Там, дзе гарыць купальскае кола

У адным з медзвядзёвых кутоў краіны этнографы штогод ладзяць свята беларускай культуры так, як гэта рабілі нашы продкі...

Калі самае высокае сонца і самая кароткая чэрвеньская ноч, людзі здаўна святкуюць Купалле. Гэта пазней да паганскага свята далучылі дзень Іана Хрэсціцеля і перанеслі яго на ноч з 6 на 7 ліпеня.

Для людзей, што імкнуцца як мага болей набліжыцца да традыцыі і культурнай спадчыны нашых дзядоў, Купалле — адна з асноўных падзей года. Тут няма шашлыкоў і дыскатэкі ля вогнішча, а кожная падзея мае сакральны сэнс.

Студэнтскае этнаграфічнае таварыства абрала месца для Купалля невыпадкова — раней на востраве пасярод возера пад Ушачамі было паганскае капішча, дзе людзі здаўна праводзілі розныя абрады. А нашыя продкі ведалі, дзе такое месца мае быць, таму і абралі адзін з самых маляўнічых кутоў Беларусі.

На востраў трэба дабірацца на чоўне. Кажуць, што раней да яго хадзілі па падводнай дарозе, нібы есць сцежка, якая дазваляе з самага берагу трапіць на месца свята толькі крыху намачыўшы ногі. Нажаль, дзе тая сцежка, ўжо ніхто не ведае.

Абрадавае дзеянне пачынаецца з таго, што жанчыны і дзяўчаты топчуць траву. Гэта не мітусня пасярод луга, а адмысловая традыцыя: удзельніцы абраду ходзяць па коле і пакрысе пашыраюць яго (мо такія кругі на палях і выклікаюць пасля пытанні ў навукоўцаў :).

Купальскіх песен у Беларусі безліч. Але і ў этнографаў ёсць улюбёныя ці так мовіць папулярныя. Канешне, “Купалінка, цёмная ночка” не з іх шэрагу, бо багата іншых, а гэтую і так ўсе ведаюць. І так амаль цэлы дзень павольныя народныя песні плывуць над востравам, возерам і наваколлем. Песні не доўгія, але з сюжэтам і вобразнасцю.

Вось прыклад цэлай гісторыі пра тое, ях хлопец хітрасцю забраў сабе дзеўку.

Чырвоная ружа,
Ня стой пры дарозе,
Ня стой пры шырокай.
Хто йдзе — той ружу рве.
Хлопцы ў карманочкі,
Дзяўчаты ў вяночкі,
У Кузьмовым дварочку
Ўсе дзеўкі ў радочку,
Адной ружы нету.
Кліча маці дочку,
Кліча, навучае:
“Ня стой ты зь Іванам,
Ён цябе абмане”.
Іван здагадаўся,
Узяў ды прыбраўся
У белае белле,
Дзявоча адзенне.
“Што то за падружка,
Цісьне маю ручку,
Пальчыкі ламае,
Пярсьцёнкі зрывае,
Топча маю ножку?”
Ня жджы, маці, дочку,
Ня жджы ў вяночку,
А жджы ў платочку,
Ня жджы зь белым сырам,
А жджы з малым сынам.
У Кузьмовым дварочку.

Пасля таго, як пляцоўка для вогнішча гатовая, дзяўчаты прымаюцца збіраць май — гэта зеляніна і кветкі, якімі пасля ўпрыгожваюць браму, слуп з колам, робяць хвост Купалцы і плятуць вяночкі.

Пакуль дзяўчаты занятыя сваёй справай, хлопцы ладзяць купальскую браму, слуп з колам, складаюць вогнішча. Гэта справа няпростая, таму і займае ў іх амаль увесь вольны час.

Праз браму, якую таксама ўпрыгожваюць маем, праходзяць усе удзельнікі свята. Тут таксама ёсць адпаведная паслядоўнасць: спачатку наземужнія дзяўчаты з Купалкай, пасля няжанатыя хлопцы, а за імі пары. Ля брамы з рушніком і чыстай вадой іх сустракаюць тыя, хто першы год у шлюбе, даюць умыцца вадой і абцерціся рушніком.

Купалку лёгка знайсці сярод астатніх дзяўчат, яна прымае ўдзел у абрадзе ў адной кашулі. Кажуць, раней Купалка была зусім без адзення, але этнографы вырашылі захаваць традыцыю ў крыху больш прыстойным выглядзе.

Дзявочая працэсія абыходзіць вогнішча, пакідая вянок Купалкі і яе хвост з кветак на дровах.

Астатнія ж становяцца ў карагод і пачынаяюць спяваць песні, пакуль не загарыцца купальскае кола і не ўпадзе слуп.

Сёння ў нас Купала
То-то-то
Не дзеўка агонь клала,
То-то-то
Сам Бог агонь раскладаў,
То-то-то
Ўсіх святых да сябе зваў
То-то-то

Звала Купала Іллю:
— Ты прыйдзі ка мне Ілля,
Ты прыдзі да Купальля.
— Няма часу, Купала,
Гэту ночку мне не спаць,
Трэба жыта пільнаваць,
Каб змяя не ламала,
Карэнне не капала.

Пасля гэтага пачынаюцца частаванне крупнікам і сырам, танцы пад дуду да самага ранку.

Кажуць, на сонцастаянне на світанні сонца нібы купаецца ў вадзе, такую з’яву можна назіраць толькі раз на год, таму і назва свята адпаведная.


Фота Насты Глушко