"Джынсавы фэст": і смех, і грэх

Мілінкевіч назваў Белавежскую пушчу плошчай і папрасіў прабачэння за тое, што дэмакратычная кааліцыя дзейнічае...

 

Арганізатары "Джынсавага фэсту" заклікалі народ прыходзіць на яе 16 верасня не ў 14.30 да кінатэатра "Кастрычнік", як меркавалася спачатку, а адразу на плошчу Бангалор а 16-й гадзіне. Аднак каля кінатэатра ўсе ж такі збіраліся людзі — ці то па прычыне абвостранага свабодалюбства, ці то таму, што не чулі апошніх звестак аб дазволеным Мінгарвыканкамам фармаце фэсту, ці то таму, што хацелі проста паглядзець на тых, хто не чуў гэтай самай апошняй інфармацыі, ды на тое, што будзе рабіць з такімі міліцыя.

Усе ўваходы і выхады станцыі метро "Акадэмія Навук" былі па тэхнічных прычынах зачыненыя і агароджаныя спецыяльнай стужкай. Атмасфера недаверу і небяспекі была каля кінатэатра: з апаскай разглядалі адзін аднаго людзі, нешта ціха абмяркоўвалі невялікія купкі моладзі. У 14.45 на пляцоўцы каля "Кастрычніка" было не болей за сотню чалавек, і нельга было ўпэўнена казаць, што яны робяць тут: збіраюцца ісці на прэм’еру "Парфумера", што пачнецца ў 15.20, ці на "Джынсавы фэст". А мо нехта з іх быў спецслужбістам у цывільным. Дарэчы, 16 верасня ў джынсы былі апранутыя многія, нават людзі з рацыямі.

Гэтую сапраўды напружаную атмасферу адчувалі нават тыя, хто ішоў па праспекце зусім не ў "джынсавым" настроі: людзі занепакоена пыталіся пра тое, што здарылася. Менавіта прыстутнасць міліцыі, а не малы натоўп каля "Кастрычніка" выклікала ў людзей хваляванні ды пытанні.

"Мы ідзём на свята!" — радасна крычаў хлопчык, шпацыруючы па вуліцы Сурганава, у мабільны тэлефон. З розных бакоў людзі падыходзілі да парка Дружбы народаў на плошчы Бангалор — і ў 16 гадзін тут ужо было прыкладна дзве тысячы чалавек. Арганізатары мерапрыемства скотчам прыклеілі да слупоў вялікія мяшкі для смецця, паставілі некалькі біятуалетаў, папярэдзілі, што "алкаголь тут не п’юць, і піва таксама", — здавалася, рабілася ўсе, каб удзельнікаў мерапрыемства не папракалі ў невыхаванасці.

Сама сцэна выглядала не так, як на папярэдніх канцэртах: замест банэраў "За свабоду" — цемна-сіняя заслона і чатыры вялікія партрэты на ім: Захаранкі, Красоўскіага, Ганчара, Завадскага. Над сцэнай — тры сцягі Мінска і адзін з эмблемай Еўрасаюзу. Бел-чырвона белыя сцягі ўздымаць было нельга, але не-не ды і з’яўляліся яны над галавамі ўдзельнікаў фэсту. Шмат чырвонага і белага было ў дэталях вопратцы: стужкі, бранзалеты, нашыўкі, парасоны...

За некалькі дзён да фэсту арганізатары гаварылі, што канцэрт на плошчы Бангалор будзе незвычайным, што будзе шмат сюрпрызаў. Здзівіць слухачоў атрымалася зменай музычнага фармату: замест року першыя дзве гадзіны гучалі запісы ў стылі фанкі, а пераход ад фанкі да року ажыццявіў вядомы ды-джэй Laurel. Канечне, гэта было весела і пазітыўна, але трохі ніякавата: навошта, калі людзі прыйшлі сюды таньчыць і смяяцца, на сцэне вісяць чатыры партрэты зніклых людзей, тых, каго, верагодна, ужо няма сярод жывых?

А калі людзі прыйшлі, каб згадаць аб зніклых і падтрымаць палітзняволеных, то ці дарэчы тут заляцанні да дзяўчат (з боку вядучага) і да хлопцаў (з боку вядучай), дыскатэчныя песні кшталту "Come on, baby, light my fire" (менавіта гэта гучала перад выхадам на сцэну Аляксандра Мілінкевіча і Іны Кулей)? Здавалася, што тут спрабавалі сумясціць несумяшчальнае — жалобу і танцы, сум і смех, воклічы "Дзевачкі, я не віжу вашы рукі" і "Жыве Беларусь". Побач са мною ў натоўпе — дзяўчына, што стаіць моўчкі, у цемных акулярах, з-пад якіх коцяцца кропелькі слёз, і хлопчык з іракезам, які перакідваецца словамі з сябрамі і падтрымлівае выступоўцаў ускідваннем рук і крыкамі.

 

Разнастайныя адносіны да гэтага мерапрыемства былі і сярод выступоўцаў. Юры Хашчавацкі ўзгадаў сваю размову з Алесем Адамовічам: калісьці пісьменнік падзяліўся сваей думкай, што Маісею на самой справе было дадзена 11 запаветаў, але той запомніў толькі 10. Адзінаццатай была запаведзь "Не бойся".

Удзельнікі "Вольнага тэатру" зачытвалі са сцэны ўспаміны тых, хто абараняў намётавы гарадок на Кастрычніцкай плошчы і потым правялі тыдзень ці болей у камерах на Акрэсціна. Ірына Халіп, як заўсёды, рэзка кінула ў бок уладаў: "Сёння я магу казаць ад імя ўсіх маіх калегаў, якія пазбаўленыя працы, якія былі пазбаўленыя волі, якія вымушаны былі эміграваць і змяніць прафесію: гэты рэжым знішчыў свабоду, а мы з вамі знішчым гэты рэжым. Мы пахаваем яго тут, на Бангалоры, таму што нават места на могілках ен не заслугоўвае".

 

Аляксандр Мілінкевіч, відаць, з-за хвалявання назваў Белавежскую пушчу плошчай і папрасіў прабачэння за тое, што дэмакратычная кааліцыя дзейнічае не вельмі актыўна і не апраўдвае давер, які аказаны ёй народам.

Нельга казаць, што ўсе гаварылі адно і тое ж — наадварот, у кожнага быў нейкі свой мэсідж, свая тэма, свой акцэнт. Але пераважная большацсь палітыкаў гаварыла тое ж, што гаварыла раней. І прабачэнне, якога прасіў Мілінкевіч, было вельмі дарэчы.

Мітынг працягваўся прыкладна дзве гадзіны, і пры канцы вядучыя супакойвалі ўдзельнікаў: "Зараз, зараз будзе канцэрт, яшчэ пара хвілінак — і пачнем!". Было бачна, што выступлення актывістаў апазіцыйнага руху стамілі і тых, хто прыйшоў сюды за музыкай і добрым настроем, і тых, хто прыйшоў менавіта каб даведацца пра тое, якія ў апазіцыі планы на будучыню і ў якім кірунку яна будзе дзейнічаць далей (дарэчы, нічога канкрэтнага тыя так і не пачулі).

Канцэрт, якога чакала, здавалася, большасць, працягваўся не болей за 40 хвілін: паспелі выступіць "Парасон", "Чырвоным па беламу" і "Крама", якую спынілі на паўслове. Знікла электрычнасць. Прыкладна праз паўгадзіны са сцэны праз мегафон абвесцілі: "Здарылася тое, чаго чакалі яшчэ ў 18 гадзін". Да публікі выйшлі тыя, хто выступіць не паспеў, і "Таварыш Маўзэр" прачыталі ўрывак адной са сваіх песен. Канцэрт скончылі, і публіка пачала разыходзіцца пад імправізаванае піратэхнічнае відовішча: над плошчай Бангалор нехта запусціў салют.

Некалькі соцень чалавек на заклік Мілінкевіча пайшлі на Кастрычніцкую плошчу, каб працягнуць акцыю салідарнасці там: яны сталі ланцугом, запалілі свечкі, склалі рукі за галавой. Але міліцыя хутка выцясніла іх з плошчы...