Краязнаўца Алесь Белакоз і музыка Лявон Вольскі атрымалі прэмію “За свабоду думкі”
19 чэрвеня на радзіме Васіля Быкава ў вёсцы Бычкі ва Ўшацкім раёне адбылося ўручэнне прэміі “За свабоду думкі”, заснаванай кіраўніком руху “За Свабоду” Аляксандрам Мілінкевічам. Прэмію атрымалі ў гэтым годзе рок-музыка Лявон Вольскі і краязнаўца Алесь Белакоз, стваральнік яшчэ за савецкім часам унікальнага этнаграфічнага музея ў Гудзевічах Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці.
Сёлетніх лаўрэатаў абралі ўладальнікі прэміі мінулых гадоў: імі станавіліся літаратары Рыгор Барадулін, Уладзімір Арлоў, палітык-літаратар Павел Севярынец, затым мастак Алесь Пушкін, краязнаўца Ада Райчонак, палітык-паэт Уладзімір Някляеў.
На імпрэзе, якая прайшла каля дома-музея Васіля Быкава, змог прысутнічаць толькі Алесь Белакоз. Лявон Вольскі цяпер па-за межамі Беларусі, але ён перадаў словы падзякі і падзяліўся пачуццём усцешанасці апынуцца ў шэрагу ўганараваных прэміяй вядомых беларусаў, паведаміў Аляксандр Мілінкевіч.
Алеся Мікалаевіча Белакоза палітык назваў “хросным бацькам Адраджэння на Гродзеншчыне”. Сам жа лаўрэат сціпла назваў сябе “звычайным настаўнікам, які зрабіў справу, якуб быў абавязаны рабіць”.
Прэмія “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава заснаваная лідарам руху “За Свабоду” Аляксандрам Мілінкевічам у 2008 годзе. Прызначэннем прэміі з’яўляецца ўслаўленне моцы думкі і духу, плённай працы на ніве беларушчыны.
Обсудим?