурыліся злосна і буркнулі: «Адкуль мы ведаем? Што вы ў нас пытаецеся?» Прычым казалі так пакрыўджана, як быццам сваімі пытаннямі я іх абразіла. Параілі пытацца ў прараба. Дзе яго шукаць? «Чорт яго ведае». Натуральна. Я так і ведала, што ўся ўлада — ад чорта, адмыслова, каб нам псаваць жыццё.

Сустрэты прараб на пытанне «Калі будзе газ?» заўсміхаўся неяк злавесна і сказаў, што не ведае, і хто ведае, невядома. І заўтра, і паслязаўтра не было ні газу, ні рабочых, ні прараба. На трэці дзень у хату зранку ўвалілася дэлегацыя нейкіх мужычкоў у куртачках з надпісам нешта пра газ. Яны (іх было шэсць чалавек), зноў жа моўчкі, прайшлі на кухню, селі на табурэткі вакол пліты і доўга-доўга, пільна-пільна глядзелі на яе. Прычым маўчалі і толькі ківалі нешта адзін аднаму. Што яны там бачылі, на той пліце?

Я ціха і рахмана зайшла на дыбачках на кухню і запыталася шэптам: «Нешта не так? Нешта здарылася? Калі будзе газ?». Яны чагосьці раззлаваліся, плюнулі на падлогу, коратка кінулі адно слова з ненарматыўнай экспрэсіўнай лексікі і пайшлі. Мне стала сорамна і прыкра. Відаць, я іх раззлавала. Яны праводзілі нейкі спецыфічны абрад перад плітой, а я ўварвалася на кухню знянацку і парушыла іх фэншуй. Хоць бы яны вярнуліся, хоць бы праз тыдзень! Так хочацца, каб у кватэры быў газ. Так нязручна без яго. Буду маўчаць. Абы толькі яны вярнуліся і вярнулі газ.

Відаць, нехта пачуў маю малітву, бо праз дзесяць хвілін у хату зноў зайшлі мужычкі ў куртках з надпісам пра газ. Але зусім іншыя, не тыя, што былі. Яны таксама прайшлі на кухню, селі вакол пліты і доўга на яе глядзелі. Я, навучаная тым вопытам, не стала лезці з дурнымі пытаннямі, не парушала іх рытуал. Яны пасядзелі, вылаяліся, ды і пайшлі. Газ не падключалі. Тыдзень нікога не было, потым з'явіўся адзін чалавек і ўключыў газ, урэзаўшы нейкія трубы.

Скаргі ў вышэйстаячыя інстанцыі? Пошукі прараба? ЖЭК, ЖЭС, КЖРЭУП? Ніхто нічога не ведаў.

Неяк у суботу раніцай у кватэру ўскочылі іншыя рабочыя, разам з прарабам. Не паспелі адчыніць ім дзверы, як яны заскочылі ў, прабачце, прыбіральню, выдралі з карэннем унітаз і тут жа ліхаманкава зніклі. Я дагнала іх на вуліцы з роспачным пытаннем: «Калі будзе вада?». «У панядзелак!» -- злосна буркнулі яны і некуды панесліся, і я за імі (брашу, не за імі, а ў пошуках грамадскай прыбіральні).

У панядзелак не было ні рабочых, нікога. Сустрэты прараб на пытанне «Калі ўжо будзе вада?» адказаў так: «Якая вада? Каму? Вам? Вам не будзе вады, бо ў вас прыватызаваная кватэра. Вам трэба ісці ў ЖЭК (КЖРЭУП, ЖЭС), заключаць дамову, на тым тыдні, узгадніць яе (ва ўсіх інстанцыях), і тады мы вам падключым ваду». «Але ж вашы рабочыя абяцалі ў панядзелак!». «Хто, якія рабочыя, я тут начальнік!».

Ён так задаволена і пераможна ўсміхаўся, што мне стала млосна. Мы вырашылі перахітрыць прараба, знайшлі іншых рабочых, платных, яны прыйшлі і «ўрэзалі» нам тыя трубы. Мы святкавалі перамогу над прарабам і здаваліся самі сабе хітрымі і разумнымі.

Але прараба, як носьбіта суверэнітэту і крыніцу ўлады, перамагчы немагчыма. Бо праз тыдзень ён уваліўся ў хату з нейкай цёткай, моўчкі нешта мералі лінейкамі па прыбіральні і моўчкі шпурнулі нам дамову на подпіс.

«Што гэта?» -- «Дамова! За тое, што мы вам урэзалі трубы!» -- «Прабачце, але вы нам не ўразалі трубы, гэта рабілі іншыя людзі, за грошы, за нашы грошы, вы тут пры чым?» Прараб злавесна заўсміхаўся: «Якія-такія іншыя людзі? Гэта былі нашы людзі, мае сантэхнікі, і нічога вы ім не плацілі! Як гэта я не пры чым? Я тут пры ўсім! Акрамя маіх людзей, ніхто не меў права ўразаць вам трубы, вось дамова, атрымайце і распішыцеся!».

Мы заўпарціліся. Прараб злосна шпурнуў нам дамову і пайшоў.

Ён пайшоў да суседзяў. Суседзі казалі, што ён ім «рукі выкручваў», каб толькі дамовы падпісалі. Суседка казала, што ён ёй пагражаў, маўляў, не падпішаш дамову, «я на цябе тваіх жа суседзяў натраўлю, ва ўсяго пад'езда ваду адрэжу на месяц і скажу, што гэта з-за цябе». А яшчэ ён казаў суседзям, што мы подлыя людзі. Што, маўляў, ён нам падключаў ваду, а мы яго падманулі і грошы не заплацілі, і зараз ён са сваёй кішэні будзе плаціць за наш рамонт.

Астатнія падрабязнасці засталіся ў архіве маёй памяці. Як нам выразалі што-небудзь, не пытаючыся ў нас, а потым «выкручвалі рукі», каб мы заплацілі, а яны вярнулі гэта назад. Як хата за месяц ператварылася з крэпасці ў раскіданае гняздо, у якім немагчыма было ні жыць, ні схавацца ні ад улады, ні ад яе носьбітаў. Як пісалі скаргі ў інстанцыі, а прараб смяяўся і казаў: «Ну, зараз будзеце за мной да снежня бегаць, я вам пакажу, я вам дам!».

Я прапаноўвала вайну ў адкрытую і байкот прарабам. А суседзі з жахам шапталі, што з прарабам сварыцца — ні-ні! Бо, маўляў, яшчэ ж прыбіральні не закладзены цэглай, і ён можа там недзе ў сцяне замураваць тухлае яйка, ці дохлага пацука, і мы ад смуроду вымрэм, як маманты. Ці ртуць падкіне. Ці засуне што ў каналізацыю, і, і, і... Страшна нават думаць. Суседзі шапталі, што ёсць шмат метадаў вывесці нас з сябе, ці вытруціць, як прусакоў, і усе гэтыя метады — ва ўладзе таго прараба, крыніцы ўлады.

P.S. Усё маё апавяданне — мастацкая выдумка, ад першага да апошняга слова. Нават прозвішча тут не маё, несапраўднае, а фатаграфія зроблена ў фоташопе, такога чалавека не існуе. І прарабаў такіх таксама не існуе. Тыя прарабы, якіх я ведаю — спрэс інтэлігентныя, выхаваныя і прыстойныя людзі, добразычлівыя, ветлівыя і чулыя.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Средний балл - 4.64 (всего оценок: 22)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • Здесь похоже поставщики всё вовремя поставили и времени никто не терял и отношение то же самое к нам как к "народу для власти" и исполнители не обременённые пролетарской солидарностью: "Дело — труба, или Потемкинские фасады капитального ремонта" https://naviny.by/rubrics/society/2013/04/06/ic_articles_116_181373/
  • ))) Як былы прараб, і кантралёр прарабаў адзначу, што будаўніцтва самая непрадказалная галіна эканомікі краіны. Гэта не завадскі цэх, або сфэры абслугоўвання ды транспарту. Таму адносіны заказчыка-падрадчыка заўсёды выходзяць за рамкі дамовы. Тут і надвор"е, і пастаўшчыкі, і ўдзесяцёра нормаў у параўнанні з астатнімі, і праектыроўшчыкі, і як бы саюзнікі-падрадчыкі, і, канешне ж, заказчыкі Тое, што аўтар распавёў канешне ж магло мець месца. Больш таго, хутчэй магло, чым не магло. Але чаму так? Адказ на паверхні.) "Вас многа, а я адная". У дадзеным выпадку многа розных заказчыкаў. Нашмат болей хоць і некалькіх прарабаў па розных, спецыялізаваных работах. Я думаю, што і самая гаспадыня звярталася па падключэнню вады менавіта да сантэхнікаў, а не газавікоў. Бо для яе гэта важна. Таксама змарнавала трохі часу, але знайшла менавіта сантэхнікаў. А колькі часу губляе кожны прараб адшукваючы жыхароў кватэры № 69 з гаспадаркай кватэры №96 над вухам нікога не цікавіць. Хоць патрэбны абодва, бо сістэма та агульная, адная.) Можаце сабе ўявіць, колькі нэрваў гублялі мае калегі і я, калі мы мелі на аб"екце толькі аднаго заказчыка, які дазваляў сабе такія вольнасьці, як і па году не сплочваць не проста за выкананыя работы, а ўжо, нават, за здадзены і эксплуатуемы аб"ект. Уяўляеце сабе вытворчасць ужо дае заказчыку прыбытак, а ён яшчэ і паловы за яго будаўніцтва не сплаціў? Пры гэтым матэрыялы сваех блатных навязваў, дрэнныя, але з якіх трэба было бесплатна цукеркі зрабіць? Такшта розніца ўсяго толькі ў тым на якім баку та самая савецкая прадаўшчыца:"я адная, а вас многа", а на якім натоўп узлаваных. На якім індпашыў, а на якім шырпатрэб.
  • И я - пережила это. Капремонт! А, прикиньте - при этом, мой папа болел!!!!! Ни хрена они не сделали!!! Только, шуму много было! итоге- квартира, как была убитою, такой она и осталась. А уж нашумели тут! Натоптали!!!!!
  • А, собственно, не вижу повода - до последних абзацев - не поверить в такие мистерии нашей жизни. "Сказка - ложь..." Алёна - молодец!