Алесь Лагвінец: я гатовы быць лідарам руху “За Свабоду”
Раней пра абміцыі стаць старшынём руху таксама заявіў Юрась Губарэвіч.
Намеснік старшыні руху “За свабоду” Алесь Лагвінец заявіў, што гатовы стаць лідарам арганізацы і кандыдатам нумар адзін на бліжэйшых выбарчых кампаніях.
Алесь Лагвінец нарадзіўся ў 1972 годзе. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці міжнародныя адносіны (1995), магістратуру ва ўніверсітэце Рабэра Шумана ў Францыі (1999), польскую дыпламатычную акадэмію (2005). Працаваў перакладчыкам у Еўрапарламенце (валодае англійскай, французскай і польскай мовамі), выкладчыкам у ЕГУ. У межах “Беларускага калегіюму” выкладае курс аб інтэграцыйных працэсах і інстытуцыях ЕС. З 2012 года з’яўляецца намеснікам старшыні руху “За свабоду”. Жанаты, мае двух дзяцей. |
Падчас парламенцкіх выбараў яго не зарэгістравалі ў якасці кандыдата на Сухараўскай акрузе, аднак ён быў актыўным назіральнікам на участку, які ўзначальваў вядомы бізнэсмэн Павел Тапузідзіс.
“Я добра адчуваю настроі людзей і раблю тое, у што веру. Я шчыры і сумленны чалавек, здольны актыўна і адкрыта весці грамадска-палітычную дзейнасць без штучнасці і камбінавання. Маю адпаведную адукацыю, прафесійныя дасягненні і ведаю еўрапейскія мовы, — пералічвае свае перавагі Лагвінец. Зараз ён займае ў руху пасаду намесніка старшыні. — Я ганаруся тым, што сотні маіх студэнтаў удзячныя мне за атрыманыя веды і навыкі, таму буду вылучаць сваю кандыдатуру на пасаду старшыні руху “За Свабоду”.
Ён лічыць, што пры існуючай выбарчай сістэме варта праводзіць актыўную кампанію, але гуляць па сваіх правілах — выкарыстоўваць выбары як спосаб камунікацыі з людзьмі, аднак у выпадку грубага парушэння закону з боку ЦВК заклікаць выбарцаў да байкоту.
“У буйных гарадах людзі не вераць у выбары, таму заклікаць іх прыходзіць на участкі — працаваць ва ўрон сабе. На сёння можна канстатаваць, што ў нас абсалютна непразрыстая сістэма падліку. Па нашай Сухараўскай акрузе 75% выбаршчыкаў наогул не прыйшлі галасаваць. Яўка ў пратаколах напампаваная, выбары ў Сухарава насамрэч не адбыліся”, — адзначае Лагвінец.
Яшчэ адна праблема, на якую ён звяртае ўвагу — у Беларусі няма агульнага рэестру выбарцаў. Такім чынам, у назіральнікаў няма доступу да спісу выбарцаў, што стварае ўмовы для так званых “каруселяў”.
“Няма такогу доступу і ў членаў камісій, — кажа Алесь Лагвінец. — Гэта пацверджваюць нашыя паплечнікі, якія уваходзілі ў склад выбарчых камісіяў”.
Палітык плануе і надалей актыўна ўдзельнічаць у выбарчых кампаніях, але найперш стаць старшынём руху. Галасаванне па гэтым пытанні адбудзецца 16 кастрычніка. Вядома, што на гэту пасаду таксама будзе вылучацца Юрась Губарэвіч, які на сёння з’яўляецца першым намеснікам старшыні.
Лідарам арганізацыі ад моманту яе заснавання ў 2006 годзе з’яўляецца былы кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч.
Обсудим?